20 Мая, 2024 Понедельник

Вярнуцца дадому дапаможа "Анёл"

  • 09 января 2017 Общество Беларуская 0

    «Выйшаў з работы і перастаў выходзіць на сувязь», «пайшоў з дому ў невядомым кірунку і не вярнуўся» — гэтыя словы бачыў ці чуў кожны. Яны раз-пораз мільгаюць у міліцэйскіх зводках. Каля чатырох гадоў пошукам беларусаў, што прапалі без вестак,  займаюцца не толькі праваахоўныя органы, але і валанцёры пошукава-выратавальнага атрада «Анёл». Спачатку гэта была невялікая група энтузіястаў у сталіцы, а цяпер у яго радах тысячы аднадумцаў па ўсёй Беларусі. Ёсць такія і ў Маладзечанскім раёне.

    Андрэй Астроўскі курыруе работу валанцёраў грамадскага аб’яднання «Пошукава-выратавальны атрад «Анёл Паўночны Захад» у Маладзечне. Увогуле, валанцёры гатовы прыйсці на дапамогу людзям на тэрыторыі Смаргонскага, Ашмянскага і Вілейскага раёнаў.

    Прапаў без вестак

    Дзень, калі спіс арыенціровак «Анёла» і міліцэйскія зводкі не папаўняюцца, рэдкі. Знікае сувязь з тымі, хто паехаў працаваць за межы краіны, пайшоў у ягады ці грыбы і заблудзіўся, з пенсіянерамі і хворымі людзьмі, у якіх праблемы з памяццю. Падлеткі, якія пайшлі з дому або спецыяльнай установы, таксама ў ліку тых, хто прапаў без вестак. Вядома, ёсць і ахвяры злачынцаў.

    — Пошук звычайна пачынаецца з таго, што нам паведамляюць пра знікненне чалавека яго сваякі альбо тэлефануюць з міліцыі. Калі сігнал паступае ад сваякоў, мы ўсё роўна звязваемся з міліцыяй, каб выключыць верагоднасць крыміналу. Здаралася, што заяўнік рабіў чуллівы выгляд, а на самай справе проста замятаў сляды, — расказвае субяседнік.

    Трэба заўважыць, што зімой людзей знікае менш. Вясной і восенню ўплывае абвастрэнне псіхічных расстройстваў, летам – паходы ў лес, адпачынак на прыродзе.

    — У залежнасці ад таго, дзе і калі чалавека бачылі апошні раз, мы прымаем розныя меры: размяшчаем і распаўсюджваем лістоўкі ў сацыяльных сетках, аб’яўляем збор удзельнікаў для прачэсвання лесу ці выязджаем абследаваць вадаём, устанаўліваем і апытваем сведак. Чым хутчэй пачынаецца пошук — тым больш шанцаў на поспех, гэта даказана на практыцы, — адзначае Андрэй

    Па статыстыцы, у 2015 годзе ў Беларусі зафіксавана каля 800 чалавек, якія прапалі без вестак.

    Большасць удзельнікаў атрада маюць асноўнае месца працы. Пошук па гарачых слядах можа спатрэбіцца ў любы момант і любы дзень тыдня. Звычайна кіраўніцтва арганізацый ідзе насустрач.

    — Цяпер у атрадзе «Анёл Паўночны Захад» каля 30 пастаянных валанцёраў. Прыходзяць новыя — людзі розных узростаў і прафесій, якіх аб’яднала неабыякавасць да чужога гора. Хтосьці застаецца ў атрадзе пасля таго як шукаў разам з намі сваіх сваякоў. Бывала і такое: выпадковы чалавек даведваецца, што мы едзем на пошук, садзіцца ў машыну і едзе з намі, — гаворыць каардынатар атрада. — Некаторыя  пытаюцца, навошта нам гэта трэба, колькі плацяць і якія ўзнагароды? Ім нагадваю, што валанцёры — гэта людзі, якія добраахвотна займаюцца карыснай справай бясплатна і нічога не патрабуюць узамен. Лічу, што ніякія грошы і ўзнагароды не заменяць пачуцця, што дзякуючы табе ў людзей з’яўляецца надзея.

    Валанцёры «Анёл Паўночны Захад» не вядуць падрабязнай статыстыкі, аднак вядома, што з дапамогай атрада за тры гады існавання было знойдзена больш за 20 чалавек. За кожным выпадкам — слёзы, перажыванні, надзеі, радасць сваякоў і блізкіх.

    «Знойдзены. Загінуў»

    — Не заўсёды наша работа заканчваецца поспехам. Часам няма ніякіх зачэпак, і пошукі прыпыняюцца, пакуль не з’явіцца новая інфармацыя. Некаторыя сем’і прымаюць раптоўную страту і проста спыняюць спробы адшукаць роднага чалавека. Іншыя спадзяюцца з часам знайсці і пахаваць цела. А нехта чапляецца за нітачку надзеі на працягу доўгіх гадоў. Ведаю сям’ю ў Маладзечне, якая шукае сваю бабулю ўжо 6 гадоў, — расказвае Андрэй.

    Атрад не мае права распаўсюджваць падрабязнасці гібелі чалавека без дазволу сваякоў. Андрэй выказаў меркаванне, што гэтага рабіць не варта. Людзі часта не ўмеюць адэкватна ўспрыняць падобную інфармацыю, у сацыяльных сетках пачынаюцца плёткі, байкі, разважанні… Як гэта чытаць блізкім?

    Ва ўсім свеце людзей дапамагаюць шукаць валанцёры. У Расіі, напрыклад, адзін з вядомых пошукавых атрадаў — «Ліза Алерт» —  названы ў памяць пра 5-гадовую Лізу Фомкіну. У 2010 годзе дзяўчынка і яе цётка заблудзіліся ў лесе ў Падмаскоўі. Гэта былі святочныя дні, і большасць паліцэйскіх дзяжурыла ў Маскве. Тады ўпершыню група добраахвотнікаў пачала актыўна прачэсваць лес, распаўсюджваць інфармацыю, апытваць мясцовых жыхароў. Жанчыну і дзяўчынку знайшлі на дзясяты дзень пасля знікнення. Але Ліза была ўжо мёртвая, дапамога спазнілася. Тэрмін «Алерт» узяты ад назвы амерыканскай сістэмы па пошуку выкрадзеных дзяцей «Амбер Алерт». Адзін з яе законаў — імгненнае распаўсюджванне звестак.

    Дапамагчы можа кожны

    — Самы правераны спосаб распаўсюдзіць экстранную інфармацыю як мага хутчэй — інтэрнэт. Калі вы бачыце ў сваёй стужцы ў сацыяльнай сетцы ярка-чырвоную арыенціроўку нашага атрада, не ігнаруйце яе. Няма нічога больш простага, чым падзяліцца інфармацыяй з іншымі націскам адной кнопкі, — гаворыць Андрэй.

    Пошукава-выратавальны атрад — некамерцыйны праект. Грошы за дапамогу тут не бяруць, асноўныя выдаткі валанцёры нясуць самі або прымаюць у выглядзе ахвяраванняў. Шмат абсталявання для рыштунку пошукавых груп ужо закуплена, але акумулятары, бензін, расходныя матэрыялы для аргтэхнікі неабходныя пастаянна. Летам усе атрады праводзяць двухдзённыя вучэнні ў лесе і на вадзе, на што таксама патрэбныя грошы.

    — Далучыцца да добрай справы можа любы жадаючы: прапанаваць патрэбнае спецабсталяванне ці паперу, дапамагчы раздрукаваць або расклеіць арыенціроўкі, выехаць з намі на пошук або прыняць удзел у патруляванні, — гаворыць субяседнік. — А яшчэ можна проста ўважліва паглядзець вакол і ўбачыць чалавека, які згубіўся або трапіў у цяжкую сітуацыю. Многія з тых, хто прапаў, вяртаюцца дадому дзякуючы агульным намаганням ці нават выпадку. Мы чакаем неабыякавых людзей, шукаем кампаніі, якія гатовы стаць нашымі партнёрамі.

    Атрад «Анёл Паўночны Захад»: тэл. 8-044-7-948-948 (дзяжурны), 8-029-973-45-48, 8-025-684-82-56.

    Аб сваёй дзейнасці валанцёры імкнуцца расказваць жыхарам гарадоў Беларусі. Так, атрад «Паўночны Захад» удзельнічае ў штогадовым Міжнародным дні зніклых дзяцей, праводзіў семінар у рамках маладзёжнага фестывалю «Час жыць!» у Маладзечне, дабрачынныя «Вясёлыя старты» на карысць інвалідаў і пажылых людзей у Смаргоні, наведвае сацыяльныя дзіцячыя прытулкі. А нядаўна ў атрада з’явіўся новы кірунак работы — дрэсіроўка сабак. На думку дрэсіроўшчыка-зоапсіхолага, дзве аўчаркі і ратвейлер паказваюць добрыя вынікі і хутка жывёлы будуць дапамагаць валанцёрам.

    Калі ў 2013 годзе на Беларусь абрынуўся снежны ўраган «Хаўер», мноства людзей стыхія заспела знянацку. На старонку мінскага ПВА «Анёл» у сацыяльных сетках прыходзілі паведамленні накшталт: «стаім на МКАД, у машыне дзеці, заканчваецца паліва, патрэбная дапамога». У каментарыях адказ: «жыву за кіламетр ад вас, бяру чай, прадукты і выходжу. Ёсць магчымасць даць начлег». Па радыё зачытваліся паведамленні з кантактнымі тэлефонамі, каб людзі маглі атрымаць або аказаць дапамогу. «Анёл» тады дапамог многім, прычым усё адбывалася ў рэжыме рэальнага часу.

    У заканчэнні размовы Андрэй Астроўскі ад імя сваіх сяброў звярнуўся да чытачоў «Маладзечанскай газеты»: «Беражыце сваіх блізкіх! Праводзьце з імі больш часу, бо калі ўсе дома, жывыя і здаровыя — гэта шчасце».

    Автор: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)