28 Марта, 2024 Четверг

У краіне змяняюцца правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі

  • 10 января 2017 Общество Русский 0

    У краіне змяняюцца правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асноўныя новаўвядзенні: магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах, пашырэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ да двух гадоў, арганізацыя да трох рэзервовых дзён ЦТ. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Мы звярну-ліся да прадстаўнікоў вышэйшай школы, каб яны пракаментавалі нам гэтыя змены.

     Вельмі важнымі, але зусім не нечаканымі назваў новаўвядзенні ўступнай кампаніі рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

    — Увядзенне магчымасці для здачы чацвёртага дадатковага тэста цэнтралiзаванага тэсцiравання, як і пашырэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ да двух гадоў, абмяркоўвалася не адзін год, — кажа ён. — З такім пытаннем неаднаразова звярталіся самі абітурыенты і іх бацькі. Бо гэта дазволіла б пашырыць спіс спецыяльнасцей, на якія зможа прэтэндаваць абітурыент. І мы рады, што такія змены ўзаконены.

    Не менш важнай, на думку рэктара БДУ, для многіх хлопцаў і дзяўчат стане магчымасць здаць уступны экзамен, вядома, пры наяўнасці важкіх прычын, не ў адзін, а ў некалькі рэзервовых дзён.

    — У жыцці бываюць самыя розныя сітуацыі, — кажа Сяргей Абламейка. — Часам падводзіць здароўе, трэба прыняць удзел у важных спартыўных спаборніцтвах, наогул узнікаюць нейкія форс-мажорныя сітуацыі. Зараз у абітурыента будзе больш магчымасцей мякка і без стрэсу вырашыць праблемы, якiя ў яго ўзнiклi.

    Не менш доўгачаканым блокам стане ўвя-дзенне льгот пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці для профільных класаў педагагічнага напрамку, якіх, дарэчы, сёння ў краіне больш за сто. А менавіта гаворка ідзе пра тое, што для залічэння на дзённую бюджэтную форму атрымання вышэйшай педагагічнай адукацыі выпускнікам такіх класаў дастаткова будзе прайсці субяседаванне. Пры гэтым тэрмін абавязковай працы па размеркаванні складзе не менш за пяць гадоў.

    Новаўвядзенне больш чым своечасовае, бо ў гэтым годзе чакаецца першы выпуск — школы пакінуць каля 1,5 тысячы выпускнікоў педкласаў.

    — Мы рады, што ідэя стварэння педкласаў як важнага механізму для прыцягнення ў педагагічную прафесію, з аднаго боку, добра падрыхтаваных, з другога — матываваных хлопцаў і дзяўчат падтрымана на самым высокім узроўні, — кажа рэктар БДПУ імя Танка Аляксандр Жук. — Гэта будуць тыя, хто робіць асэнсаваны выбар. Бо яны яшчэ на ўзроўні школы выбралі педагагічны накірунак, а таксама праслухалі абавязковы факультатыў «Уводзіны ў педагагічны напрамак». Але самае галоўнае, мелі магчымасць праверыць сябе, ці валодаюць яны якасцямі, якія неабходныя для сучаснага педагога.

    Акрамя таго, Аляксандр Жук запэўніў: не трэба думаць, што магчымасць паступаць без іспытаў для выпускнікоў педкласаў — гэта, так бы мовіць, «зялёны калідор» для ўсіх жадаючых.

    — Паступіць у педклас або вучыцца там няпроста, — кажа ён. — Школьнікі тут, як і ў іншых профільных класах, на паглыбленым узроўні вывучаюць два прадметы. Акрамя таго, у іх павінны быць высокія адзнакі — па ўсіх прадметах не ніжэй за сем, а па про-фільных — не ніжэй за восем балаў. Абавязковай будзе таксама характарыстыка-рэкамендацыя ад педсавета школы, інакш кажучы, адказнасць на сябе за якасць будучага педагога возьме і ўстанова адукацыі.

    Акрамя таго, новыя правілы прыёму ўраўнуюць умовы конкурсу пры паступленнi на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі. Тыя, хто паступае на скарочаны курс ва ўстановы вышэйшай адукацыі ўсіх профіляў, здадуць два ўступныя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія вызначыць прыёмная камісія самой ВНУ.

     

    Автор: АРТЕАГА Вера МихайловнаРэспубліка

Комментарии (0)