23 Апреля, 2024 Вторник

Каб дзіцячы садок стаў казкай для малышоў

  • 13 января 2017 Общество Беларуская 0

    Рана ці позна для маленькіх дзетак надыходзіць час вылецець з-пад крылаў мамы і таты — ісці ў дзіцячы садок. Для малых адаптацыя да дашкольнай установы спалучана з пэўнымі цяжкасцямі — мяняецца рэжым дня, трэба шмат часу праводзіць удалечыні ад родных, дадаюцца новыя патрабаванні да паводзінаў, пашыраецца кола зносін. Кожнае дзіцяці прывыкае да новага ладу жыцця па-свойму. Як зрабіць так, каб перыяд адаптацыі прайшоў як мага больш спрыяльна? Наконт гэтага — наша размова з намеснікам загадчыка ясляў-садка №4 г.Кіраўска Вікторыяй ІВАНІЦКАЙ. Яна, як маці, педагог, які 10 гадоў працуе з маленькімі дзецьмі менавіта па пытаннях адаптацыі да дашкольнай установы, ведае, з чаго пачынаць і як не памыліцца.

    — Вікторыя Віктараўна, у якім узросце дзіцяці найбольш лёгка адапціруецца да садка?

    — Вядома, у 2 — 3 гады. Чым пазней аддаваць малыша ў дзіцячы садок, тым яму складаней.

    — Ці ўплывае пара года на адаптацыю?

    — Безумоўна, лепшы час для знаёмства з дзіцячым садком — лета і восень, калі няма вірусных эпідэмій. У перыяд адаптацыі і псіхалагічны, і фізічны стан у малыша паслаблены, да таго ж павялічваецца колькасць новых кантактаў, з’яўляецца рызыка захварэць. Таму, пакуль сфарміруецца новы імунітэт, лепш, каб было цёпла на двары.

    — Бывае, што да паступлення ў дзіцячы садок малыш амаль нічым не хварэў, а як пачаў наведваць установу, хваробы пасыпаліся адна за другой. Гэта таксама варыянт адаптацыі?

    — Так, гэта можа быць напрамую звязана з прывыканнем да іншага ладу жыцця, новых зносін. Усё ж, адаптацыя — стрэс, прычым не толькі для малога, але і для бацькоў.

    — Як падрыхтавацца да паступлення ў дашкольную ўстанову дзецям, іх мамам і татам?

    — Першае, што раю, — пашырыць кола зносін будучага садкоўца. Каб малы быў не толькі побач з бацькамі, але пэўны час праводзіў з бабулямі і дзядулямі, іншымі роднымі, сябрамі і знаёмымі сям’і. Калі да паступлення ў садок дзіцяці пастаянна знаходзілася дома з маці, вядома ж, яму будзе значна цяжэй уліцца ў новае кола зносін.

    Да наведвання садка трэба паспрабаваць дома прыблізна наладзіць рэжым дня, які адпавядае той установе, у якую вы збіраецеся ісці: час снедання і абеду, сну, прагулак. Гэты распарадак можна высветліць непасрэдна ў садку, на сайтах устаноў.

    Бывае, што малыш прыходзіць у садок і пры гэтым яшчэ п’е малачко з дзіцячай бутэлькі. Безумоўна, яму будзе цяжэй. Таму матулі трэба пастарацца адвучыць яго ад бутэлькі.

    Пажадана, каб малы меў вопыт хадзіць у туалет, прасіцца на гаршочак.

    Па маім назіранні, лёгкасць ці цяжкасць адаптацыі залежаць у большасці ад таго, як было падрыхтавана дзіцяці да новага ладу жыцця напярэдадні.

    Добра будзе, калі дарослыя разам з малымі перад паступленнем у садок наведаюць адаптацыйную групу.

    Бацькам, асабліва матулям, таксама трэба падрыхтаваць сябе да таго, што хутка яе любімы сын ці дачка большую частку часу будуць праводзіць не дома. Трэба запланаваць, чым можна сябе заняць, парадаваць на перыяд, пакуль малы будзе ў садку: заняцца хатнімі справамі, рукадзеллем, шопінгам і г.д. Тады жанчыне не будзе калі пастаянна думаць, як там яе крывіначка, і тым самым парушаць свой спакой, і нерваваць дзіцяці, бо, вядома ж, наколькі моцная душэўная сувязь паміж мамай і малым.

    Варта пакінуць выхавальніку нумар свайго тэлефона, расказаць як мага больш аб дзіцяці, яго асаблівасцях.

    — У першыя дні, тыдні наведвання дашкольнай дзіцячай установы, калі ўвечары ўся сям’я збіраецца дома, як паводзіць сябе з малым?

    — Абавязкова цікавіцца ў яго, як прайшоў дзень у садку, чым займаліся, пытацца аб праблемах, што спадабалася, што не. Маці трэба часцей абдымаць дзіцяці, цалаваць, каб тое ведала, што яно па-ранейшаму побач і яго любяць.

    — На Ваш погляд, якія памылкі часцей за ўсё бацькі дапускаюць пры адаптацыі?

    — Паддаюцца на слёзы сына ці дачкі. Бывае цяжка вызначыць мяжу паміж сапраўднымі слязьмі і звычайнымі капрызамі, якім малы спрабуе маніпуліраваць дарослымі. Таму, калі дзіцяці пастаянна плача, бацькам трэба наладзіць цесны кантакт з педагогам і запасціся цярплівасцю. Па маім вопыце, падчас адаптацыі плачуць амаль усе дзеткі. Хтосьці адразу, хтосьці пазней, трэба ставіцца да гэтага спакойна.

    Калі раніцай пакідаеце сына ці дачку ў садку, запэўнівайце, што ўвечары абавязкова забярэце. Трэба гэта растлумачываць, каб малое не адчувала сябе пакінутым.

    — У вашай дашкольнай дзіцячай установе ёсць асаблівасці адаптацыі?

    — З 2013 года мы за-прашаем будучых садкоўцаў займацца ў адаптацыйных групах. Назіраем, што з кожным годам жадаючых наведваць іх становіцца больш. Працуюць такія групы на працягу двух тыдняў, у ліпені. На гэты час малыш прыходзіць у садок на дзве гадзіны і займаецца там разам з маці альбо бацькам, бабуляй, дзядулям. Такім чынам, пры знаёмстве з дашкольнай установай ён не застаецца адзін, побач — падтрымка блізкіх.

    Пакуль дзеткі займаюцца з выхавальнікамі, для бацькоў наладжваюцца кансультацыі, гутаркі з адміністрацыямі ўстановы, медсястрой, адпаведнымі спецыялістамі.

    Акрамя таго, калі бацькі выступаюць не звычайнымі назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі працэсу, яны маюць магчымасць пераняць педагагічны вопыт зносінаў з дзецьмі і выкарыстоў-ваць яго ў хатніх умовах.

    Як паказвае практыка, дзеткі, якія наведвалі адаптацыйную групу, значна лягчэй прывыкаюць да новага ладу жыцця.

    Паспяховая адаптацыя заснавана на ўважлівым стаўленні бацькоў да сына ці дачкі, цесным кантакце паміж імі і выхавальнікамі, падчас якога кожны з бакоў уносіць уклад у развіццё асобы дзіцяці.

    Гутарыла Яўгенія БЯЛЬКО.

    Автор: Яўгенія БЯЛЬКОКіравец

Комментарии (0)