05 Мая, 2024 Воскресенье

Славянафіл з Краіны Баскаў

  • 25 января 2017 Общество Русский 0

    Чуць беларускую мову ў паўсядзённых зносінах даводзіцца нячаста. Так ёсць людзі, якія не змяняюць сваім прынцыпам і заўсёды размаўляюць па-беларуску, але іх у разы менш, чым рускамоўных. Вось чаму асабліва дзіўна слухаць беларускую гаворку ад іншаземца, але і такое здараецца. Яркі прыклад – Андрусь Такінданг, музыкант, паэт і тэлевядучы афрыканскага паходжання, які свабодна размаўляе па-беларуску. Аказваецца, Андрусь не адзіны ў сваім родзе.

    Іспанец Крысціян Рансэра – ураджэнец Краіны Баскаў, аўтаномнай супольнасці на поўначы Іспаніі. Беларусь ен упершыню наведаў у 2009 годзе, тады яму было 19 гадоў – хлопец атрымаў стыпендыю на курсы ў рускамоўнай краіне і прыехаў вучыцца ў Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт. “Пабываўшы тут упершыню, нібы адчуў роднасную сувязь з Беларуссю. Захацелася бліжэй пазнаёміцца і з людзьмі, і з іх культурай, з беларускай мовай”, – успамінае Крысціян.

    Праз тры гады, скончыўшы вучыцца на перакладчыка з французскай і рускай моў, хлопец паступіў у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на спецыяльнасць “Беларуская філалогія”. Правучыўшыся ўсяго год, Крысціян загаварыў па-беларуску. “На той момант я мог свабодна выказваць свае думкі, чытаць і па-руску, і па-беларуску. Я поўнасцю пагрузіўся ў абсалютна новую для мяне культуру. Словы на кірыліцы запаміналіся хутка дзякуючы паўсюдным шыльдам. Чытаў газеты, артыкулы ў вучэбнай літаратуры на беларускай мове. Спачатку было складана, але толькі ў першыя месяцы”, – расказаў Крысціян. Дарэчы, па-беларуску ён гаворыць на дзіва чыста – не ў кожнага карэннага беларуса так атрымаецца. Калі слухаеш яго, разумееш: руплівасць, настойлівасць і цікаўнасць здольны тварыць цуды.

    Сваю зацікаўленасць беларускай культурай хлопец праз час вырашыў перанесці на новы ўзровень. Паступіўшы ў аспірантуру англійскага Універсітэта Сурэя, ён пачаў працаваць над доктарскай дысертацыяй “Марфалогія і фаналогія заходнепалескіх гаворак”. Знайсці навуковых кіраўнікоў Крысціяну было няпроста: ён выбраў вузкаскіраваную тэму, і кансультаваць па ёй павінны былі людзі, якія ведаюць ў тонкасці ўсходнеславянскай лінгвістыкі. Для Крысціяна імі сталі выкладчыкі цэнтра марфалогіі Універсітэта Сурэя Мэцью Баерман і Грэвіль Корбет.

    “Фронт” работы па тэме ў захопленага беларускім словам іспанца быў шырокім, цікавым і шматабяцальным: на працягу ўсяго 2016 года хлопец працаваў у архівах і, што аказалася самым незабыўным для яго, ездзіў па палескіх весках. Каб з галавой акунуцца ў сваю тэму, Крысціян вырашыў не адсіжвацца за вывучэннем літаратуры, а даведвацца пра ўсё “знутры” – праз зносіны з рэальнымі носьбітамі палескай гаворкі, праз іх быт і традыцыі. “Чаму менавіта Палессе? Калі вучыўся ў Брэсце, мне спадабаліся дысцыпліны “Славянскі фальклор” і “Фалькларыстыка”. Выкладчыкі расказвалі пра традыцыі і звычаі беларусаў, і амаль заўсёды размова ішла пра Палессе. З таго часу гэты рэгіён стаў асацыявацца ў мяне з нечым асаблівым – ён нібы сховішча нацыянальнага каларыту і самабытнасці беларусаў. Мне захацелася пазнаёміцца з Палессем бліжэй”, – расказаў Крысціян.

    Беларускія вескі, а дакладней – іх жыхары, сталі для іспанца сапраўдным адкрыццём. Падчас сваёй навуковай экспедыцыі Крысціян пабываў у вёсцы Татар’я і ў аграгарадку Імянін Драгічынскага раёна, у вёсцы Жытча на Піншчыне, у Багданаўцы на Лунінеччыне і ў вёсцы Гарадная, што на Століншчыне. У кожным населеным пункце хлопец праводзіў па некалькі тыдняў, з жыллём дапамагалі чулыя і добрыя палешукі. “Людзі на Палессі гасцінныя і бязмерна шчодрыя”, – дзеліцца ўражаннямі Крысціян.

    У першыя дні сваіх візітаў у вёскі іспанец знаёміўся з мясцовымі жыхарамі, наладжваў быт, пасля ж прыступаў да працы: штодзённа гутарыў з носьбітамі палескай гаворкі, запісваў размовы на відэакамеру і дыктафон, даследаваў лексічныя, марфалагічныя і фанетычныя асаблівасці мовы палешукоў. Спачатку мясцовыя жыхары з насцярожанасцю і здзіўленнем рэагавалі на цікаўнага іншаземца, а пасля ахвотна ўключаліся ў яго даследаванне, дзяліліся з хлопцам каштоўным для яго матэрыялам: спявалі народныя песні, расказвалі казкі, паданні, а таксама далучалі яго да фізічнай працы – вучылі працаваць у полі, пячы пірагі…У сваім электронным дзённіку (westpolesian.wordpress.com) малады даследчык дзеліцца сваімі займальнымі фальклорнымі і лінгвістычнымі знаходкамі. Тут можна пачуць папулярную ў вёсцы Багданаўка народную песню пра каханне ў выкананні Яўгеніі Мелюх, прайсці майстар-клас па вырабе Каляднай зоркі ад мясцовага майстра, а таксама навучыцца вышываць нацыянальныя ўзоры. Кожнае відэа Крысціян суправаджае сваім бачаннем народных традыцый і звычаяў.

    Рэчы і з’явы, звыклыя і зразумелыя для нас, Крысціяну бачацца абсалютна новымі і вартымі захаплення. Так, для хлопца дзіўна было даведацца, што вясной беларусы пачынаюць “паляванне” на бярозавы сок: чытачам свайго дзённіка іспанец прапанаваў не толькі фотаінструкцыю па яго здабычы, але і рэцэпт яго прыгатавання. У захапленні Крысціян быў і ад беларускіх страў: шчаўевы суп, тварог, сырнікі спадабаліся іншаземцу не толькі ў лінгвістычным плане – назвы ўсіх страў Крысціян занатоўваў – але і сваім смакам. Жыхары кожнай з вёсак у гэтым плане не пераставалі здзіўляць іспанца. “У Жытчы Пінскага раёна мяне частавалі пярловай кашай са шкваркамі ў гліняным гаршочку – гаспадыня сказала, што ў іх гэта страва жартаўліва завецца “перлотта”, – расказвае Крысціян.

    Насычаныя зносіны з рознымі носьбітамі мовы – са старажыламі і моладдзю, работнікамі сельскай гаспадаркі і настаўнікамі, бібліятэкарамі і хатнімі гаспадынямі – дазволілі маладому навукоўцу даследаваць палескую гаворку ва ўсёй яе разнастайнасці і глыбіні. Падчас сваёй экспедыцыі Крысціян “раздабыў” лексіку, з якой знаёмы не кожны беларус. Менавіта тут, на Палессі, даследчык з Іспаніі ўпершыню пачуў, што сэндвіч некаторыя палешукі называюць “пасыпанцам”, буякі – “лухачамі”, штаны – “нагавіцамі”, настаўніцу – “чытэлькай”. “Мова жыхароў брэсцка-пінскага Палесся захавала архаіку заходнепалескай гаворкі ў цэлым. У гэтым рэгіёне можна паслухаць старажылаў, якія выкарыстоўваюць моўныя абароты, характэрныя для XII – XIII стагоддзяў”, – тлумачыць Крысціян. 

    Дысертацыя іспанца аб палескай гаворцы – праца ўнікальная і актуальная не толькі для еўрапейскай навуковай супольнасці, але і для беларускіх вучоных. Крысціян расказаў, што даследаванне не было для яго проста нуднай нецікавай працай, якая забудзецца праз некалькі месяцаў. Вандроўкі па Палессі сталі для іспанца незабыўнай прыгодай, яркім праектам, галоўныя героі якога – на першы погляд, звычайныя, аднак, як аказалася, бязмерна таленавітыя палешукі. “Ганна і Сцяпан Мелюх, Вольга Кавалевіч, Васіль Савіч, Іван Ярмольчык… Яны сапраўдныя героі гэтага праекта. Без іх мае даследаванні былі б немагчымымі. Шчыра дзякую!” – успамінае сваіх праваднікоў па палескай глыбінцы Крысціян.

    Нягледзячы на тое, што па завяршэнні даследавання яму прыйшлося пакінуць сінявокую – Крысціян адправіўся ў Вялікабрытанію апрацоўваць сабраныя дадзеныя – пра свае будучыя  візіты ў Беларусь ён гаворыць як пра тое, што само сабой разумеецца. “Тут я навучыўся жыць мерна, атрымліваць асалоду ад кожнай хвілінкі свайго існавання. Цяпер у мяне з’явілася яшчэ больш падстаў вярнуцца ў Беларусь – столькі новых сяброў набыў! Ды і пра культуру беларусаў, здаецца, можна напісаць яшчэ не адну доктарскую”, – упэўнены малады навукоўца.     

    Автор: Юлія АЛЯШЧЭНЯЗаря

Комментарии (0)