26 Апреля, 2024 Пятница

Найбольш праблем ствараюць жанчыны

  • 25 января 2017 Общество Беларуская 0

    На сённяшні дзень каля 90 жыхароў раёна з’яўляюцца абавязанымі асобамі, – нагадаем, гэта тыя грамадзяне, хто павінен пакрываць расходы, што нясе дзяржава на выхаванне іх дзяцей. Кожны з гэтых асоб з дапамогай дзяржаўных органаў працаўладкаваны, мае магчымасць зарабляць, каб стабільна зніжалася сума запазычанасці, каб заставаліся грошы на пражыванне.

    Карэспандэнт “ІВ” сустрэўся з Андрэем Хвайніцкім, намеснікам начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС, пацікавіўся, ці з’яўляецца законапаслухмяным гэты кантынгент грамадзян? У мінулыя гады шмат скаргаў і нараканняў паступала, на тое, што абавязаныя асобы не жадаюць працаваць, “сябруюць” з прагуламі і алкаголем, хаваюцца ад міліцыі…

    – З таго часу змянілася многае, і змянілася ў лепшы бок. Пра гэта найбольш красамоўна гавораць лічбы: калі ў 2014-м годзе было зафіксавана 2 108 прагулаў абавязанымі асобамі, то ў 2016-м – 791, як бачыце, за два гады змяншэнне больш, чым у два разы. Змены ў заканадаўстве, якія былі накіраваныя на тое, каб наступствы прагулаў сталі больш жорсткімі, прынеслі плён.

    – Якія змены ў заканадаўстве Вы маеце на ўвазе?

    – Да студзеня 2015 года абавязаная асоба працавала, так бы мовіць, у курортным рэжыме, бо міліцыянер нёс поўную адказнасць за знаходжанне такога работніка на аб’екце, а калі ён не выходзіў на работу, то міліцыянер павінен быў знайсці і ледзь не на ўласным транспарце даставіць яго на працоўнае месца. Пры гэтым такі грамадзянін амаль нічым не рызыкаваў. Атрымлівалася, што хтосьці хадзіў пастаянна на работу, а хтосьці – як уздумаецца. Але ў студзені 2015 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь №241, які ўнёс шэраг змен у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы… І сітуацыя змянілася значна. Калі абавязаная асоба па няўважлівай прычыне не выходзіць на работу, то на наступны дзень гэты работнік падвяргаецца адміністрацыйнай адказнасці – арышт (да 15 сутак). Спачатку не кожны зразумеў, што жартаваць ніхто не збіраецца, але пасля таго, як дзясятак-другі з ліку абавязаных асоб быў арыштаваны, трапіў “на суткі”, то мадэль паводзінаў вельмі многіх змянілася. Арышт не вызваляе ад асноўнай работы: калі такі грамадзянін трапіў у ізалятар часовага ўтрымання, то на наступны дзень яго дастаўляюць або на працоўнае месца, або на палігон для цвёрдых бытавых адходаў у Міхнавічах, а пасля работы – зноў у камеру.

    Ёсць яшчэ адна дзейсная мера – накіраванне абавязаных асоб, хто дапускае прагулы, у лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП). У апошнія гады многія з ліку тых, хто “гарэзіў”, трапіў у ЛПП. Усё гэта ўплывае на сітуацыю так, што людзі сталі разумець: працаваць трэба шчыра, сумленна.

    – Нехта скажа, сёння работу знайсці цяжка, а абавязаных асоб уладкоўваюць дзяржаўныя органы…

    – Сапраўды, сярод абавязаных асоб ёсць людзі, хто ўжо непакоіцца, што можа страціць някепскую работу. Плаціць засталося месяц-другі, яны стануць звычайнымі работнікамі, кім перастане цікавіцца міліцыя. У выпадку прагула іх могуць звольніць, як любога іншага. А ёсць і такія, хто змог зарабіць і ў ЛПП, бо ў такой установе добры заробак і, як вынік, сур’ёзная кампенсацыя расходаў. Некаторыя вярталіся адтуль з пагашанай запазычанасцю. Не паверыце, але ёсць такія, хто добрым словам узгадвае ЛПП, хаця, канешне, такіх людзей адзінкі.

    – Тым не меней, прагулы здараюцца. Чаму? Які сярэдні партрэт прагульшчыка?

    – У асноўным, праблемы ствараюць жанчыны; іх, дарэчы, крыху больш за палову з ліку ўсіх абавязаных асоб. Каб не быць галаслоўным, прывяду лічбы. З 23 абавязаных, хто дапусціў прагулы ў 2016-м годзе, толькі двое мужчын, астатнія – жанчыны. Дарэчы, сярод мужчын ёсць і такія, хто працуе ў Расіі і рэгулярна аплачвае расходы – да іх у нас прэтэнзій амаль не бывае. А вось з жанчынамі цяжэй, бо сярод іх нямала такіх, хто моцна апусціўся і не мае сілы волі, каб утрымацца, калі з’явілася магчымасць выпіць. У гэтым сэнсе святочныя дні для нас – цяжкія дні, бо менавіта пасля святаў – у тым ліку і навагодніх, – найчасцей здараюцца прагулы. Калі святы прайшлі, жыццё ўвайшло ў звычайную каляіну, то і прагулаў становіцца менш.  


    Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.

    Автор: Аляксандр ГОРБАЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)