23 Апреля, 2024 Вторник

У пошуку новых падыходаў

  • 26 января 2017 Общество Беларуская 0

    З сістэмай адукацыі Слуцкага раёна Міністр азнаёміўся на прыкладзе Гацукоўскай сярэдняй школы, дзіцячага сада №4 і Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Міністр наведаў таксама Мінскае абласное кадэцкае вучылішча.

    У Гацукоўскай сярэдняй школе Ігар Васільевіч Карпенка  ўдзяліў увагу арганізацыі адукацыйнага працэса, шостага школьнага дня, метадычнаму і інфармацыйнаму забеспячэнню ўстановы. Адбылася сустрэча з  настаўнікамі, падчас якой абмеркавалі праблемы невялікіх сельскіх школ, пытанні профільнага навучання, працоўнага выхавання і іншыя актуальныя пытанні сістэмы адукацыі.

    Міністр адукацыі падпісаў  загад пра новыя формы работы ў шосты школьны дзень. У суботу з дзецьмі і бацькамі павінны працаваць не толькі класныя кіраўнікі і спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Як патлумачыў журналістам Ігар Васільевіч Карпенка, у шосты школьны дзень плануецца праводзіць кансультацыі па вучэбных прадметах для  вучняў і бацькоў. Напрыклад, факультатыўныя  заняткі для старшакласнікаў па суботах разгрузяць іх вучэбны тыдзень. У тым ліку ў шосты дзень можна арганізоўваць мерапрыемствы прадметных тыдняў, навукова-практычныя канферэнцыі, інтэлектуальныя конкурсы і іншае. 

    Новы загад прадугледжвае выкарыстанне шостага школьнага дня для вырашэння пытанняў працоўнага навучання і ўзаемадзеяння сярэдняй школы з установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, каб выкарыстоўваць магчымасці ліцэяў і каледжаў у навучанні школьнікаў навыкам той ці іншай прафесіі. На базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца правядзенне майстар-класаў, арганізацыя працоўных майстэрняў. Набытыя вучнямі веды і ўменні ў любым выпадку будуць карыснымі ў жыцці, лічыць Ігар Васільевіч Карпенка.

    Міністр падкрэсліў, што канкрэтныя мерапрыемствы для правядзення шостага школьнага дня – у кампетэнцыі ўстаноў адукацыі. Пра праграму шостага дня трэба інфармаваць бацькоў, каб і яны актыўна ўключаліся ва ўзаемадзеянне.

     У дзіцячым садзе №4 г. Слуцка Ігар Васільевіч Карпенка наведаў заняткі ў басейне, спартыўнай зале, у групе, якая працуе па праграме Мантэсоры. Адзначыў рацыянальнае выкарыстанне прасторы, добрую матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. У музычнай зале гасцей віталі выхаванцы сада.

    У Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы Міністр адукацыі азнаёміўся з умовамі навучання і пражывання курсантаў. Пасля экскурсіі па вучылішчы прайшла сустрэча з адзінаццацікласнікамі, падчас якой кадэты актыўна задавалі пытанні. Гаварылі пра здаровы лад жыцця, заняткі спортам, ролю службы ў арміі, карыстанне сацыяльнымі сеткамі. Ігар Васільевіч Карпенка, адказваючы на адно з пытанняў, адзначыў, што ў МАКВ створаны найлепшыя ўмовы для навучэнцаў, таму яны не павінны падвесці сваіх бацькоў, педагогаў, дзяржаву, якія ўкладваюць у іх навучанне і выхаванне сілы і сродкі.

    У Слуцкім дзяржаўным каледжы Міністру адукацыі прадставілі сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў, паказалі кулінарную майстэрню «Справа смаку» і рэсурсны цэнтр, дзе па суботах праводзяць майстар-класы для вучняў школ, этнаграфічную майстэрню і зімовы сад, азнаёмілі з умовамі пражывання ў інтэрнаце.

    Падчас наведвання ўстаноў адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка цікавіўся планамі навучэнцаў на будучыню, не раз падкрэсліваў, што для дасягнення добрых вынікаў неабходна быць матываванымі і многа працаваць.

    Автор: Ірына МІРГАРАДАВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)