25 Апреля, 2024 Четверг

Рызыкоўныя гульні для дарослых

  • 27 января 2017 Общество Беларуская 0

    Нечаканае прызнанне аднаго паляўнічага прымусіла майго сябра раптоўна задумацца: колькасць паляўнічых у раёне скарацілася, усё меней новых жадаючых бавіць час адвечным мужчынскім заняткам – паляваннем. І адказ на пытанне “чаму” ляжыць на паверхні: неабходныя азарт, адрэналін і добры настрой прыходзяць ва ўтульныя кватэры самі – праз інтэрнэт. Сёння мы будзем гаварыць пра дарослыя гульні, тыя, дзе і азарт, і адрэналін, і – немалыя грошы.

    Напачатку аб адным крымінальным здарэнні. У Гродне была затрымана маладая і вельмі прывабная жанчына, яна абвінавачваецца ў махлярстве. У многім дзякуючы сваёй прывабнасці, ёй у розных людзей удалося разжывіцца на суму, эквівалентную амаль 40 тысячам еўра. Яна быццам пазычала, недзе і прымітыўна крала, не збіраючыся, канешне, вяртаць. Дык вось, калі міліцыя прыехала да яе з вобыскам, выявілася, што ў жанчыны няма грошай, няма нічога і з маёмасці такога, што можна б было апісаць, а пасля канфіскаваць для пакрыцця нанесенай шкоды пацярпелым. Дзе падзеліся грошы? Прайграла ў казіно…

    “Аднарукія бандыты”

    Такое трапнае прозвішча атрымалі першыя гульнявыя аўтаматы. Збоку да іх быў прымацаваны рычаг, які трэба было націснуць, каб крутнуць дыск, пасля таго, як кінеш манету. Круціўся дыск, спыняўся – і тут выйгрыш залежыў ад выпаўшых карцінак… Гэта – адзін з самых распаўсюджаных аўтаматаў. Матэматычна даказана, што пры вялікай колькасці сеансаў гульні, аўтамат, што называецца, застаецца пры сваіх, плюс мае невялікі выйгрыш. Але то аўтамат. І значыць, кожны нечы магчымы выйгрыш – гэта нечы пройгрыш.

    Менавіта аўтаматы абвінавачваюць у тым, што яны распаўсюдзілі сярод людзей такую хваробу, як гульняманія. Але то дарэмнае абвінавачванне. Гульні на грошы вядомыя са старажытных вякоў. І гульняманія, як менавіта хвароба дастаткова вядомая – згадаем хоць таленавіцейшага Дастаеўскага, які прайграваўся так, што закладваў апошняе адзенне…

    На сённяшні час гульняманія прызнаная захворваннем нараўне з іншымі маніямі, на яе звернута ўвага, і непакой яна выклікае ва ўсіх краінах. Бо наступствы яе вельмі непрыемныя: чалавек цалкам страчвае кантроль над сваімі паводзінамі і прайграе ўсё. Прага адыграцца, вера ў блізкі выйгрыш штурхаюць залежнага ад гульні на самыя розныя ўчынкі: падман, махлярства, крадзеж – пра што ў самым пачатку артыкула.

    І вось, ведаючы пра такія наступствы, тым не менш, ні ў адной цывілізаванай краіне забароны на азартныя гульні няма.

    Латарэі, букмекерскія канторы (калі гуляюць на ўгадванне вынікаў спартыўных спаборніцтваў), казіно – спадарожнікі нашага жыцця. Чаму не забараніць?

    Таму што любая забарона прывядзе да сыходу гэтых гульняў ў падполле, іх крыміналізацыю. Самым разумным застаецца легалізаваць іх, кантраляваць, атрымліваць ад кампаній-арганізатараў даходы ў выглядзе падаткаў. Зрэшты, і гулец, які выйграў, чаму не павінен заплаціць дзяржаве невялікі падатак ад атрыманага прыбытку? Гэтыя цывілізаваныя рамкі, як паказвае практыка, уздзейнічаюць у асноўным добра і на саміх гульцоў.

    Наша “казіно”

    У Івацэвічах ёсць невялікі па сваіх магчымасцях гульнявы клуб, дзе ўстаноўлены тыя самыя “аднарукія бандыты”. Час імкліва мяняецца, сёння ў аўтаматаў няма рычагоў, не трэба кідаць манеты. Стаўкі робяцца на камп’ютары, дакладней, ігрок кладзе пэўную суму, на якую гуляе.

    І ў гэтым некалькі дакладных плюсаў.

    Па-першае, перш чым пачаць гуляць, ігрок павінен прад’явіць пашпарт. Не толькі каб даказаць, што ён паўналетні (а непаўналетнім сюды нельга). Прозвішча іграка правяраецца па адзінай базе – ці не ў забароне ён. А такая база на сёння ў нас створаная. Забарону на гульню могуць накласці як адпаведныя органы, так і сам ігрок (бывае, і пад ціскам ці кантролем маці, жонкі). Піша заяву, у якой указвае, на які тэрмін просіць сам (!) не пускаць яго да гульняў. Прозвішча ў базе – і нідзе ў межах Беларусі ён да гульняў дапушчаны не будзе.

    Па-другое, кожны аўтамат мае сістэму кантролю, кожная капейка літаральна ўлічваецца адпаведнымі органамі. Так што ёсць падставы казаць, што гульнявы бізнес – адзін з самых празрыстых. З кожнага выйгрышу ігрок плаціць падатак дзяржаве – гэта улічваецца аўтаматычна з выйгрышу.

    Што тычыцца самога клуба, то ён належыць таварыству з абмежаванай адказнасцю “РуКол” (г. Гродна). Стаўка падаткаў на такі занятак (гульнявы бізнес) – фіксіраваная, залежыць ад колькасці аўтаматаў. Ад клуба ў Івацэвічах паступае каля трох тысяч рублёў падатку ў бюджэт. Ну, і астатнія неабходныя выплаты робяцца. Заўважыць трэба і тое, што ў клубе працуюць трое дзяўчат, маюць не самую благую для райцэнтра заработную плату, належны сацыяльны пакет.

    Карацей, з гэтага боку – плюсы.

    А мінусаў няма?

    Ёсць, канешне. І найперш выпадкі, калі нехта з гульцоў губляў над сабой кантроль. Былі тут і слёзы мацярок-жанок, былі праклёны, былі патрабаванні аб закрыцці.

    Зачыніць гульнявы клуб (і пазбавіць работы чатырох жанчын, пэўнай сумы з бюджэту) – справа няхітрая. Але мы павінны разумець, што нават калі зачыніць усе клубы па краіне, гульня не перастане існаваць. Паедуць за мяжу, будуць арганізоўвацца падпольныя казіно (што сёння мае Масква пасля забароны казіно ў сталіцы і вынясення яго на перыферыю). Пачнецца тое, што завецца крыміналізацыяй бізнесу.

    Дарэчы, як казаў кіраўнік ТАА “КуКол”, напачатку яго вельмі непакоіў менавіта гэты складнік у нашых Івацэвічах: сярод ігракоў іншым разам валадарыў блізкі да крымінальнага дух, са стварэннем адпаведнай атмасферы пры гульні. Здаралася нямала выклікаў міліцыі (клуб мае “трывожную кнопку”), многа было прыкладзена намаганняў, каб цывілізаваць, акультурыць атмасферу гульні. Зрухі прыкметныя…

    Зараз мяне можна ўпікнуць у тым, што я занадта мякка стаўлюся да гэтага клуба. І гэта сапраўды так: я за тое, каб такія клубы былі.

    Бо куды большая небяспека і для чалавека, і для грамадства, гэта іншыя клубы. Камп’ютарныя.

    Сеціва запрашае  ласкава ў казіно…

    Калі зірнуць больш уважліва, дык мусім прызнацца: у сеціве сёння рэальна жыць. Так, без перабольшвання. Не выходзячы з дому, сёння можна працаваць, заказваць ежу і неабходныя рэчы з дастаўкай, атрымліваць зарплату, аплачваць крэдыты і камунальныя паслугі… І, бадай, адзін з самых вялікіх сегментаў сеціва – забаўляльны. Любое кіно і музыка, мульцікі, гульні. І, канешне, віртуальныя казіно. Дзе грошы, тым не менш, самыя рэальныя.

    Паколькі сеціва не ведае межаў, то тыя казіно могуць належаць уладальніку любой краіны. Як правіла, зарэгістраваны яны ў тых месцах, дзе патрабуецца найменш плаціць падаткі. Азартныя гульні вельмі розняцца: можна гуляць з праграмай, але ўсё больш, асабліва з развіццём хуткаснага інтэрнэту, гуляюць ігракі між сабой. Заманьванне ідзе ад самага пачатку з шырокіх жэстаў: вось табе ў падарунак 50 долараў – пачынай гуляць, вяртаць не трэба…

    Калі рэальныя ігракі ля гульнявых рэальных аўтаматаў не сцерпяць побач падказак і ніхто ім не дае парадаў (ды яны і не пытаюцца), то для сеціўных гульняў існуе безліч нібыта інструкцый і парад: як гуляць, каб абавязкова выйграць. Нешта бясплатна, а нешта – за невялікія грошы… Ёсць нібыта 100-працэнтныя варыянты гульні, каб абыграць знакамітую рулетку.

    І вераць многія, асабліва падлеткі і маладыя людзі. Сеціўныя казіно сталіся бічом для шэрагу развітых краін, асабліва датычна моладзі. А што ж, сын ці дачка дома, ў сваім пакоі, не бадзяецца недзе на вуліцы, дык чаго хвалявацца бацькам? Аказваецца, ёсць з чаго…

    Гульняманія, якая развіваецца ля камп’ютара, нічым не лепш за тую, якую “падхапіў” у клубе. І нават больш небяспечная, бо чалавек застаецца амаль заўсёды сам-насам з камп’ютарам, дзе спыніць яго, ці хоць неяк рэальна паўплываць, няма каму…

    Танчыкі ў вашу хату

    Знаёмая пісьменніца пахвалілася здабыткамі: за год напісала дзве аповесці, некалькі апавяданняў. Не утрымаўся, пытаюся: а як жа сям’я? Хай сабе дзеці дарослыя, дык жа муж хіба не крывіцца, калі жонка столькі часу бавіць за клавіятурай? А яна смяецца ў адказ. Ён у мяне ніколі не быў пераборлівым у ежы, парадак у хаце падтрымліваю, адзенне ў час мыю, кажа ў адказ. А што да вольнага часу, дык яму і лепш, калі яго не чапаю – ён у танчыках кожную вольную хвіліну…

    Танчыкі – звычайная гульня камп’ютарная. Заходзіш, рэгіструешся. Гуляеш – кіруеш сваім танкам, змагаешся з іншымі… Усё цяпер адбываецца сумесна з іншымі ігракамі дзякуючы інтэрнэту. Карацей, дарослыя мужчыны гуляюць у вайну.

    Колькі мужчын па Беларусі ў яе гуляюць? Вельмі многа. І менавіта так гуляюць: кожную вольную хвіліну там, на сваім полі бою…

    Ужо не бяскрыўдная гульня, што ні кажыце, як любая камп’ютарная залежнасць. А тут яшчэ і грошы.

    Так, у танчыках існуюць рэальныя грошы. Як ва ўсіх камп’ютарных гульнях, тут нібыта свая валюта, зроблена гэта з мэтай страты кантролю над рэальнымі сродкамі. Купіць тую валюту можна толькі за рэальныя грошы, рознымі спосабамі, якія прапаноўвае гульня. Навошта грошы ў гульні?

    На рознае. Напрыклад, можна купіць куды лепшы танк, чым базавы. Набыць лепшую браню, дадатковае ўзбраенне… У гульні можна купіць ўвогуле акаўнт. Нехта вось гуляў, атрымліваў перамогі, купляў сабе, што хацеў, і атрымаў урэшце вельмі магутны танк. Цяпер яго прадае. І за рэальныя, далёка не малыя грошы.

    Акрамя танчыкаў, існуюць падобныя гульні, дзе ігракі валодаюць самалётамі, марскімі караблямі. Недзе год таму ў нашым Брэсце была ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу… віртуальнага авіяносца. Так, адзін ігрок звярнуўся да праваахоўных органаў: у яго ўкралі акаўнт, завалодалі яго авіяносцам, кошт якога ацэньваўся на той час у мільён рублёў… І справа была ўзбуджана, бо што ні кажы, а тут рэальныя грошы, так званая віртуальная ўласнасць…

    І букмекерская кантора…

    Букмекерскія канторы – гэта арганізацыі, якія прымаюць стаўкі на зыход нейкай рэальнай гульні, конкурсу, спаборніцтва. Пачыналіся яны на іпадромах – там людзі рабілі стаўкі на тое, які конь прыскача першым. (Зрэшты, гісторыя іх, канешне, куды глыбейшая, яшчэ ад часоў гладыятарскіх баёў у старажытным Рыме). Пасля пачалі прымацца стаўкі на футбольныя і хакейныя матчы.

    Не такі і далёкі выпадак у нашай Беларусі: адзін з гульцоў зрабіў стаўку і выйграў неверагодна вялікую суму, пра гэта гудзеў інтэрнэт… Можаце ўявіць, як узрасла колькасць жадаючых вось так імгненна “зарабіць” грошай.

    У букмекераў усё проста: чым болей ты рызыкуеш, тым больш можаш выйграць. Паставіў вялікую суму на, умоўна кажучы, самага слабага коніка, а ён прыйшоў першым – твой выйгрыш вельмі вялікі.

    І ставяць па-рознаму, прайграюцца, бывае, ўшчэнт. І купляюць нібыта самыя дакладныя “прагнозы” (нехта зарабляе на іх), і зноў прайграюцца. І глядзяць спартыўныя матчы, і цяпер “хварэць” за свае каманды ўжо не з адзіна спартыўным азартам, а цяжка перажываючы за аддадзеныя на стаўку грошы…

    Карацей, у сеціве прапаноў, каб патраціць сродкі, знаходзячыся ў камфортных хатніх умовах, не выходзячы на мароз і дождж, і пры гэтым яшчэ з абяцаннем магчымага выйгрышу асабліва шчаслівым,  існуе такая вялікая колькасць, што наш рэальны гульнявы клуб з некалькімі аўтаматамі падаецца амаль што бяскрыўднай цнатлівай дзяўчынкай у вялізным віртуальным клубе з прыгажунямі самых смелых і вольных паводзінаў… Іншая справа, што нам усім існуючая перад вачыма аб’ектыўнасць заўсёды падаецца куды рэальней і страшней за тую, якая існуе ў віртуальным свеце, хаваецца ў камп’ютары. Але ж варта ўсвядоміць што “па той бок манітора” рэальная кантора, рэальныя людзі, рэальныя грошы…

    Парады псіхіятра

    Лудаманія – так афіцыйна называюць залежнасць чалавека ад азартнай гульні. Вось самыя характэрныя прызнакі паводле расійскага акадэміка, доктара медыцынскіх навук, псіхіятра Ц. П. Караленкі (нарадзіўся, дарэчы, у Брэсце ў 1933 годзе), наяўнасць хоць аднаго з якіх можа казаць пра ўзнікненне ці развіццё хваробы ў іграка:

    1. Пастаянная ўцягнутасць, павелічэнне часу, які праводзіцца ў сітуацыі гульні.

    2. Змена круга інтарэсаў, выцясненне ранейшых матывацый гульнявой, пастаянныя думкі аб гульні, уяўленне сітуацый, звязаных з гульнявымі камбінацыямі.

    3. Страта кантролю, якая выяўляецца ў няздольнасці спыніць гульню як пасля вялікага выйгрышу, так і пасля пастаянных пройгрышаў.

    4. Стан псіхалагічнага дыскамфорту, раздражнення, неспакою, якія развіваюцца праз параўнальна кароткія прамежкі часу пасля чарговага ўдзелу ў гульні, з цяжка пераадольным жаданнем зноў прыступіць да гульні. Такі стан па шэрагу прыкмет нагадвае стан абстыненцыі ў наркаманаў: ён суправаджаецца галаўным болем, парушэннем сну, неспакоем, зніжаным настроем, парушэннем канцэнтрацыі ўвагі.

    5. Характэрнае паступовае павелічэнне частаты ўдзелу ў гульні, імкненне да ўсё больш высокай рызыкі.

    6. Перыядычна ўзнікае стан напружання, які суправаджаецца гульнявым «драйвам», усё настойлівей  імкненне знайсці новую магчымасць удзелу ў азартнай гульні.

    7. Хуткае зніжэнне здольнасці супраціўляцца спакусе. Гэта выяўляецца ў тым, што, вырашыўшы раз і назаўсёды «завязаць», пры найменшай правакацыі (сустрэча са старымі знаёмымі, размова на тэму гульні, наяўнасць побач ігральнай установы) гульнявая залежнасць аднаўляецца.

    Калі вы нешта адзначылі ў сябе ці сваіх блізкіх, мабыць, трэба задумацца. І яшчэ адзін варты ўвагі факт: як выявілі даследчыкі, дзеці  “падсажваюцца на азартныя гульні” найчасцей услед за бацькамі, ці ў тых сем’ях, дзе шмат гучыць размоў пра розныя выйгрышы, прычым, гучыць з зайздрасцю і пажаданнем самім сабе некалі раптоўна разбагацець…


    Валерый ГАПЕЕЎ.

    Автор: Валерый ГАПЕЕЎІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)