25 Апреля, 2024 Четверг

Са школьнай парты - у навуку. Клуб юных адкрывальнікаў ёсць у маладзечанскай школе №5

  • 30 января 2017 Общество Беларуская 0

    Пры многіх адукацыйных установах Маладзечанскага раёна створаны вучнёўскія навуковыя аб’яднанні. Шосты год у СШ №5 існуе клуб юных адкрывальнікаў. Яго наведваюць вучні сярэдняга і старэйшага звяна, а з гэтага навучальнага года на штотыднёвыя заняткі прыходзяць і пачаткоўцы.

    У свой час аб’яднанне ініцыявала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Парахня. Дарэчы, па адукацыі яна біёлаг. Ідэя стварэння клуба ўзнікла пасля экскурсіі ў Цэнтр навукі «Капернік» у Варшаве. Туды Алена Мікалаеўна трапіла на трэнінг для беларускіх педагогаў, якія жадалі арганізаваць адпаведныя суполкі ў школах для вучняў. Цяпер супрацоўніцтва паміж маладзечанскай СШ №5 і варшаўскім цэнтрам трывалае і плённае.

    — Да гэтага часу не перастаю здзіўляцца маштабу прапаганды навукі сярод падрастаючага пакалення ў Польшчы. Будучых даследчыкаў выхоўваюць са школьнай парты, — гаворыць Алена Парахня.

    Варта заўважыць, што мена-віта ў гэтай краіне праводзіцца самы вялікі тэматычны форум у Еўропе «Навуковы пікнік», які яднае і пачынаючых, і вопытных навукоўцаў. Адметна, што летась у ім запрасілі паўдзельнічаць клуб юных адкрывальнікаў СШ №5 (адзіны з Беларусі!). Гэта быў юбілейны, дваццаты форум.

    Справу Алены Парахня падхапілі выкладчыца фізікі Людміла Гумянюк і настаўніца пачатковых класаў Вольга Зара. «Памераем Зямлю разам!» — сярод самых цікавых мінулагодніх праектаў, які праводзіўся ў інтэрактыўным фармаце сумесна з Цэнтрам навукі «Капернік». У ім былі за-дзейнічаны і аналагічныя школьныя аб’яднанні з Украіны, Грузіі, Польшчы. Каб удакладніць радыус Зямлі, юныя навукоўцы на працягу чатырох месяцаў у вы-значаныя дні і гадзіны вымяралі вугал знаходжання Сонца над гарызонтам.

    Цікавым атрымаўся праект «Вясна ў клубах маладых адкрывальнікаў», таксама ініцыя-ваны палякамі. У яго рамках пачынаючыя даследчыкі назіралі за тым, як у розных кутках планеты надыходзіць гэта пара года. У вучняў СШ №5 у якасці «навуковай пляцоўкі» быў мясцовы Камсамольскі парк. Менавіта тут яны вызначалі, з якой хуткасцю набухаюць пупышкі на галінках дрэў, як наогул абуджаецца прырода і змяняецца вышыня сонца над дахамі дамоў.

    У Год навукі ў юных адкрывальнікаў шмат цікавых задум. А іх выкладчыкам хацелася б наладзіць больш плённае ўзаемадзеянне з аналагічнымі беларускімі клубамі і замацаваць супрацоўніцтва з Цэнтрам навукі «Капернік».

    Тым часам пачынаючыя навукоўцы СШ №5 працягваюць эксперыментаваць – гэта асноўны кірунак дзейнасці клуба. Матэрыялы для доследаў самыя звычайныя – бутэлькі, на-дзіманыя шарыкі, коркі, воцат, сода, малако, вада, крухмал…

    — Заняткі ў клубе спрыяюць не толькі ўсебаковаму развіццю юных адкрывальнікаў, але і дапамагаюць нам, настаўнікам, удасканальвацца ў прафесіі. Мы нават пазбавіліся так званага педагагічнага комплексу «маўляў, выкладчык усё павінен ведаць». І не баімся адкрыта выказваць уласнае меркаванне і… памыляцца, — шчыра прызнаецца Людміла Гумянюк.

    — Наогул, няма такога паняцця: дослед не атрымаўся. У любым выпадку ён адбыўся, а калі не дасягнуты жаданы вынік, значыць, трэба прааналізаваць эксперымент і зрабіць пэўныя высновы. Як гавораць псіхолагі, нават адмоўны вопыт – гэта вопыт. Не варта пасаваць перад цяжкасцямі! — працягвае яе калега па клубе юных адкрывальнікаў Вольга Зара.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)