26 Апреля, 2024 Пятница

Квартэт iграе на пад`ёме: мінскія эвакуатары пачалі практыкаваць брыгадны падрад

  • 03 февраля 2017 Общество Русский 0

    Эвакуатары ў Мінску пачалі працаваць групамі па 4—5 машын, а інспектарам ДАІ выдалі электронныя планшэты са спецыяльнай праграмай. Дзякуючы новай схеме працы на інфармацыю аб паркоўцы ў неналежным месцы інспектары будуць рэагаваць больш аператыўна. Плюс доказная база палепшылася — фота кінутай не па правілах легкавушкі суправаджаецца знакам GPS. Больш парушальнік не зможа скарыстацца забойным аргументам «я тут не стаяў». Карэспандэнт «Р» разам з інспектарамі ДАІ пратэсціравала навінку.

    Новую схему абкатваюць на тэрыторыі Цэнтральнага раёна Мінска — тут праб­лема з паркоўкамі стаіць асабліва востра. Мяркуецца, што праграма істотна спросціць і паскорыць афармленне пратаколаў. Тэсціруем праграму разам з інспектарам ДПС ДАІ Цэнтральнага раёна горада Мінска Аляксеем Аляхновічам.

    Адпраўляемся на вуліцу Куйбышава. На тратуары каля дома № 41 з-за прыпаркаваных аўто пешаходам не праціснуцца. Абыходзіць машыны некаторым з іх прыходзіцца па краі праезнай часткі, што небяспечна.

    — Раней у кожны МАЗ саджалі па супрацоўніку ДАІ, — уводзіць мяне ў курс справы Аляксей Аляхновіч. — Мы выязджалі на месца, запаўнялі пратакол і суправаджалі аўтамабіль да штрафстаянкі. Пакуль інспектар быў на выез­дзе, на ста­янцы збіралася чарга з пяці-шасці аўтаў­ладальнікаў, якія прыехалі па свае машыны, што раней эвакуіравалі сюды за парушэнне ўсё тых жа правілаў прыпынку і стаянкі. Людзі чакалі, нерваваліся...

    Зараз інспектары працуюць у групе. Адзін афармляе пратаколы на найбольш загружаных у плане парковак участках вуліц. Другі на штрафстаянцы працуе з аўтаўладальнікамі. Эвакуатары ў гэты час курсіруюць па крузе і буксіруюць адну машыну за другой. Гэта дазваляе эфектыўна чысціць вуліцы ад пры­паркава­ных не па правілах аўто, задзейнічаўшы пры гэтым усяго аднаго інспектара.

    А тым часам на Куйбышава чатыры МАЗы ўжо вы­страіліся ў калону — пачынаем афармляць. За працэсам пагрузкі назірае рас­працоўшчык праграмнага забеспячэння інжынер-праграміст «Бел­спецаўтаэвакуацыя» Андрэй Гоман. Ён тэсціруе сваю распрацоўку ра­­зам з ін­спек­тарамі, дапамагае ра­за­брацца ў кожным выпадку, калі ўзнікаюць пытанні.

    — Праграмнае забеспячэнне працуе ў комплексе і складаецца з двух блокаў: першы знаходзіцца ў планшэце інспектара, другі — на персанальным камп’ютары кантралёра на штрафстаянцы. Інфармацыя цыркулюе ў базе, яна даступная і аднаму, і другому, — Андрэй Гоман патлумачыў прынцып сваёй распрацоўкі.

    Інспектар Аляхновіч з дапамогай планшэта афармляе пратакол на серабрыстую Mazda-6. Прымацоўвае да яе фотадоказ. Праграма аўтаматычна наносіць на здымак знак з указаннем GPS-каардынат месца, дзе быў зроблены кадр, і часу, калі ён быў зроблены.

    — Нам трэба зафіксаваць усе дэфекты на аўтамабілі, нават дробныя сколы і драпіны, каб потым уладальнік не прад'явіў прэтэнзіі, маўляў, аўтамабіль пашкодзілі ў працэсе эвакуацыі. Праграма дазваляе прымацаваць адразу некалькі здымкаў, якія аўтаўладальнік мо­жа ўбачыць, калі такое жаданне ў яго ўзнікне, — кажа Аляксей Аляхновіч.

    Пазначыўшы ў пратаколе пару­шаныя пункты ПДР, інспек­тар адпраў­ляе дакумент у цэнтра­лізаваную базу ўліку эвакуірава­ных аўтамабі­ляў. Афармленне прата­ко­ла з дапамогай планшэта ў нас заня­ло 3 хвіліны. Гэта ў два разы хут­чэй, чым пры запаўненні папяро­вага бланка.

    Як толькі машына апусцілася на платформу эвакуатара, інфармацыя аб ёй з'явілася на камп’ютары кантралёра штрафстаянкі Дзмітрыя Брызінскага. Ён аператыўна адсочвае, колькі машын і адкуль да яго вязуць. Адным клікам кантралёр прымае машыну і раздрукоўвае гатовы пратакол — раней усе даныя ў бланк яму прыходзілася ўносіць уручную. Дарэчы, чэргаў з вадзіцеляў на штрафстаянцы няма.

    За сорак хвілін мы эвакуіравалі шэсць машын. Гэта вельмі многа. Праграму працягнуць тэсціраваць, па меры неабходнасці ўносячы ў яе карэкціроўкі. Аб канкрэтных тэрмінах яе ўвядзення ў Мінску паўсюдна пакуль не гавораць. Не выключана, што ўжо да канца гэтага года ўсе гарадскія інспектары пяройдуць на пратаколы ў планшэтах.

    Автор: Инна ГОРБАТЕНКОРэспубліка

Комментарии (0)