20 Мая, 2024 Понедельник

Часлаў Астрэйка - кіраўнік сваёй эпохі

  • 06 февраля 2017 Общество Беларуская 0

    Ёсць людзі, сустрэчы з якімі прыносяць сапраўднае задавальненне і запамінаюцца надоўга, чыя жыццёвая пазіцыя выклікае павагу. Часлаў Аляксандравіч Астрэйка з такіх. Кіраўнік і чалавек з вялікай літары, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, кавалер ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны».

    Падставай для нашай першай сустрэчы было 60-годдзе Мінскай вобласці. Цяпер таксама юбілей, толькі на гэты раз – асабісты. У студзені Ч. Астрэйка адзначыў сваё 80-годдзе. Было шмат віншаванняў, не забыўся пра знакамітага аграрыя і старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра. Часлаў Аляксандравіч доўга не згаджаўся на размову: маўляў навошта варушыць перажытае. Але затым сказаў коратка: «Добра, прыязджайце». Мы размаўлялі некалькі гадзін. Яшчэ раз пераканалася ў тым, што такіх кіраўнікоў ужо няма. Гэта сапраўдныя магікане, і разам з імі адыходзіць у гісторыю цэлая эпоха…

    Балючыя ўспаміны

    Дзіцячыя ўспаміны самыя яскравыя і незабыўныя. Для Часлава Аляксандравіча – гэта вайна.

    Сям’я Астрэйка жыла на хутары на Навагрудчыне. Бацька маці быў лесніком і атрымаў у падарунак ад пана пяць гектараў лесу. Яшчэ пяць купіў, узяўшы крэдыт у польскім банку. Лес выкарчавалі, пабудавалі дом, завялі вялікую гаспадарку. Затым участак падзялілі на дваіх дзяцей. Так і жылі на хутары дзве сям’і, займаючыся звычайнай сялянскай працай. Але ўсё перакрэсліла вайна.

    Літаральна за домам пачынаўся лес, які пераходзіў у Налібоцкую пушчу. Ноччу на хутар па прадукты прыходзілі партызаны, днём – немцы. Так і жылі паміж двух агнёў. Але жнівеньскім днём 43-га ўдача адвярнулася ад іх. Часлаў Аляксандравіч памятае, як прачнуўся тады ад шуму і ўбачыў немцаў, а праз акно — як гарыць дом дзядзькі, які быў звязаны з партызанамі. Адзін з паліцаяў загадаў Чэсю браць сястру і ісці на суседні хутар. Так

    удваіх, узяўшыся за рукі, дзеці пайшлі па пратаптанай сцяжынцы праз поле аўсу. А праз нейкі час згарэў увесь хутар. Часлаў Аляксандравіч гаворыць, добра, што дарослых не было дома, інакш маглі ўсе загінуць. Прытулак сям’я знайшла ў суседняй вёсцы. У 1944 годзе бацьку забралі ў армію, а Часлаў пайшоў у першы клас.

    Вучоба давалася хлопчыку лёгка, і настаўнікі раілі яму вучыцца далей. Бацькі не пярэчылі, асабліва падтрымлівала маці. Яна была пісьменнай жанчынай, чытала і пісала па-польску. Нават у сталым узросце выпісвала польскія газеты і часопісы. У роднай вёсцы была толькі сямігодка, а дзесяцігодка — аж за восем кіламетраў. Усе тры гады Часлаў пешшу хадзіў у школу.

    «У Польшчу не паеду»

    Атрымаўшы атэстат, вырашыў паступаць у сельгасакадэмію. Пашпарты ў той час вяскоўцам давалі неахвотна, але бацька нейкім чынам вырашыў гэта пытанне. Экзамены юнак здаў добра, але не хапіла бала, і ён адвёз дакументы ў Лідскі тэх-

    нікум механізацыі сельскай гаспадаркі.

    Часлаў Аляксандравіч успамінае, што як пайшоў «у людзі» ў 17 гадоў, так усё жыццё і разлічваў толькі на сябе. Атрымліваў 180 рублёў стыпендыі, 45 рублёў за кватэру плаціў тэхнікум. У тэхнікумаўскай сталовай харчаваліся два разы на дзень. За абед і вячэру плацілі ў месяц 110 рублёў. Гэта было танна. Нягледзячы на цяжкі пасляваенны час, дзяржава клапацілася пра навучэнцаў. Мабыць, менавіта гэта акалічнасць сыграла сваю ролю, калі ён адмовіўся змяняць месца жыхарства.

    Быў час, калі беларускіх палякаў запрашалі пераехаць у Польшчу. Бацькі Часлава Аляксандравіча таксама прынялі такое рашэнне, але сын сказаў, што нікуды не паедзе, бо савецкая ўлада клапоціцца пра яго. Так Астрэйкі засталіся ў Беларусі. Дарэчы, праз многа гадоў, калі Часлаў Аляксандравіч быў паспяховым старшынёй калгаса, яму зноў прапаноўвалі паехаць у Польшчу, але на гэты раз у якасці кіраўніка гаспадаркі. І ён зноў адмовіўся…

    Вырашыў выпадак

    Першы запіс у яго працоўнай кніжцы зроблены ў Навагрудскім ПТВ. Там учарашні выпускнік тэхнікума атрымаў пасаду майстра вытворчага навучання. А праз дзевяць месяцаў яго прызвалі ў армію. Спачатку была «вучэбка» ў Магілёве, дзе рыхтавалі спецыялістаў метэаслужбы для стратэгічнай ваеннай авіяцыі, затым служба ў Баранавічах. Тады служылі тры гады, але ў апошні год можна было звольніцца раней тэрміну. Такое паслабленне існавала для тых, хто выказваў жаданне паступаць у ВНУ. Часлаў скарыстаў гэту магчымасць, атрымаў выклік і паехаў у інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер БДАТУ). Для сябе ж вырашыў, што экзамены праваліць і пойдзе працаваць. Сачыненне напісаў на «чатыры» і пайшоў у Камітэт па працоўных рэзервах, каб атрымаць накіраванне на працу. На выбар прапанавалі тры ПТВ.

    Як часта бывае ў нашым жыцці, усё вырашае выпадак. Часлаў Аляксандравіч сустрэў знаёмага, з якім працаваў у Навагрудку, і той параіў ехаць у Беразінскае, дзе рыхтавалі спецыялістаў для торфабрыкетных прадпрыемстваў. Гэта быў 1960 год.

    У ПТВ было шмат вольнага часу, а без працы Часлаў сядзець не мог. А тут у саўгасе «Яхімоўшчына» аказалася свабоднай пасада галоўнага інжынера. Купіў матацыкл і кожны дзень ездзіў на працу. Прапаноўвалі дом, але адмовіўся. Дырэктарам саўгаса быў Герой Сацыялістычнай Працы Іван Ігнатавіч Дзяржынскі. Часлаў Аляксандравіч для сябе вырашыў, што калі пратрымаецца тут два гады, то зможа працаваць усюды. Галоўным інжынерам Астрэйка прабыў чатыры гады.  

    Згоды не пыталіся

    У тыя часы пры прызначэнні на кіраўніцкія пасады асабістай згоды ніхто не пытаўся. Калі што, можна было развітацца з партыйным білетам, а значыць, і з жыццёвымі перспектывамі. Так, у 32 гады Часлаў Астрэйка быў абраны старшынёй калгаса «Чырвоны прамень». Сход быў прызначаны на 23 лютага. Паўнюткая зала людзей і старэнькая бабулька ў першым радзе, якая ўвесь час плакала. Так ёй было шкада былога кіраўніка. Мабыць, у бабулькі было нямала аднадумцаў, бо на пастой новага кіраўніка ніхто браць не хацеў. Наняў старшыня кватэру толькі ў Беніцы, жыў там да лета, пакуль не дабудавалі двухкватэрны дом.

    Пасля сходу была прызначана балансавая камісія. З работы звольнілі галоўнага інжынера і галоўнага агранома. Часу на разважанні ў новага кіраўніка не было, і з уласцівай яму энергіяй Часлаў Аляксандравіч узяўся за справу. Адсталая гаспадарка хутка выйшла ў лік перадавых. На грудзях старшыні заззялі ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны». Прыгожым дапаўненнем сталі медалі з Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Калгас атрымаў аўтамабіль «Масквіч», які старшыня аддаў намесніку. Сам жа ездзіў на старэнькім «УАЗіку».

    Павароты лёсу

    Астрэйка з ліку тых людзей, якія менш за ўсё трымаліся за пасаду. Таму калі пачалося ўзбуйненне калгасаў і «Чырвоны прамень» падзялілі на дзве часткі, ён не рабіў з гэтага трагедыі. На прапанову ўзначаліць на выбар некалькі не самых лепшых гаспадарак не згадзіўся, а вось пайсці намеснікам да Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Міхайлавіча Калачыка быў не супраць. Дарэчы, палова яго гаспадаркі была далучана менавіта да «Светлага шляху». Але не прайшло і года як Ч. Астрэйку накіравалі падымаць калгас імя Жданава, які затым быў перайменаваны ў «Гарадзілава».  На гэтай пасадзе Астрэйка затрымаўся на восем гадоў, а ў 1986-м Часлава Аляксадравіча прызначылі начальнікам раённага аграпрамысловага аб’яднання.

    Між тым жыццё не стаяла на месцы. У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя стала модна сябраваць гарадамі, і Мала-

    дзечанскі раён займеў братэрскія сувязі з Раменскім раёнам Маскоўскай вобласці. Ездзілі адзін да аднаго пераймаць вопыт, а тым часам у краіне ўзнікла ідэя ў чарговы раз рэфармаваць сельскую гаспадарку. Для эксперыменту выбралі тры раёны з усяго былога Савецкага Саюза: Раменскі, Маладзечанскі і ў Растоўскай вобласці. Так з’явіліся агракамбінаты, у якія ўваходзілі не толькі калгасы і саўгасы, абслуговыя арганізацыі, але і ўся перапрацоўка, нават птушкафабрыкі. Такім чынам можна было больш рацыянальна і эфектыўна размяркоўваць сродкі, накіроўваць іх на развіццё гаспадарак. Агра-

    прамысловы камбінат «Маладзечанскі» быў першым па ліку ў рэспубліцы і трэцім у СССР. На прапанову яго ўзначаліць Часлаў Аляксандравіч адмовіўся, але згадзіўся стаць намеснікам, кіраўніком прызначылі У. Калачыка.

    Рэфарматар

    У пэўнай ступені лёсавызначальным для Астрэйкі стаў 1991 год. Яго заўсёды цягнула ў вёску. Ён не любіў горад, хацелася працаваць на зямлі і бачыць аддачу ад сваёй працы. Ён умеў прымаць рашэнні і адказваць за іх. Сёння яго назвалі б рэфарматарам, а тады за новаўвядзенні давялося змагацца.

    Часлаў Аляксандравіч даў згоду зноў узначаліць калгас «Гарадзілава» і пераехаў у Беразінскае. На той час сітуацыя ў гаспадарцы была не з лепшых, але кіраўнік зрабіў немагчымае. Ён не толькі вывеў гаспадарку ў перадавыя, але і наладзіў перапрацоўку мяса і малака. У калгасе запрацаваў каўбасны цэх. Каўбасы пятнаццаці відаў былі нарасхват (іх вазілі нават у Ленінград), а ў калгас пацяклі грошы. У той час як сельская гаспадарка паступова прыходзіла ў заняпад, тут умудраліся выплачваць зарплату сваім работнікам, закупляць тэхніку, будавацца і не браць крэдытаў. Нават спраўна расплачваліся за спажытую электраэнергію, а такіх гаспадарак па ўсёй рэспубліцы было 15. Выпускалі смятану, па якую ў горадзе выстройваліся чэргі. Але кіраўніку было гэтага мала, і ён замахнуўся, як цяпер бы сказалі, на высокія тэхналогіі — вырашыў адкрыць цэх па выпуску біфідумбактэрыну. Прадукт меў лекавыя якасці, а сыравіна (спецыяльныя бактэрыі) закупляліся ў Маскве. Ён нават быў у складзе меню касманаўтаў. Але дзе Масква, а дзе — Беразінскае. Астрэйку не давалі дазволу на адкрыццё цэха, ніякія довады не дапамагалі. І тады старшыня запрасіў да сябе прафесара з Масквы, які займаўся распрацоўкай гэтых бактэрый, навукоўцаў з Мінска. І гэта дапамагло. Кожныя паўгода ездзілі ў Маскву, прывозілі чамадан ампул з бактэрыямі. Прадукцыя таксама мела попыт. На жаль, існавала ўся вытворчасць да таго часу, пакуль працаваў старшынёй Ч. Астрэйка. Як толькі Часлаў Аляксандравіч выйшаў на пенсію, на наступны дзень на дзвярах цэха з’явіўся замок.

    Дзень сённяшні

    Сёння Часлаў Аляксандравіч жыве размераным жыццём пенсіянера і задаволены лёсам. Лічыць, што зрабіў шмат і пакінуў адметны след на зямлі. Яму не сорамна глядзець людзям у вочы.

    Шмат чытае: калісьці часу на кнігі не было, затое цяпер навёрствае ўпушчанае. Перачытаў 12 тамоў Янкі Купалы, а таксама ўсе творы, што ёсць у Беразінскай бібліятэцы, Якуба Коласа. Падабаецца часопіс «Нёман». У захапленні ад кніг А. Салжаніцына. Выпісвае «Маладзечанскую газету» і «Сельскую газету». Яго хвалюе ўсё, што адбываецца ў сельскай гаспадарцы, якой аддаў жыццё. На ўсё мае сваё меркаванне, якое часам адрозніваецца ад афіцыйна прынятага. Гаворыць, што і на зямлі можна быць багатым, вось толькі камандзіраў шмат. І ў гэтым таксама ўвесь Астрэйка. Заўважае, што ў раёне нямала людзей адданых зямлі, але звання заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі ўдастоены ён адзін, і гэта несправядліва.

    Разам 57 гадоў

    Надзейным тылам для Часлава Аляксандравіча заўсёды была яго жонка Валянціна Пракопаўна. Разам па жыцці яны крочаць 57 гадоў. А пазнаёміліся на танцах у Беразінскім. Яны адразу звярнулі ўвагу адзін на аднаго, сустракаліся, а затым згулялі вяселле. Праз пэўны час ім далі маленькі пакойчык у інтэрнаце, потым кватэру без выгод. Было нялёгка. Зарплаты малыя, разлічвалі толькі на сябе. Калі нарадзіліся дачка і сын, клопатаў дабавілася. Шмат разоў пераязджалі з месца на месца. Муж лічыў, што кіраўнік павінен жыць там, дзе працуе: тады і адказнасць іншая. Цяжэй за ўсё было дзецям, якія мянялі школы. Святлана і Віктар, як і бацька, закончылі інстытут народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ), сталі добрымі спецыялістамі.

    Астрэйкі заўсёды трымалі вялікую гаспадарку і толькі апошнія гады  звялі яе да мінімуму. Але сад, агарод, пчальнік таксама патрабуюць сіл. А яшчэ бабуля і дзядуля не нарадуюцца на чацвярых унукаў і дваіх праўнукаў. Усе яны любяць гасціць у іх утульным доме на вуліцы Паркавай.

    Автор: Алена ЛАШУК.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)