04 Мая, 2024 Суббота

Знаёмімся з прыродай роднага краю на лыжах

  • 07 февраля 2017 Общество Беларуская 0

    Як вядома, большасць паходаў і экскурсій адбываецца ў летні час, калі прырода дорыць нам увесь букет прыгожых уражанняў і незабыўных успамінаў. Зіма лічыцца перыядам «спячкі» прыроды, калі нічога цікавага не ўбачыш. Але гэта не так. Зімовая прырода мае свае асабліваці. Нават у мёртвым, здавалася б, зімовым лесе ці  на заснежаным покрыве замерзлай рэчкі ці возера можна знайсці шмат цікавага і пазнавальнага. І не трэба доўга шукаць такія мясціны. У кожным куточку нашай краіны ёсць, на першы погляд,  непрыкметныя, але па-свойму прыгожыя прыродныя супольнасці, дзе можна назіраць і вывучаць прыроду ў любую пару года.   

    Што мы возьмем з сабою ў лыжнае падарожжа? Перш за ўсё – фотаапарат.  Няхай чорна-белы фон зімовага пейзажу не хвалюе падарожнікаў. Але і ў гэтую пару года ён можа паказаць сваю асаблівую прыгажосць. Бінокль таксама не будзе залішнім, калі ўзнікне неабходнасць бліжэй пазнаёміцца з якой-небудзь жывёлінай або птушкай. І, нарэшце, вельмі карыснай рэччу ў лыжным падарожжы будзе вызначальнік слядоў дзікіх жывёл, які дазволіць класіфікаваць від жывёлы або птушкі, якія прабеглі каля нашай лыжні ці пакінулі сляды сваёй дзейнасці на дрэве альбо ў хмызняку.

    Для таго, каб наша “экалагічная лыжня”  была больш змястоўнай і разнастайнай,  уключым у  маршрут  частку лесу, поля, наваколля рэчкі ці возера, тэрыторыю хмызнякоў.

    Вельмі важнае значэнне мае характар снежнага покрыва. Сляды дзейнасці дзікіх жывёл лепш за ўсё можна бачыць не на рыхлым і мяккім снезе, а на шчыльным, які трохі падтаяў. 

    Такім чынам, выбіраем добрае надвор’е, кладзём у рукзакі неабходныя рэчы, становімся на лыжы – і наперад!

    Каб выйсці на наш традыцыйны маршрут, спачатку  пракладваем лыжню ўздоўж дарогі. Тут нас сустракаюць першыя жыхары зімовай прыроды –  птушкі. На ўскрайку дарогі можна заўважыць невялікія чароды звычайных стрынатак, якія заняты сваёй любімай справай: старанна клююць збожжа або насенне, не звяртаючы ні на кога аніякай увагі. Побач, на засохлых лапухах, нярэдка можна сустрэць чорнагаловых шчыглоў, якія пры нязначным набліжэнні дружна падымаюцца ўсёй чарадою і пералятаюць трохі далей, на другі кусцік.

    Амаль кожны раз можна ўбачыць  на нашай лыжні крумкача. Пара крумкачоў з характэрным карканнем – звычайныя госці заснежаных палёў.

    На  кіламетровых слупах,  дарожных паказальніках, а таксама на стагах саломы здалёку  добра бачны сілуэты пярнатых драпежнікаў –  касматаногіх канюкоў.  Гэта спрыяльныя для іх прысады, з якіх яны выглядаюць сваю здабычу.

    Далей наш маршрут працягваецца па заснежаным полі. Калі на дварэ  мароз з туманнай дымкай і няма ветру,  наступае белая маўклівасць: снег і неба набываюць адзіны малочны колер,  сярод якога лыжня  амаль непрыкметная на белым покрыве снегу і туману. Іншую карціну можна назіраць пры сонечным надвор’і. На ярка-белай коўдры зімовага поля відаць кожная рысачка, кожны след, які пакінулі дзікія жывёлы.  І сярод іх то справа, то злева ад лыжні можна  бачыць шматлікія сляды нашага добрага знаёмага – зайца-русака. Яго сляды   выцягваюцца то доўгім ланцужком, то якім-небудзь мудрагелістым маршрутам. Звяртаю ўвагу маіх юных падарожнікаў на той факт, што першыя два адбіткі – гэта сляды задніх лап, а два заднія –  сляды пярэдніх.

    Часам на полі можна бачыць паглыбленні ў снезе. Гэта месцы, дзе заяц можа хавацца ад неспрыяльных умоў або ад драпежніка. А вось і яшчэ адно цікавае месца. Прыпыняемся ля зялёнай пляцоўкі сярод белага покрыва поля. Гэта так званая зайцава “сталоўка”, дзе яны частуюцца зялёнай траўкай азімых культур. Дарэчы, такія ж «сталоўкі» рыхтуюць таксама  казулі не толькі на полі, але і ў лесе.

    Вакол нашай лыжні з’яўляюцца доўгія барозны або хады ў рыхлым снезе, якія вядуць пад снег, а потым зноў выходзяць на паверхню. Праз некаторы час можна бачыць і гаспадара гэтых твораў – мыш-палёўку.  Вельмі цікава і забаўляльна бачыць, як мыш бяжыць па рыхлым снезе, нават не бяжыць, а прабіваецца. Сваім носам, як ледаколам, яна расчышчае перад сабою снег і лёгка зарываецца, калі чуе небяспеку.

    Наша лыжня падыходзіць да лесу.  Рабяты  раптам спыняюцца і вымаюць біноклі. На ўзлеску, на белым фоне снежнага поля, можна добра бачыць невялікую цёмную пляму. Праз некалькі хвілін чую галасы: “Казуля!  Казуля!”. І, сапраўды, маладая козачка мірна пасецца каля лесу, не звяртаючы на нас аніякай увагі. І як толькі мы падышлі зусім блізка, яна грацыёзна і нябачна знікла ў лесе.

    Калі  ўваходзім у зімовы лес, то трапляем у царства  чароўнай цішыні. Змоўк вецер, які суправаджаў нас на полі. Зімовы лес –  самая сапраўдная прыродная энцыклапедыя. Шматлікія сляды зайцаў, казуль, дзікіх кабаноў, ласёў сведчаць аб тым, што мароз не перашкода для актыўнага жыцця гаспадароў лесу. Усюды можна бачыць сцяжынкі, пракладзеныя дзікімі жывёламі.

    У ясны марозны дзень лес іскрыцца інеем, які пакрывае галінкі сасны або елкі, а ў пахмурны дзень лес стаіць загадкавы і таямнічы. Калі пройдзе  снег і пакрые кроны дрэў, лес набывае новае аблічча. Кожны куст ядлоўцу, кожная елка ператвараюцца ў казачных герояў і ў іншых фантастычных істотаў.

    Амаль усе ліставыя дрэвы паскідалі сваё ўбранне яшчэ восенню, але сярод маладых і магутных сосен можна бачыць і зімовы цуд – дуб, апрануты ў карычневую крону сухіх лістоў.

    Раю дзецям паглядзець не толькі па баках, але і ўверх, на ствалы дрэў, дзе цямнеюць чорныя адтуліны дуплаў, зробленыя дзятламі. Дуплы самага вялікага дзятла – жаўны, або чорнага дзятла,   маюць  форму  выцягнутага прамавугольніка або авала. Дуплы ж больш распаўсюджанага  вялікага дзятла   пераважна акруглыя.

    Доўгі, пакаты  спуск –  і мы трапляем у наваколле невялікай рэчкі. У моцныя маразы яна надоўга пакрываецца тоўстым слоем ільду, але калі марозаў няма, то яна цёмнай змейкай віецца сярод  заснежанага покрыва. Пракладаючы лыжню ўздоўж ракі, мы трапляем у царства баброў.  Апрацаваныя іх вострымі зубамі “алоўкі” пнёў тырчаць радамі ўздоўж ракі.  Далей можна бачыць бабровыя плаціны і хаткі. Марозная і маласнежная зіма – самая спрыяльная пара года для таго,  каб бліжэй падысці і пазнаёміцца з  “гідратэхнічнымі збудаваннямі” баброў.

    Далей наша лыжня праходзіць уздоўж  невялікага возера. На замерзлым вадаёме, пакрытым снежным покрывам, можна бачыць карычнева-жоўтыя каралі з сухога трыснягу, сярод якога выдзяляюцца карычневыя шышкі рагозу, якім не страшны аніякія маразы.  Па нябачных пакатых берагах тырчаць сярод снегу кусцікі травы, падобныя на  крыштальныя  гронкі,  а купіны, пакрытыя снегам,  часам выглядаюць, як дзюны ў пустыні.

    Вось і надышоў час зрабіць прывал.  Паступова падымаемся на невялікі ўзгорак, пакрыты лесам і хмызнякамі. У  гэтым месцы будзе добра пасядзець каля вогнішча, а для тых, у каго яшчэ засталося шмат сіл і энергіі, ёсць усе ўмовы,  каб весела пракаціцца з горкі.

    Зімовае вогнішча – гэта нешта асаблівае. Раскладаем яго на снезе, а потым можна бачыць, як снежнае покрыва каля яго паступова растае, знікае – і з’яўляецца зялёная трава або мох, якія нагадваюць нам аб цёплых днях лета.

    Калі мы знаходзімся пад заснежанымі каронамі, талыя камячкі снегу падаюць зверху з  галінак сосен прама за каўнер. Пануе своеасаблівая сяброўская атмасфера, якая сцірае рэзкія межы паміж дарослымі і дзецьмі. Каля зімовага вогнішча заўсёды знойдзецца месца для добрага жарту або вясёлай гісторыі. А як цудоўна пад манатонны  стук дзятла папіць гарачага чаю, настоенага на шыпшыне і глогу! Калі надакучвае сядзець каля  вогнішча, можна трохі пакатацца з горкі: лыжня ж у некалькіх метрах. Пакатаўся, а там зноў можна падсілкавацца!  

    Самая цяжкая частка нашай экалагічнай лыжні – гэта дарога дадому. А яшчэ цяжэй бывае, калі сустрэчны вецер ды з марозам.  Але, здаецца, гэта лепш чым вецер у спіну. Пераадольванне розных перашкод – гэта таксама частка нашай экалагічнай лыжні. І ўсе гэтыя цяжкасці, калі мы вяртаемся ў цёплыя класы, патроху забываюцца, а застаюцца ў душы і сэрцы толькі самыя яркія моманты сустрэчы з сябрамі і прыгожай прыродай нашага краю

    Автор: Сяргей КлёсаўСлонімскі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)