04 Июля, 2026 Суббота

Вялікі юбілей Глінскага ВПК

  • 08 февраля 2017 Общество Беларуская 0

    У мінулую суботу, так  павялося гадамі, ва ўсіх школах краіны ладзіліся вечары сустрэч выпуск-нікоў. Пабачыцца са сваімі аднакласнікамі, настаўнікамі імкнуліся тысячы былых школьнікаў, а зараз ужо дарослых жанчын і мужчын. Так і на Чэрыкаўшчыне прайшлі аналагічныя мерапрыемствы, а ў Глінскім ВПК нават сумясцілі дзве важныя для ўстановы адукацыі даты: традыцыйны вечар выпускнікоў і юбілей школы. Сёлета яна адзначае 110-годдзе.

    У спартыўнай зале, дзе прахо-дзіла свята, за паўгадзіны, калі не больш, пачалі збірацца госці: былыя выпускнікі, ветэраны калектыву, сучасныя навучэнцы і іх бацькі. 

    Валянціна Салаўёва і Ганна Церахава чакаюць пачатак мерапрыемства ўжо даволі даўно, ім вельмі прыемна сёння быць у ліку ганаровых гасцей: як-ніяк адпрацавалі тут не адзін дзясятак гадоў. Валянціна Гаўрылаўна, да прыкладу, мае педагагічны стаж больш за 40 гадоў, выкладала рускую мову і літаратуру, нямецкую мову. Спачатку працавала ў Шароеўскай школе, потым у Зорскай, а тады ўжо тут, у Глінскім ВПК. Шмат цудоўных успамінаў пра сваіх вучняў, калег – іх не вы-крэсліш, ды і навошта? Сучасны калектыў не забывае сваіх ветэранаў, да таго ж прыемна, калі былыя вучні пазнаюць, вітаюцца, заво-дзяць размову і дзякуюць за тое, што з дапамогай любай настаўніцы яны сталі сапраўднымі людзьмі.

    Ганна Ісакаўна Глінскаму ВПК аддала 43 гады сваёй плённай адказнай працы. Выкладала рускую мову і літаратуру. А Іван Церахаў, муж Ганны Ісакаўны, 33 гады працаваў тут дырэктарам – для абодвух школа была другім домам. Кажуць, быў ён строгім кіраўніком, патрабавальным, але ж вельмі любіў сваю школу. На той час загадчыка гаспадаркай у штаце ўстановы яшчэ не было, таму клапаціцца пра быт трэба было самаму. А разам з тым і дзяцей вучыць: Іван Ермалаевіч выкладаў гісторыю, мовы і літаратуру, і рускую, і беларускую, грамадазнаўства. Сёння Іван Церахаў па стане здароўя не змог наведаць любую школу, таму прывітанне ёй перадае яго жонка.

    Словы падзякі за шматгадовую працу ў калектыве вядучыя свята, вітаючы гасцей, накіравалі і іншым ветэранам калектыву: Ларысе Сазонавай, Івану Ляонаву, Надзеі Каверынай, Валянціне Харытоненка, Людміле Кляцко, Рыгору Халіпскаму, Святлане Сокалавай, Таццяне Нікіценка, Валянціне Якушавай, Наталлі Стаўскай, Зінаідзе Саўчанцы, Валянціне Шандабылі. У якасці падзякі за вернасць сваёй прафесіі — кветкі ветэранам.

    — Сёлета школе спаўняецца 110 гадоў. Для гісторыі гэта ўсяго толькі імгненне, а для многіх пакаленняў выпускнікоў, ветэранаў працы і цяперашніх настаўнікаў — гэта незабыўная падзея, — адзначыла дырэктар школы Вольга Уласенка. — Ад усяе душы жадаю педагогам — новых творчых здзяйсненняў, прафесійных перамог, вучням — поспехаў у вучобе, ветэранам і выпускнікам — актыўнага ўдзелу ў жыцці школы.

    Мультымедыйная прэзентацыя кагосьці пазнаёміла, а камусьці  нагадала аб гісторыі станаўлення школы.

    У 1907 годзе ў вёсцы Глінь была адкрыта пачатковая школа. У той час у ёй займаліся 105 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. Школа працавала да 1941 года. а падчас Вялікай Айчыннай вайны яна была спалена. Пасля вайны Глінская пачатковая школа пачала працаваць у лістапа-дзе 1943 года. У 1946 яна  “пераехала” ў новы будынак, а ў 1949 годзе стала сямігадовай і сабрала пад сваім крылом не толькі малых дзяцей. З цягам часу жыхароў суседніх вёсак ды і самой вёскі Глінь станавілася больш, і ўзнікла неабходнасць зрабіць школу сярэдняй. Такі статус яна набыла ў 1953-54 навучальным годзе. І ўжо ў 1953 годзе Глінская сярэдняя школа выпусціла першых дзесяцікласнікаў.

    Зразумела, што за такую багатую гісторыю — 110 гадоў функцыянавання школы — яе ўзначальвалі розныя людзі. Сёння з вялікай годнасцю называюць імёны былых дырэктараў установы адукацыі. Першым з іх быў Дзмітрый Свірыдзенка. На гэтай пасадзе яго змяніў Павел Шынкароў. Затым дырэктарам ужо сярэдняй школы быў Дзмітрый Пухоўскі. З 1960 года,  як мы ўжо адзначалі, больш за тры дзясяткі гадоў кіраўніком школы працаваў Іван Церахаў. Слаўныя традыцыі, закладзеныя папярэднікам, працягваў Валерый Сталяроў. Пасля Валерыя Міхайлавіча школу ўзначальваў Аляксандр Цыганаў. І зараз калектыў педагогаў працуе пад кіраўніцтвам Вольгі Уласенка.

    З непадробнай настальгіяй углядаюцца госці свята ў старыя фотаздымкі. Хтосьці на іх пазнае сябе ў юнацтве, хтось — сваіх любімых настаўнікаў. Ёсць на гэтых чорна-белых фотакартачках, беражліва адсканаваных, каб потым уставіць у прэзентацыю,  і тыя, хто  і зараз працуе ў ВПК.

    Па ходзе праграмы ўсе разам – госці, навучэнцы і настаўнікі — запальвалі сімвалічныя свечкі, якія ўвасабляюць дзяцінства, маладосць, мудрасць, надзею і веру ў светлую будучыню, віншавалі школу са святам. Педагогі школы і яе выхаванцы прыемна здзівілі ўдзельнікаў мерапрыемства падрыхтаванымі нумарамі — песні і танцы ў выкананні дарослых і дзяцей кожнаму прыйшліся да спадобы.

    — У гэтай установе працуюць годныя педагогі, адказныя, працавітыя работнікі, якія імкнуцца зрабіць гэтую школу з кожным годам усё лепш, — адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Камісарава, якая прыехала павіншаваць школу з юбілеем ад імя аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і прафсаюза.

    Таццяна Васільеўна падзякавала былым і цяперашнім педагогам за тое, што яны напаўняюць гэтую ўстанову адукацыі дабрынёй, цяплом, жыццёвай энергіяй і пажадала ўсім прысутным шчасця, здароўя, радасці ў кожным дні. Прафсаюзны лідар  уручыла Падзякі і падарункі ад райкама прафсаюзаў настаўніку-дэфектолагу Таццяне Сямёнавай, выхавацелю Ірыне Паўлавай, дырэктару ВПК Вользе Уласенка і прыбіральніку школьных памяшканняў Марыне Лёгкай.

    Завяршылася мерапрыемства фінальнай песняй у выкананні настаўнікаў і вучняў — са-праўднай каманды Глінскага ВПК. А пасля калегі і выпускнікі яшчэ доўга дзяліліся сваімі ўражаннямі і расказвалі адзін аднаму аб сваім жыцці-быцці.

    Автор: О. ГлуховаВеснік Чэрыкаўшчыны
    Теги: 

Комментарии (0)