02 Мая, 2024 Четверг

На якiя парушэннi iдуць маршрутчыкi, каб зарабiць

  • 10 февраля 2017 Общество Русский 0

    «Пенсіянерка выпала з салона маршруткі на павароце...», «маршрутка з пасажырамі перакулілася...», «кіроўца маршруткі заснуў за рулём...», «маршрутка з’ехала ў кювет ...» — у навінах гэты транспарт узгадваецца нярэдка. Але гэта не значыць, што ён горшы за іншы — проста шустрэйшы, а часам і больш зручны. Раніцай, выбіраючы, на чым хутчэй дабрацца да працы, многія садзяцца менавіта ў маршрутку. Усім месцаў не хопіць? Улезем! Сядзем, станем, ляжам!.. Карэспандэнт «Р» адправілася ў рэйд з дзяржаўтаінспектарамі Маскоўскага раёна Мінска, каб праверыць, ці выконваюцца правілы перавозкі пасажыраў маршрутчыкамі.

    «Хто не рызыкуе — той да працы не даязджае», — падумалася мне а 8-й гадзіне раніцы на прыпынку. Стала ў доўгую чаргу за тымі, хто таксама, як і я, спазняўся і чакаў маршрутку. Адна, другая праехалі міма... Забітыя поўнасцю пасажырамі! Што за справы?! Адна мадам ужо трэцяй маршрутцы, што праязджала міма, не проста руку падняла, а замахала кіроўцу, як параненая птушка: «Стой, каму кажуць!» Машына спынілася, і вадзіцель узяў нас на борт. У гэтай «банцы» я была сёмым «селядцом», які стаяў.

    — Неяк нязручна… — пачынаю размову з дамай, якая таксама стаіць. Тая адказвае: «Я спяшаюся — мне нармальна. Што, упершыню?» У гэты час мы ўсе дружна перадаём грошы за праезд, а вадзіцель капеечкі адлічвае правай рукой. Паварочваючыся, аддае рэшту. Тут жа тэлефануе калегу, скардзіцца: «Дзіма паехаў раней часу, каб кліентуру забраць! Зараз не яго чарга!» — «А табе нас мала, — уздыхаю сама сабе я і не па добрай волі нюхаю валасы жанчыны, якая побач стаіць. — Адной рукой капейкі лічыць, другой — тэлефонную трубку трымае, каленямі кіруе рулём. Божа, давязі...»

    Унаступны раз ужо назіраю за маршруткамі разам з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі Маскоўскага раёна. Першая машына, якая патрапіла ў поле зроку інспектараў, хутка перастроілася ў іншую паласу, схаваўшыся ад праверкі за аўтобусам. Хітра!

    — Эх, зараз кіроўца іншаму патэлефануе, і праз сарафаннае радыё апавясцяць адзін аднаго, што праходзіць рэйд, — кажа Уладзімір Задароўскі, дзяржаўтаінспектар АДАІ Маскоўскага раёна.

    Так яно і адбываецца. Маршруткі, што праязджаюць, перавозяць аптымальную колькасць людзей. Раптам на вочы трапляе кіроўца, які вырашыў аб’ехаць патрульную машыну — паехаў замест крайняй правай паласы, па якой абавязаны рухацца, па крайняй левай. Спыняем.

    — У другую або трэцюю паласу ці ў крайнюю левую ім можна пераходзіць толькі для апярэджання, аб’езду перашкод, павароту або развароту, — тлумачыць Уладзімір Задароўскі.

    Пакуль кіроўца дае тлумачэнні, інспектар знаходзіць яшчэ адну нагоду для пытання: чаму не працуюць лямпачкі для падсвечвання нумара?

    — На мінулым тыдні раніцай мы толькі за паўгадзіны аштрафавалі 10 кіроўцаў маршрутак — ва ўсіх колькасць людзей была недапушчальна вялікай. Нам часта даводзіцца ў рэйдах выслухоўваць ад пасажыраў папрокі, што адымаем іх час — яны спяшаюцца і ім усё роўна, як ехаць — седзячы або стоячы. Але яны не разумеюць, што ў выпадку аварыі пацерпяць больш за іншых, — кажа Уладзімір Задароўскі. — Мы разумеем, што ўсе раніцай спяшаюцца на працу, таму на месцы фіксуем парушэнне, запісваем даныя пра кіроўцу і ўжо на канцавым прыпынку праводзім разбор.

    Так, за перавоз пасажыраў стоячы кіроўцу пагражае пакаранне ад папярэджання да штрафу ў 4 базавыя велічыні. Пры паўторным — ад 2 да 8 базавых.

    Мы едзем на канцавы прыпынак. Бачым, як маршруткі спешна пакідаюць стаянку — усім дружна захацелася на выезд. Некаторыя ўсё ж засталіся, іх правяраем: вогнетушыцель, аптэчка новага ўзору, стан аўто, дакументы кіроўцаў... Усё ў норме. Інспектары кажуць, што ў апошні час і сапраўды перавозчыкі ўзяліся за розум — вялікая канкурэнцыя. Ды і транспарт «памаладзеў» — старыя «газелі» змянілі сучасныя іншамаркі.

    І ўсё ж выключэнні ёсць. Не так даўно, успамінае напарнік Уладзіміра Задароўскага Аляксандр Мінчукоў, спынілі п’янага кіроўцу маршруткі, які ехаў з брэсцкага на-прамку.

    — Нядаўна таксама вырашылі праверыць прыгарадныя маршруты і выявілі тое, чаго даўно не бачылі: там некаторыя кіроўцы ставяць дадатковыя сядзенні ў салоне — табурэткі, скрынкі, — кажа Уладзімір Задароўскі. — Вадзіцелі тлумачаць перагруз у сваіх салонах проста: маўляў, зарабляюць яны толькі ў часы пік. Днём даводзіцца ездзіць амаль пустымі. Вось і набіваюць раніцай і ўвечары людзей у машыну пад завязку.

    — Узмоцненая праверка маршрутак будзе праходзіць да красавіка. Звязана гэта з тым, што ў апошні час пачасцілася колькасць ДТЗ з удзелам маршрутак, таксі, аўтобусаў, тралейбусаў, — расказвае старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела АДАІ Маскоўскага раёна Мінска Любоў Трапашка. — Вось сёння правяралі таксі: з трох у дваіх былі заўвагі. Больш за тое, у аднаго кіроўцы колькасць штрафаў склала агульную суму ў 300 рублёў. Спераду дзяржнумар быў жоўты, маўляў, таксі, а ззаду — белы. Заднія колы былі цалкам «лысыя» і да таго ж летнія! Шкло лабавое трэснутае... І вось так яны возяць пасажыраў.

    Дзмітрый Палянін, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Маскоўскага раёна, дадае:

    — Толькі тры спецыялісты тэхнічнага нагляду за 2016 год выявілі 207 парушэнняў пры перавозцы пасажыраў у Маскоўскім раёне. Правяраем мы не толькі маршруткі і таксі. Правяраем і аўтобусы, хоць за імі таксама рэгулярна сочаць і аддзелы бяспекі руху паркаў горада. На жаль, і маршрутчыкі, і кіроўцы аўтобусаў часам дапускаюць адны і тыя ж памылкі: размаўляюць па тэлефоне, адцягваюць сваю ўвагу ад дарогі, а потым трапляюць у недарэчныя аварыі і самі ж здзіўляюцца: «Я столькі гадоў за рулём, увесь час на гэтым маршруце працую, ну як так?!»

    Акрамя ДАІ, правярае маршруткі і таксі яшчэ транспартная інспекцыя. Намеснік начальніка ўпраўлення кантролю транспартнай дзейнасці філіяла транспартнай інспекцыі па Мінску і Мінскай вобласці Анатоль Каспарэвіч прыводзіць лічбы:

    — За 2016 год па аўтамабільных перавозках пасажыраў у нас было праведзена 1578 праверак. Усяго праверана 18 902 транспартныя сродкі, выяўлена 1658 парушэнняў, выдадзена 1097 прадпісанняў на ліквідацыю дапушчаных парушэнняў. Таксама намі было накіравана 39 матэрыялаў на спыненне дзеяння спецыяльных дазволаў. Па 25 арганізацыям было спынена дзеянне ліцэнзіі за сістэматычныя парушэнні.

    Простая мова

    Аляксандр Лешчанка, начальнік аддзела кантролю і дагаворнай работы ДУ «Сталічны транспарт і сувязь»:

    — Зараз у Мінску ў час пік працуе 517 маршрутных таксі. У параўнанні з 2016 годам колькасць не змянілася. Парк маршрутных таксі складаецца з транспартных сродкаў з тэрмінам эксплуатацыі не больш за 10 гадоў. Сярэдні ўзрост маршрутных таксі — 5,8 года. Можна сказаць, што ў Мінску маршрутныя таксі з’яўляюцца запатрабаваным відам транспарту. Пакуль 3 працэнты ад агульнай колькасці перавозак пасажыраў у Мінску займаюць менавіта маршруткі.

    Автор: Алина КАСЕЛЬРэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)