26 Апреля, 2024 Пятница

У глыбінку - з таварамі

  • 14 февраля 2017 Общество Беларуская 0

    Нават у халодныя зімовыя дні жыццё ў глыбінцы не заціхае. Кожны з тых, каму лёс наканаваў жыць у невялічкіх вёсачках, якія знаходзяцца далёка ад райцэнтра, плануе нешта сваё, вырашае асабістыя праблемы. Стварыць прымальныя ўмовы існавання дапамагае аўтамагазін, работа якога арганізавана Капыльскім райспажыўтаварыствам. Менавіта каля вітрыны аўталаўкі па пэўных днях сустракаюцца аднавяскоўцы, а прадавец Ірына Галуза заўсёды падкажа, які тавар лепш набыць, даведаецца пра стан здароўя і проста пагутарыць з мясцовымі жыхарамі.

    У рэдакцыі раздаўся тэлефонны званок:

    — Добры дзень! Гэта да вас тэлефануе Тамара Леанідаўна з вёскі Вострава. Хачу расказаць пра нашага прадаўца аўтамагазіна Ірыну Уладзіміраўну Галузу. Яна вельмі добра і старанна працуе. Мы, жыхары Вострава, вельмі задаволены абслугоўваннем. Надта старанная жанчына!

    Застацца  ўбаку ад шчырых слоў удзячнасці за добрую і старанную працу мы вядома ж, не маглі. Таму ў адзін са студзеньскіх дзён накіраваліся ў тую самую вёску Вострава, што ў Блеўчыцкім сельсавеце.

    Вёска гэтая ўваходзіць у адзін з гандлёвых маршрутаў райспажыўтаварыства: Першамайская–1-я вуліца Чырвонай Дубравы–2-я вуліца Чырвонай Дубравы–Калініна–Маёва–3-я вуліца Чырвонай Дубравы–Вострава–Домантавічы–Кіявічы–Лешня. Дні абслугоўвання — панядзелак, серада і пятніца. Разам з прадаўцом Ірынай Галузай працуе вадзіцель Дзмітрый Курневіч.

    Па заснежаных дарогах нашага раёна коціцца магазін на колах — аўталаўка, каб даставіць неабходныя прадукты харчавання, прамысловыя тавары туды, дзе ўжо не працуюць гандлёвыя кропкі. Яе з вялікім нецярпеннем чакаюць жыхары маленькіх вёсачак, каб не толькі набыць неабходнае, але і сустрэцца адзін з адным, абмеркаваць апошнія навіны.

    Аб сваім прыездзе аўталаўка нагадвае працяглым сігналам. Яе ўжо чакаюць мясцовыя жыхары. Прыпынак — амаль ля кожнай хаты. Ды іх такіх, дзе жывуць людзі, у Востраве не так ужо і шмат. У некалі даволі вялікай вёсцы зараз пражываюць 11 чалавек.

    Вось спяшаецца да прылаўка прыемная жанчына. Пакуль чакае сваёй чаргі, разгаварыліся. 

    — Мяне завуць Зінаіда Міхайлаўна Карзан, — крыху саромеючыся, расказвае суразмоўца. — Мне вельмі падабаецца абслугоўванне. Прадавец ветлівая і сумленная. Калі няма якога тавару, дык яна заўсёды прывязе. Ведаеце, жыву тут ужо даўно. Усё жыццё адпрацавала ў  Саюздруку ў Мінску. Пасля таго, як выйшла на пенсію, вырашыла вярнуцца ў родную вёску. Справа ў тым, што з-за праблем са здароўем урач рэкамендаваў пераехаць з горада. Таму і вярнуліся сюды ў 1998 годзе з мужам Паўлам Канстанцінавічам, пабудавалі хату. Ды і жывём сабе паціху.

    — Так, Ірынка наша, калі прыязджае і бачыць, што хто-небудзь не выйшаў, заўсёды паклапоціцца, зойдзе ў хату, даведаецца, што здарылася. А калі чаго сёння няма, то заўсёды прывязе іншым ра-зам, — разлічыўшыся з прадаўцом, дапаўняе гаваркая жанчына. Аказалася, гэта і ёсць тая самая Тамара Леанідаўна Чыкун, што патэлефанавала ў рэдакцыю. — Нас тут засталося мала. Павінен яшчэ быў падысці дзядок, але захварэў. Я ўжо ўзяла яму прадукты ды зараз занясу.

    Каля другой хаты, дзе спынілася аўталаўка, чакаюць дзядуля з бабуляй. Знаёмімся: Галіна Антонаўна Аляшкевіч і Іван Іванавіч Станіслаўчык. Ужо 15 гадоў, як жывуць тут разам.

    — Дай мне, калі ласка, кавалачак вэнджанага мяска. Толькі невялікі які, — просіць Іван Іванавіч. — А гарох ёсць? Пачак давай. Рыс?.. Пачак. Не, гароху яшчэ адзін давай. І грэчку.

    — І цукерачак мятных, — просіць Галіна Антонаўна. — Булачкі ў нас яшчэ ёсць, да панядзелка хопіць. Батончыкі дай, вафелькі… Жывецца нам добра. Пенсію даюць своечасова. Аўталаўка абслугоўвае. Што яшчэ трэба? Усяго нам хапае, — нібы падагульняе бабуля.

    Але ўбачыўшы нас, новых для вёскі людзей, пакупнікі застаюцца, каб крыху паразмаўляць.

    — Я працаваў механізатарам у калгасе больш за 20 год, — расказвае Іван Іванавіч. — Потым пайшоў на пенсію, бо здароўя няма. Але нічога, коніка яшчэ дзержымо. Адзінага на ўсю вёску. Дапамагае аднавясковец. Так і жывём паціху. Газеты выпісваю. Асабліва люблю раёнку. Гэта — мая газета. Дажа разгавору няма! Я яе праглядваю толькі так! Асабліва цікава чытаць, дзе якія здарэнні, каго чым узнагародзілі. Віншаванні са святамі падабаюцца, разглядваю знаёмых механізатараў, што яшчэ працуюць. Для нас добра — у раёнцы ўсё ёсць!

    Развітаўшыся з гаварлівым дзядулем, рушым за аўталаўкай далей. Вось каля сваёй хаты чакае мужчына.

    — Вы пра прадаўца нашага пішаце? — здагадаўшыся, ён падыходзіць да нас сам. — Уладзімір Сцяпанавіч Дудко, былы шахцёр, рабіў на «Беларуськаліі». За тыя сем гадоў, што я тут жыву, змянілася шмат прадаўцоў. А гэтая жанчына — проста дар! Вельмі прыемна, калі цябе абслугоўваюць ветліва і з павагай. Добра было б, калі б яе заахвоцілі і неяк матэрыяльна… У мяне ў Салігорску засталася сям’я, але жыць я вырашыў тут. Зараз без вёскі не магу. Учора пабыў у гора-дзе, мне хапіла. Я — пчаляр. А гэта пастаянная праца. Трэба даглядаць пчолак. Ды каб лішні раз машына каля маёй хаты не спынялася, я вось што прыдумаў. Бачыце, слупок стаіць. На ім дзве таблічкі. Калі я дома, стаўлю «Да». Калі адсутнічаю, мяняю на «Нет». Вельмі зручна.

    Амаль у канцы вёскі чакае аўталаўку яшчэ адзін пакупнік.

    — Жыву тут, у Востраве. Завуць мяне Зінаіда Міхайлаўна Аляшкевіч, — з ахвотай расказвае  жанчына. — Ірына — вельмі добры, прыстойны чалавек, заўсёды дае чэкі, правільна адлічвае грошы на здачу. Мы вельмі радыя, што ў нас такі прадавец… А засталася я тут пасля таго, як памерлі мае бацькі, даглядаць якіх я і прыехала крыху раней. Бацька мой, Аляшкевіч Міхаіл Іванавіч, — удзельнік Вялікай Айчыннай. Да выхаду на заслужаны адпачынак я працавала ў Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь галоўным спецыялістам (бухгалтарам).

    Пабачыўшы на свае вочы, як працуе Ірына Уладзіміраўна, знаходзім своеасаблівыя сакрэты яе майстэрства: для кожнага вяскоўца прадавец знойдзе добрае слова, ведае запыты кожнага, памятае імя па бацьку. Ды і не можа адносіцца да сваіх пакупнікоў па-іншаму, бо бачыць, што большасць з іх — людзі паважанага ўзросту, якія з вялікай павагай ставяцца і клапоцяцца адзін пра аднаго. Ды і не можа Ірына Галуза дрэнна выконваць абавязкі, бо проста любіць сваю справу.

    Зінаіда Дубадзелава, начальнік участка Капыльскага райспажыўтаварыства:

    — Так, згаджуся, што Ірына Галуза працуе вельмі вынікова. Тэмп росту за 2016 год аўтамагазіна, які за ёй замацаваны, склаў 126,8%. У той час, калі тэмп росту ўсіх аўтамагазінаў — 104% (у супастаўных цэнах да 2015 года). Упэўнена, што Ірына Уладзіміраўна будзе працаваць так старанна і далей.

    Фота аўтара

    Автор: Дзіяна ТКАЧЭНКАСлава працы
    Теги: 

Комментарии (0)