20 Апреля, 2024 Суббота

Не адкладвайце міласэрнасць на заўтра!

  • 27 февраля 2017 Общество Беларуская 0

    «… Як часта, прачытаўшы або пачуўшы інфармацыю пра хворае дзіця, мы загараемся жаданнем дапамагчы. І як часта забываемся пра гэта. Нехта ніколі не меў справу з банкаўскімі пераводамі, камусьці трэба знайсці ручку, каб перапісаць сабе нумары тэлефонаў для ахвяраванняў, а некаму — знайсці час для паходу ў банк. Мы бяжым на работу, спяшаемся па справах, спазняемся, зноў бяжым. А ўвечары ўспамінаем, што не зрабілі сёння нейкую дробязь — такую важную для маленькага чалавечка, які пакутуе і кожную хвіліну спадзяецца на цуд!».

    Гэта напісала маладзечанка Таццяна Банковіч на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках. Яе дачка Віялета нарадзілася здаровай, аднак у дзіцячым садзе ў яе сталі праяўляцца трывожныя сімптомы. У выніку 12-гадовай дзяўчынцы быў пастаўлены дыягназ «спінальна-мышачная атрафія», падключыліся і цяжкія спадарожныя захворванні. Дзіця прыкаванае да інваліднага крэсла. Круціць колы звычайнай каляскі дзяўчынка не можа: няма сіл у руках. Бацькам цяжка ўсведамляць, што Віялета пазбаўленая звычайных радасцей дзяцінства, яны, як могуць, разнастаяць жыццё дачкі цікавымі заняткамі — спевамі, маляваннем, шахматамі. Віялета вельмі хоча ездзіць самастойна на гурткі і ў школу, а не займацца на даму. Яе самая запаветная мара не падобная на звычайныя дзіцячыя: пра лялькі, смартфон ці паездку на мора. Дзяўчынка марыць пра спецыяльную электракаляску з вертыкалізатарам, якая стане яшчэ і трэнажорам, дапаможа спраўляцца з паўсядзённымі справамі. Шмат што здаецца дробяззю для здаровага чалавека, але становіцца непераадольнай перашкодай для таго, хто не ходзіць.

    Дзе мы ў рэйтынгу?..

    Дабрачыннасць, валанцёр. Гэтыя словы апошнім часам ужываюцца ўсё часцей. Дзякуючы тэлебачанню, газетам і інтэрнэту просьбы аб грашовай дапамозе хворым дзецям штодня чуе і бачыць бадай кожны. Скрынкі для ахвяраванняў стаяць у многіх магазінах. Не дзіва: у дзяржавы на ўсё сродкаў не хапае. Бедна ці неахайна апранутыя людзі ля царквы, якія цягнуць да нас далонь і з надзеяй зазіраюць у вочы. Мы ж ведаем, куды яны пабягуць, здабыўшы грошы. Нямоглая суседка ў кватэры побач, якая амаль не выходзіць на вуліцу. Хіба гэта наша справа, як яна жыве? Напэўна, у яе ёсць дзеці. І мы спяшаемся, бяжым па сваіх справах… Ці ўсё ж зрэдку спыняемся?

    Міжнародны дабрачынны фонд Charities Aid Foundation штогод публікуе рэйтынг дабрачыннасці World Giving Index (WGI). Рэспандэнты ў розных краінах адказваюць на тры пытанні: ці ахвяравалі грошы некамерцыйнай арганізацыі, ці працавалі ў некамерцыйнай арганізацыі ў якасці валанцёра, ці аказвалі дапамогу незнаёмаму чалавеку, які  жыве ў нястачы. Беларусь па выніках 2016 года ў гэтым рэйтынгу заняла… 100-е месца з 140 краін: 24% апытаных беларусаў давалі грошы на дабрачыннасць, 34% дапамаглі незнаёмцам, а 22% трацілі час на валанцёрства ў месяцы перад правядзеннем апытання. Дарэчы, наша краіна ў 2014 годзе займала ў гэтым спісе 84-е месца, а ў 2015-м перамясцілася на 103-і радок.

    Сярод постсавецкіх краін на самай высокай пазіцыі — 11-й — знаходзіцца Узбекістан. Туркменістан займае 14-е месца, Кыргызстан — 34-е, Казахстан — 96-е, Украіна — 106-е, Грузія — 120-е, Арменія — 130-е, Азербайджан – 131-е месца. Расія ў дадзеным спісе 126-я.

    На першым радку рэйтынгу апынулася М’янма, далёка не самая багатая краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе ў дабрачыннасці ўдзельнічаюць больш за дзве трэція часткі насельніцтва. Далей лідзіруючыя месцы размеркавалі паміж сабой ЗША, Аўстралія, Новая Зеландыя і Шры-Ланка. На апошняй,  140-й пазіцыі, знаходзіцца Кітай.

    Ці лёгка прасіць...

    Зноў прыводжу словы Таццяны Банковіч: «Прасіць. Гэта крайні крок для бацькоў хворых дзяцей. Многія пытаюцца: «Чым я магу дапамагчы, калі ў мяне невялікая зарплата?». Людзі саромеюцца малых сум. Навошта сумнявацца? Любы, нават самы маленькі ўклад можа аказацца рашаючым. Важная не сума аказанай дапамогі, а колькасць неабыякавых, спагадлівых людзей, якія дапамагаюць». Дзякуючы намаганням мамы пра Віялету расказалі многія цэнтральныя і рэгіянальныя газеты Беларусі, некалькі тэлеканалаў, дабрачынных фондаў і інтэрнэт-праектаў. Немагчыма падлічыць, колькі чалавек не адвярнулася, не адклала гэту просьбу «да лепшых часоў». Вялікая сума для пакупкі каляскі для дзяўчынкі збіраецца ў асноўным з невялікіх, пасільных для кожнага ўкладаў. Таццяна расказала, што найчасцей пераводзілі беларускія рублі на спецыяльны мабільны нумар і картку Беларусбанка. Шмат людзей, у тым ліку пажылых, прыходзілі з грашыма да іх дадому. Бацькі Віялеты дзякуюць усім, хто дапамог.

    Яшчэ летам патрэбная сума ў 12420 еўра здавалася нерэальнай для сям’і Банковіч з сярэднім даходам. На 6 лістапада было сабрана каля 3 тысяч еўра, на 5 снежня — амаль 4 тысячы. У пачатку студзеня сабраная сума пераваліла за палову. На сёння для закрыцця збору засталося зусім няшмат — крыху больш за 2 тысячы еўра.

    Талакой можна горы зрушыць

    Кранула гісторыя, якая адбылася летась у Віцебску. Вучні некалькіх гімназій і школ 1 верасня прыйшлі ў школу без традыцыйных букетаў. Грошы, якія маглі б пайсці на ружы, хрызантэмы і гладыёлусы для настаўнікаў, бацькі і дзеці вырашылі аддаць на дабрачыннасць — іх маленькая зямлячка 4-гадовая Жэня Батурэвіч змагалася з ракам, і ёй тэрмінова патрэбны былі сродкі на лячэнне. Акцыя атрымала назву «Урокі дабра». У спецыяльныя скарбонкі дзеці і дарослыя клалі грашовае ахвяраванне, а ўзамен атрымлівалі сцяжок з партрэтам хворай дзяўчынкі і стаялі з ім на лінейцы. Сцяжкі з надпісам «Я дапамагаю Жэнечцы» трымалі дырэктар школы, педагогі.

    Дапамогу дзяўчынцы каардынуюць валанцёры. Сёння ў яе групе ў сацыяльнай сетцы ёсць інфармацыя пра сабраную суму і пра тое, як ідзе лячэнне. Жэня папраўляецца, і гэта радасць не толькі для сям’і, але і для тысяч абсалютна незнаёмых людзей, якія дакрануліся да яе лёсу. Здаецца, гэты ўрок дабрыні школьнікі запомняць значна лепш, чым дзесяць бацькоўскіх рэплік пра тое, што трэба падзяліцца, уступіць або пашкадаваць.

    Аплачана дабрынёй

    … Пачынаецца дзень, і на старонцы дапамогі Віялеце Банковіч у інтэрнэце з’яўляюцца новыя запісы. «Сапраўды важныя рэчы аплачваюцца часцінкамі душы, а жаданне дапамагчы часта ўзнікае раптам, спантанна — з глыбіні сэрца. Мы верым: не абавязкова быць багатым, каб быць добрым. Зусім незнаёмыя людзі нясуць святло ў наша жыццё. Дапамажыце!» — зноў чытаю я. Упэўнена: пройдзе некалькі тыдняў, і тут абавязкова з’явіцца доўгачаканы пост: «Мы ўдзячныя вам. Збор на каляску закрыты». Збор, які аплачаны не толькі грашыма. У Віялеты пачнецца новы этап жыцця. Акрамя барацьбы з хваробай яе чакаюць новыя спадзяванні, магчымасці, адкрыцці. Ёй падораць гэты шанц тысячы чужых людзей.

    «Робячы добрыя справы, чалавек вучыцца любіць, вучыцца міласэрнасці. Гэта і ёсць мэта жыцця — вучыцца любіць. Дапамагаючы камусьці, у першую чаргу мы дапамагаем сабе. Памятайце пра гэта, калі да вас цягнуцца рукі з маленнем аб дапамозе. Разважаеце: дапамагчы ці не дапамагчы? Ці патрэбна гэта вам? Не сумнявайцеся: патрэбна!».

    У рамках Дня праваслаўнай кнігі (6 сакавіка) у Палацы культуры пройдзе акцыя «Добрае сэрца» ў падтрымку Віялеты Банковіч. У фае Палаца будзе арганізавана выстаўка малюнкаў Віялеты. Запрашаем маладзечанцаў і гасцей паўдзельнічаць!

    Самы просты спосаб дапамагчы цяпер — пералічыць грошы на картку Беларусбанка або нумар мабільнага аператара Life.

    Картка Беларусбанка — 4255 2000 3633 5263 да 04/17.

    Дабрачынны нумар Life – 8-025-533-20-41.

    Автор: Лилия ЛИПНИЦКАЯ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)