19 Апреля, 2024 Пятница

Благодаря предпринимателям из Пружанского дети из приюта поиграли с песком. Инновационным!

  • 28 февраля 2017 Общество Беларуская 0

    Напэўна, кожны з нас памятае, з якім задавальненнем у дзяцінстве (далёкім ці нядаўнім) будаваў замкі ці выпякаў кулічыкі з пяску ў дваравой пясочніцы, на беразе рэчкі, возера, а каму пашанцавала, то і мора.

    Але аказваецца, ёсць пясок, з якога з не меншым захапленнем можна ляпіць і дома. Кінетычны пясок валодае ўсімі  якасцямі мокрага рачнога,  хаця ў ім зусім няма вільгаці. Ён падобны і на пластылін, з якога атрымліваюцца такія цудоўныя фігуркі, але не пакідае слядоў ні на стале, ні на руках.

    Як расказаў нам дырэктар ТАА «Універсумбел» Ю.В.Асіповіч, планы на будучыню ў прадпрыемства даволі сур’ёзныя, адразу мяркуецца асвойваць экспартны накірунак. Аказваецца, падобная прадукцыя для дзіцячай творчасці запатрабавана, але пакуль у нашай краіне яна не выпускалася, ды і расійскія прадпрымальнікі наладзілі падобную вытворчасць не так даўно.

    98% гэтага матэрыялу складаецца са звычайнага кварцавага пяску. Да яго дадаюцца абсалютна бяспечныя палімерныя дабаўкі, якія ў якасці згушчальніка выкарыстоўваюцца ў харчовай прамысловасці. Але  поўнасцю сакрэты вытворчасці журналістам не раскрылі, як і  не далі сфатаграфаваць абсталяванне, распрацоўка якога —  ноу-хау кампаніі. 

    Кінетычны пясок вядомы спажыўцу пад некалькімі брэндавымі назвамі: «жывы», «касмічны», «чароўны», «месяцовы» і інш. ТАА «Універсумбел» афіцыйна зарэгістравала сваю прадукцыю як «мадыфікаваны пясок». Першую партыю яго — 100 кілаграмаў — прадстаўнікі таварыства і прывезлі на «выпрабаванне» выхаванцам сацыяльнага прытулку, каб паглядзець, ці спадабаецца ім такая цацка.

    Сапраўды, толькі дзіця зможа сумленна сказаць, што «кароль голы». Таму Юрый Васільевіч, як потым прызнаўся, з заміраннем сэрца глядзеў на гульню дзяцей з кінетычным пяском.

    Але меў рацыю адзін з пачынальнікаў расійскай педагогікі К.Д. Ушынскі, які больш за сто гадоў таму сказаў, што «для дзіцяці самая лепшая цацка — кучка пяску».  Дзіцячымі  рукамі «выпякаліся» пірагі і бутэрброды, узводзіліся і тут жа руйнаваліся палацы, за пярсцёнкамі і каралямі паўставалі караблікі і танкі. Ледзь адарвалі малых ад гульнявых сталоў, калі надышоў час вячэраць.

    — Цяпер я  бачу, што наша прадукцыя будзе запатрабавана, бо самае дарагое пацвярджэнне мы атрымалі — шчырую дзіцячую ўсмешку,— выказаў сваё задавальненне дырэктар фірмы.

    Ю.В.Асіповіч лічыць, што падобнае супрацоўніцтва з сацыяльнай установай працягнецца. Хутка  на прадпрыемстве мяркуюць пашырыць асартымент: выпускаць кінетычны пясок з рознай каляровай гамай, а таксама ў камплекце з формачкамі для лепкі. І ўсё гэта будзе адразу «выпрабоўвацца» выхаванцамі прытулку з выдачай самага непадкупнага карыстальніцкага рэзюмэ.

    А самыя бліжэйшыя планы — адвезці такія ж падарункі ў  дзіцячыя дамы Брэсцкай вобласці, каб поўнасцю пераканацца ў вышэйшай дзіцячай ацэнцы.

    На наша пытанне наконт абгрунтаванасці такой дабрачыннасці маладога прадпрыемства  дырэктар таварыства адказаў, што бізнэс ніколі не зможа падмяніць дзяржаўную апеку, але падставіць  плячо тым, хто мае ў гэтым  патрэбу, дапамагчы дзяржаве вырашаць сацыяльныя пытанні  проста абавязаны.

    А яшчэ «Універсум» мяркуе адкрыць лазню для жыхароў Слабудкі, якая ў свой час  была закрыта з-за нерэнтабельнасці. Работы па аднаўленні будынка ўжо  пачаліся.

    Алег Сідарэнка. Фота аўтара.

    Автор: Алег СідарэнкаРаённыя будні

Комментарии (0)