29 Апреля, 2026 Среда

У раённай паліклініцы запушчаны ў эксплуатацыю сучасны рэнтгенадыягнастычны апаратны комплекс "Уніэксперт – 3 +"

  • 06 марта 2017 Общество Беларуская 0

    У раённай паліклініцы адбылася значная падзеяу мінулы аўторак у абноўленымрэнтгенадыягнастычным кабінеце запушчаны ў эксплуатацыю сучасны рэнтгенадыягнастычныапаратны комплекс “Уніэксперт – 3 +”.

    На ўрачыстым мітынгу з гэтай нагоды, у якім прынялі ўдзел начальнік упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр ЖЫЛІН, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК, медыцынскія работнікі ўстановы, галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО адзначыў, што абсталяванне коштам у 2,5 млрд недэнамінаваных рублёў было закуплена Міністэрствам аховы здароўя, а рамонт кабінета праводзіўся за пазабюджэтныя сродкі райбальніцы і ўласнымі сіламі медыкаў. Спонсарскую дапамогу па замене і ўстаноўцы вокнаў аказаў калектыў ПМК № 241.

    Сучасны рэнтгенадыягнастычны апаратны комплекс “Уніэксперт – 3 +” з’яўляецца інавацыйнай тэхналогіяй у паўсядзённай лекарскай практыцы, а рэнтгенаграфія – адным з найбольш простых і запатрабаваных метадаў дыягностыкі розных захворванняў, уключаючы сухоты, злаякасныя новаўтварэнні і іншыя.

    Рэнтгенадыягнастычных апаратных комплексаў такога кшталту ў лячэбных установах Магілёўшчыны пакуль што лічаныя адзінкі, і бялынічанам вельмі пашанцавала, бо яны атрымалі выдатную магчымасць карыстацца такімі якаснымі медыцынскімі паслугамі ў самым шырокім спектры рэнтгенаўскіх даследванняў. Пры гэтым абследванне праводзіцца з мінімальнай дозавай нагрузкай на пацыента.

    Як патлумачыла ўрач-рэнтгенолаг паліклінікі, малады спецыяліст Вольга ШЧАМЯЛЁВА, пры дапамозе новага апаратнага комплексу будуць праводзіцца абследванні косце-мышачнай і косце-сустаўнай сістэм, органаў грудной клеткі, страўніка-кішачнага тракту і іншыя. Дзякуючы лічбавай выяве, што дазваляе павялічыць у памеры рэнтгена-здымак, зрабіць яго кантрастным, высокай дыягнастычнай якасці, можна разгледзець на ім нават самыя дробныя дэталі органа. Але гэта не толькі адна, хоць і вельмі істотная, адметнасць новага рэнтгенадыягнастычнага комплексу. Напрыклад, значна павялічваецца хуткасць атрымання выявы даследаванага органа ці сістэмы. Калі на папярэднім абсталяванні гэта працэдура займала да 10 і больш мінут, то цяпер, у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі, усяго толькі да паўтары мінуты. І менш. Скарачаюцца і фінансавыя выдаткі. Скажам, з-за непатрэбнасці ўжо вядомай усім рэнтгенаўскай пласціны, адпаведных рэактываў, праявачнага абсталявання… А камп’ютарны складнік комплексу дазваляе ажыццяўляць не толькі функцыі кіравання і апрацоўкі здымкаў, але і выкарыстоўваць іх у электронных камунікацыях. Маючы на ўвазе гэту адметнасць, начальнік упраўлення аховы здароўя Магаблвыканкама Аляксандр Жылін, знаёмячыся з магчымасцямі новага рэнтгенадыягнастычнага кабінета, даручыў галоўнаму ўрачу райбальніцы арганізаваць аператыўнае ўзаемадзеянне з абласной бальніцай, якое павінна быць заснавана на прынцыпах тэлепаліклінікі.

    Безумоўна, пасля ўрачыстага адкрыцця рэнтгенадыягнастычнага кабінета гаспадыні яго, урач-рэнтгенолаг Вольга Шчамялёва, рэнтгенлабаранты Наталля ШАБУСАВА і Тамара КАНАВАЛЁНАК, правялі абследаванне першага пацыента. Працэдура прайшла вельмі хутка і з высокаякасным вынікам.

    Міхась КАРПЕЧАНКА.

    Фота аўтара.

    Автор: Міхась КАРПЕЧАНКАЗара над Друццю

Комментарии (0)