03 Мая, 2024 Пятница

За первую неделю марта продавцы цветов планируют сделать четверть годового оборота

  • 07 марта 2017 Общество Русский 0

    Да 8 Сакавіка нашы вытворцы вырасцілі каля 1,5 мільёна штук кветак на зрэз — у два разы больш, чым у мінулым годзе. З прылаўкаў расхопліваюць і букеты з Галандыі, Нідэрландаў, Калумбіі, Эквадора і Ізраіля. Карэспандэнт «Р» даведалася, ці «кусаюцца» цэны прадаўцоў і якія букеты сёння ў трэндзе?

    Напярэдадні жаночага свята ў магазінах і на рынках выстройваюцца вялізныя чэргі. Кветкі бяруць паштучна і ахапкамі. Самы хадавы тавар — цюльпаны. Тых, што вырасцілі ў нас, больш за 25 гатункаў. «Гандаль ідзе бойка, але зарабіць на кветках шмат не атрымліваецца, дарагія браць не будуць», — за гады працы прадавец, які гандлюе каля плошчы Якуба Коласа, ужо разбіраецца ў некаторых маркетынгавых штучках.

    Прапануе сабраць прыстойны букет па вельмі дэмакратычнай цане — кошт аднаго цюльпана вар’іруецца ад 1,8 да 2,5 рубля. Прыблізна ў тую ж суму абыдуцца і герберы. Іх, ад нашых вытворцаў, сем гатункаў. А вось з ружамі вызначыцца больш складана. Ад разнастайнасці вочы разбягаюцца: гандлёвыя кропкі прапануюць больш за 40 разнавіднасцей свежазрэзаных галандскіх гібрыдных гатункаў. Даўжыня сцёблаў — ад 40 да 100 см.

    «Кветкавая прадукцыя, якая вырошчваецца цяплічнымі гаспадаркамі на зразанне, у асноўным рэалізуецца праз уласную гандлёвую сетку ў Мінску. Цэнавы сегмент разлічаны на насельніцтва з сярэднім узроўнем даходу», — адзначылі ў галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.

    Іду на разведку. У пераходзе каля мінскага чыгуначнага вакзала не праціснуцца — з усіх бакоў размясціліся прадаўцы кветак. Больш за ўсё тут гандлёвых кропак ДарАРЗ. Цэны ў дзяржпрадпрыемства прывабныя: беларускія ружы каштуюць ад 1,9 да 4 рублёў, у той час як імпартныя бутоны пацягнуць на суму ад 2,5 да 5,5 рубля.

    «А яшчэ герберы, лілеі, альстрымерыі ёсць. Або аддаяце перавагу гаршковым кветкам?» — заўважыўшы маю цікавасць, звяртае на сябе ўвагу прадавец. Ветлівая, але відаць, што ўжо злёгку прытамілася. «Я па класіцы. Давайце чырвоныя!» — цягнуся да любімых руж, але адбіраць кветкі ў букет усё ж давяраю прафесіяналу.

    Надзея Васільеўна абгортвае кветкі тоўстай паперай, беражліва фіксуе ўпакоўку на верхавіне букета — каб ні дождж, ні вецер пялёсткі не сапсавалі. Між тым прызнаецца, што вельмі любіць сваю працу: з бутонамі ды пялёсткамі можа няньчыцца цэлымі днямі. Мая новая знаёмая не супраць яшчэ крыху пагаварыць, але праца не чакае: падаспелі новыя кліенты.ытворцы даўно вывучылі прыхільнасці нашых пакупнікоў — у асноўным мы аддаём перавагу ўстойлівым і высокім кветкам на тоўстым сцябле, з буйным бутонам.

    Напярэдадні «кветкавай» даты ў барацьбу за пакупніка ўступаюць і вулічныя гандляры. Калі дзяржпрадпрыемствы стараюцца не завышаць кошт кветак, то нелегалы пакупнікоў не шкадуюць і заломваюць цэны як хочуць. За пару дзён актыўнага продажу маюць немалыя грошы.

    «5 рублёў за ружу», — адзін з іх адразу называе максімальны цэннік. «А калі пяць штук вазьму?» — спрабую дамовіцца. «Добра. За 4 кожную аддам», — ахвотна згаджаецца. «А адкуль кветкі?» — распытваю. «З інтэрнэту», — адказваюць мне па той бок імправізаванага прылаўка. Ружы і цюльпаны прадавец оптам заказаў у расійскіх перакупшчыкаў, зараз перапрадае ў тры разы даражэй першай цаны.

    «Машыну, вядома, за гэты заробак не куплю. Але на адпачынак каля мора хопіць дакладна», — смяецца нелегал. Але ўсмешка адразу ж знікае з твару: запрыкмеціў патруль міліцыі — прадавец хутка згарнуў «лавачку» і кінуўся наўцёкі, толькі пяткі замільгалі.

    За апошнія некалькі гадоў кветкавы рынак у нашай краіне больш-менш упарадкаваўся і арганізаваўся. Большасць прадаўцоў-прыватнікаў працуюць у рамках закона. На прыбытак у святы не скардзяцца — за першы тыдзень сакавіка прадаўцы спадзяюцца зрабіць чвэрць гадавога абароту. Кампаніі працуюць па папярэдняй замове — хадавыя кветкі фурамі прывозяць з-за мяжы. Там расліны, як і раней, прадаюцца на аўкцыёнах.

    Удзельнікі віртуальных таргоў выкупляюць лоты, седзячы за камп’ютарам. На экране высвечваюцца ўсе неабходныя характарыстыкі кветак і стартавая цана. Кошт, дарэчы, паступова падае — хто не ловіць мух, той паспявае хутка выкупіць расліны па выгаднай цане.

    «Да цаны адразу дадаюцца камісійныя аўкцыёну. З усімі «растаможкамі», мытнымі пошлінамі і зборамі, транспартнымі расходамі і падаткамі кошт кветак павялічваецца прыкладна ў два разы. Далей мясцовыя перакупшчыкі робяць накрутку рознічнай сетцы», — расказваюць у папулярнай мінскай аптовай фірме.

    З далёкіх краін тавар дастаўляюць самалётамі. Ружы, цюльпаны і іншыя традыцыйныя і экзатычныя кветкі, да прыкладу, з адносна недалёкай Галандыі вязуць машынамі каля трох дзён. Вытанчаныя расліны едуць да нас «на вадзе» — у пластмасавых кантэйнерах або «ў сухім выглядзе» — у каробках.

    «Каб кветкі даўжэй захавалі свой чароўны выгляд і свежасць, усю дарогу яны ўтрымліваюцца ў асаблівых умовах пры дакладна выверанай тэмпературы і вільготнасці», — тлумачыць Таццяна Закаблукава, спецыяліст мінскай фірмы «Гранфлор». Аптавікі загадзя рыхтуюцца да хлебных сакавіцкіх дзянькоў. «Да нас ужо прыйшлі чатыры фуры», — дадае суразмоўніца. Усяго ж да свята толькі гэтая кампанія паставіць 250 тысяч кветак, аб’ёмы — як і ў мінулым годзе.

    Замежныя вытворцы даўно вывучылі прыхільнасці нашых пакупнікоў — у асноўным мы аддаём перавагу ўстойлівым і высокім кветкам на тоўстым сцябле, з буйным бутонам. Але густы нашых жанчын паступова пачынаюць мяняцца. У кампаніі «Флаўэр Лэнд» заўважаюць: нярэдка, каб дагадзіць дамам, мужчынам даводзіцца шукаць экзатычныя расліны ці нават першацветы — амаль як у казцы «12 месяцаў». «У якасці падарунка ў самае пяшчотнае свята вясны ўсё часцей карыстаюцца папулярнасцю нестандартныя букеты. Нашы кліенты ахвотна бяруць калы, фрэзіі, эўстомы, пратэі, краспедыі і іншыя», — пра трэнды гэтага сезона расказвае Аляксандр Варвашэня, дырэктар фірмы.

    Зрэшты, сёння фларысты фантазіруюць, як могуць. Каб прыемна здзівіць кліентаў, складаюць букеты з іглічных галінак і шышак, кветак уперамежку з салодкімі прысмакамі, нават з гародніны і садавіны. Праўда, такія букеты б’юць па кішэні пакупнікоў. Незвычайныя аўтарскія работы могуць абысціся ў суму ад 30 рублёў і дасягнуць некалькіх соцень за штуку — у залежнасці ад зместу і памеру.

    Автор: Юлия ПОПКОРэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)