29 Марта, 2024 Пятница

Пяць дачушак - гэта шчасце!

  • 07 марта 2017 Общество Беларуская 0

    Давайце знаёміцца: мама Кацярына, тата Андрэй і пяць дачушак – Аксана, Анастасія, Яна, Варвара, Васіліса з Маладзечанскага раёна. Складваецца прыгожая формула з сямі «я», якая асацыіруецца са словам «сям’я».

    Сёлета Дзень жанчын для сям’і Ярмошка асаблівы. Напярэдадні свята Кацярына была прадстаўлена да ордэна Маці. Сярод нашых зямлячак, якія атрымалі гэту высокую дзяржаўную ўзнагароду, яна адна з самых маладых: у снежні ёй споўніцца 30 гадоў.

    Дзень пачынаецца з… косак

    Кацярына – маладзечанка, закончыла СШ №5, атрымала спецыяльнасць аператара швейнага абсталявання ў былым ПТВ-135. Андрэй родам з Пухавіцкага раёна. Пазнаёміліся яны ў Палачанах дзякуючы сябрам, 12 гадоў таму пажані-

    ліся. Мая субяседніца расказвае, што заўсёды хацелі з мужам мець не менш за трое дзетак. Андрэй марыў, каб першымі нарадзіліся дочкі.

    — У нас цудоўны муж і тата! — з пяшчотай гаворыць жонка. – Андрэй вялікі аптыміст, не баіцца ніякіх цяжкасцей. Ён будаўнік, складае зрубы дамоў, лазняў, іншых збудаванняў. Шмат працуе, каб забяспечыць сям’ю ўсім неабходным. І мне дапамагае па доглядзе дзяцей. Нават коскі дочкам навучыўся плесці. Кожная раніца ў нас пачынаецца з таго, што мы заплятаем доўгія валасы нашых дзяўчынак.

    Андрэй працуе станочнікам у ТАА «Леслентэхна», якое знаходзіцца непадалёк ад Раёўкі. Раней дабіраўся на работу з Маладзечна электрычкай, а затым яшчэ і аўтобусам. Цяпер Ярмошкі жывуць у Раёўцы: прадпрыемства наймае для іх кватэру. Мнагадзетная сям’я стаіць на чарзе на атрыманне жылля ў райвыканкаме, хочацца спадзявацца, што іх мара жыць ва ўласнай кватэры хутка збудзецца.

    Розныя характары

    Старэйшую дачку Аксану Кацярына нарадзіла ў 18 гадоў. 7 сакавіка  дзяўчынцы споўніцца 11, яна найпершая маміна памочніца. Аксана вучыцца ў пятым класе, наведвае гурток «Лідар», захапляецца бісерапляценнем, добра катаецца на роліках. Яна вельмі справядлівая і гаспадарлівая дзяўчынка, без праблем пакорміць малодшых, дапаможа ім апрануцца, дагледзіць іх, калі мама занятая. Малодшая за яе на тры гады Насця сёлета стала першакласніцай. Яна сур’ёзна ставіцца да школьных абавязкаў: любіць чытаць, пісаць. Пяцігадовая Яна самая энергічная сярод сясцёр, усмешка не сыходзіць з яе твару. Трохгадовая Варвара, наадварот, вельмі спакойная, заўсёды ўсім падзеліцца, імкнецца ўсіх памірыць. Малодшай Васілісе паўтара годзіка. Яна проста купаецца ў любові і пяшчоце мамы з татам і чатырох сясцёр.

    Догляд дзяцей – лепшы фітнес

    — Як удалося вам пасля пяці родаў захаваць выдатную фігуру? – не ўтрымалася, каб не спытацца ў Кацярыны.

    — З раніцы да вечара я ў клопатах аб сваёй сям’і, калорыі згараюць без усялякага фітнесу і дыеты. Школа, садзік, дамашнія заданні, кухня… У дзяўчынак розныя густы, часта даводзіцца гатаваць адразу некалькі страў, каб дагадзіць усім. Муж шмат працуе, па буднях спраўляюся адна. Старэйшая Аксана можа дзень-другі пагасціць у бабулі ў Маладзечне, малодшых ніколі не пакідала, не магу з імі расстацца нават ненадоўга.

    Узнагароды не чакала

    Кацярына гаворыць, што вестка аб прадстаўленні да ордэна Маці для яе стала прыемнай нечаканасцю. Неабходныя дакументы папрасілі сабраць яшчэ ў лістападзе мінулага года.

    — Я сціплы чалавек, сама ніколі б не стала прасіць узнагароды, — прызнаецца мнагадзетная маці. – Найлепшая ўзнагарода для мяне – здаровыя дзеці, іх усмешкі, радасныя вочкі.

    — Дочкі дораць вам падарункі на Дзень жанчын?

    — Абавязкова! Я захавала ўсе іх мілыя малюнкі, паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. Кожная па-свойму дарагая. У нас ёсць сямейная традыцыя: разам са старэйшымі дочкамі пячом да свят торт «Ленінградскі». Ён атрымліваецца вельмі смачным!

    — А чаго б вы найперш пажадалі сваім дзяўчынкам у дарослым жыцці?

    — Каб яны былі здаровымі і шчаслівымі. Гэта найбольшая каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека.

    Пра сваіх дачушак Кацярына можа расказваць бясконца. У кожным слове – пяшчота, у кожным позірку – любоў. Люба глядзець, прыемна размаўляць з маладой, прыгожай жанчынай, якая ў няпоўныя трыццаць гадоў стала маці-гераіняй.  

    Фота: архіў СЯМ’І ЯРМОШКА.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)