28 Апреля, 2024 Воскресенье

Как интернет дискотеки заменил. Интервью с ди-джеем Александром Котовым

  • 09 марта 2017 Общество Беларуская 0

    “У кожнага чалавека ёсць запаветныя месцы ў горадзе дзяцінства і юнацтва, пра якія  праз шмат гадоў  успамінаеш з настальгічнай цеплынёй і душэўнасцю. Першае прызнанне ў каханні, першы пацалунак, першае расчараванне. Дзе можа адбыцца такая падзея, якая застанецца ў памяці на ўсё жыццё? Я не пакрыўлю душой, калі скажу, што для пераважнай большасці жыхароў Пружан (як, зрэшты, і многіх іншых гарадоў) гэта была танцпляцоўка”.

    Такімі радкамі пачынаўся апублікаваны ў мінулую суботу  артыкул Аляксандра Казея пра танцы ў Пружанах  з пасляваенных часоў і да пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя. Шчымлівы артыкул выклікаў шмат успамінаў і атрымаў шмат водгукаў ад тых, хто некалі «запальваў» на пружанскіх танцпляцоўках.

    Цікава, ці будуць успамінаць з настальгіяй свае дыскатэкі тыя, хто наведвае іх сёння?  Чаму раней на танцпляцоўку прыходзіла да 1000 наведвальнікаў, а сёння на рэдкіх дыскатэках танцуе ўсяго 50-60 чалавек? І ці стануць танцы зноў месцам спатканняў і прызнанняў?

    Разам з ды-джэем Аляксандрам Котавым мы паспрабавалі прасачыць шлях сучаснай моладзі ад танцаў у былым Доме афіцэраў да «сядзення» ў мабільных тэлефонах.

    — Я выдатна памятаю той момант, калі дыскатэчная зала Палаца культуры стала пустой. Гэта адбылося неяк адразу. Летам 2011 года на кожную дыскатэку збіралася 300-400 чалавек, а ўжо на першай вераснёўскай было ўсяго 50. Спачатку мы падумалі, што гэта студэнты паехалі на вучобу і ў хуткім часе іх месца зойме маладзейшая катэгорыя наведвальнікаў. Але змена так і не прыйшла…

    Не хацелася б быць песімістам,  але  лічу, што дыскатэкі ў тым фармаце, у якім яны існуюць сёння, хутка наогул адыдуць у нябыт.

    — А чаму ж так адбылося?

    — Мы называем сучасную моладзь «пакаленнем сацыяльных сетак». Зараз усё жыццё круціцца ў мабільным тэлефоне.

    Свае першыя дыскатэкі яшчэ ў будынку старога ДК я пачаў круціць у канцы 1990-ых. На той момант танцавальная зала была запатрабаванай. Тут абменьваліся навінамі, высвятлялі адносіны, знаёміліся. Зараз  гэта ўсё можна зрабіць з дапамогай інтэрнэта. Таму ў сучаснай дыскатэкі засталася толькі адна функцыя – магчымасць патанцаваць.

    Раней у хлопца быў амаль адзіны варыянт пазнаёміцца з дзяўчынай: дачакацца павольнага танца і запрасіць. Зразумела, ва ўсе эпохі  ў падобным моманце прысутнічала хваляванне: адмовіць ці не? Але трэба ж неяк праяўляць свой мужчынскі характар! Цяпер вельмі часта пасля дыскатэкі  чытаю ў сетках паведамленні накшталт: “Дзяўчына, што была ў Палацы культуры ў ружовай сукенцы, танцавала ля выхаду, адгукніся! Вельмі спадабалася!”. Вось такі падыход.

    — А сёння на дыскатэках хлопцы наогул танцуюць?

    — Так, і  добра танцуюць. Калі на маіх першых дыскатэках хлопцы выходзілі ў асноўным на павольныя танцы, то сёння з’явілася іншая  культура. І хлопцы, і дзяўчаты сталі смялейшымі, многія рухаюцца сапраўды прыгожа. Магчыма, дапамагаюць шматлікія відэа, па якіх можна навучыцца.

    Таксама я заўважыў, што з’явіўся густ у вопратцы. Няма ў сучаснай моладзі і  вульгарнасці ў падборы гардэроба. Дзяўчаты і хлопцы  выглядаюць элегантна і стыльна. Зразумела, у нашага пакалення не было такога выбару  адзення і мы хапалі ўсё, што хоць неяк вылучала з натоўпу. Таму і выглядалі часам дзіўна.

    Што тычыцца павольных танцаў, то іх сёння практычна няма. Фармат сучасных дыскатэк такіх не прадугледжвае. Але амаль перад кожнай дыскатэкай да мяне падыходзяць дзяўчаты і просяць, каб я ўключыў “медляк”. Заўсёды іду ім насустрач, хаця ведаю, што многія ды-джэі даўно выключылі іх са сваіх праграм.

    Заўважыў яшчэ і такую адметнасць: няхай сёння на дыскатэцы вельмі мала наведвальнікаў, але “завесці” іх атрымліваецца значна хутчэй, актыўна прымаюць яны ўдзел і ў разнастайных акцыях і флэшмобах. Парадаксальна, але тут нам дапамагае інтэрнэт, які, па сутнасці, і  забраў з танцпляцоўкі народ.

    — Аляксандр, ты амаль 20 гадоў за ды-джэйскім пультам. Калі было цікавей працаваць: тады ці сёння?

    — Цяжка параўнаць. Зараз усё прынцыпова інакш. Зразумела, я з настальгіяй буду ўспамінаць мінулыя гады, бо і сам быў маладзейшы. Але мне вельмі імпануе разняволенасць сучаснай моладзі. З імі прыемна мець справу, яны хутка адгукаюцца на музыку,  цікава рухаюцца. Так, дыскатэка перастала быць галоўнай падзеяй тыдня. На шчасце, у горадзе з’явіліся іншыя месцы для баўлення вольнага часу: спартыўныя пляцоўкі, кафэ. На дыскатэках зараз прысутнічаюць толькі школьнікі, усе, каму за 18, ужо праводзяць свой час у іншых установах. Але затое ведаю, што той, хто ідзе на танцы ў Палац культуры, сапраўды любіць музыку.

    А наогул росквіт пружанскіх дыскатэк прыйшоўся на сярэдзіну 2000-ых. Шмат для гэтага зрабіла Таццяна Курачынская. Ёй удалося прывіць любоў да сучаснай еўрапейскай музыкі. Дарэчы, я гэта спрабаваў зрабіць у канцы 90-ых, але публіка, якая прывыкла да «папсы», была яшчэ не падрыхтавана да такіх перамен.

    Пасавала і тое, што дыскатэкі перабраліся ў залу Палаца культуры, з’явілася  новая  тэхніка, новае святло, гук квадра і нават дым. Але запалу хапіла прыкладна на адно пакаленне… Пакаленню сацыяльных сетак стасункі ў рэале амаль не патрэбны. 

    — Неяк бачыла афішу, якая запрашала на тэматычную дыскатэку “Каму за 30”.  Ці ўзарвалі танцпол тыя, хто адплясваў яшчэ ў старым ДК?

    — Не.  Прыйшло ўсяго чалавек 20. Зразумела, што ў гэтым узросце турбуюць ужо іншыя праблемы, ды і для адпачынку выбіраюцца “весялейшыя” месцы. Тым не менш, сёння на нашых дыскатэках няма абмежавання па ўзросце. Калі вам падабаецца танцаваць пад сучасную музыку, сардэчна запрашаем.

    Дарэчы, у сваёй групе «Укантакце» (https://vk.com/dvoreckultury_pruzhany)  мы праводзім апытанні, вывучаем пажаданні наведвальнікаў. Калі ў вялікай колькасці людзей узнікне жаданне акунуцца ў атмасферу 80-90-ых, думаю, мы зможам гэта арганізаваць.

    Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

    Автор: Кацярына ПашкевічРаённыя будні

Комментарии (0)