27 Апреля, 2024 Суббота

Приехать в Ружаны и остаться. Молодые специалисты нашли работу и друг друга

  • 09 марта 2017 Общество Беларуская 0

    Ветфельчары Таццяна Саўчык і Яўген Стасеў трапілі ў ААТ «Ружаны-Агра» ў 2013 годзе па размеркаванні. Прыехалі сюды маладыя спецыялісты паасобку, пазнаёміліся, а праз два гады стварылі сям’ю.

    Як маладыя людзі пачыналі самастойнае жыццё, як абжываліся на новым месцы, як сёння праходзяць іх будні, яны падзяліліся з журналістамі «раёнкі».

    — У ветэрынарыі мы абодва аказаліся выпадкова — проста так склалася,— шчыра прызнаюцца Таццяна і Яўген Стасевы. — І пра тое, што будзем «лячыць коцікаў і сабачак», ніхто з нас у дзяцінстве не марыў.

    Магчыма, і добра, што не луналі ў аблоках: замест «мімімішных» хатніх жывёлінак, на  догляд якіх разлічваюць некаторыя абітурыенты, яны  маюць справу з жыўнасцю пасур’ёзней — каровамі ды свіннямі.

    Што адметна, і Таццяна, і Яўген — гарадскія жыхары: яна — з Івацэвіч, ён — з Баранавіч. Праўда, у адрозненне ад некаторых сваіх гарадскіх аднакурснікаў кароў ім даводзілася бачыць на свае вочы — падчас канікулаў у вёсцы.

    Пасля вучобы ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы Яўген атрымаў накіраванне на пасаду ветфельчара на малочнатаварны комплекс «Далкі» ААТ «Ружаны-Агра». Таццяна таксама працуе ветфельчарам, але на свінакомплексе ў Бор-Ліпах. У дзяўчыны дыплом Ваўкавыскага аграрнага каледжа, цяпер яна яшчэ завочна вучыцца ў Гродзенскім аграрным універсітэце.

    — Наш свінакомплекс — быццам рэжымны аб’ект, — расказвае Таццяна. — Ні зайсці, ні выйсці, пакуль не прымеш душ, нельга. Бутэрброды на перакус з сабой таксама не возьмеш: падчас рабочага дня  харчуемся толькі ў  сталоўцы сельгаспрадпрыемства. Нават спецыяльнай  вопраткай забяспечваюць.

    На комплексе, дзе працуе Жэня, не такія строгія патрабаванні да асабістай гігіены, але работа таксама адказная і напружаная. Маладыя ветфельчары ўжо прывыклі да такіх працоўных будняў.

    У 2013 годзе, калі маладыя спецыялісты прыехалі на работу ў Ружаны, ім выдзелілі жыллё: у  адным доме, толькі на розных паверхах.

    Калі ж Таццяна і Яўген узялі шлюб, спачатку ім далі пакой у інтэрнаце, а напрыканцы кастрычніка мінулага года — новенькі домік прысядзібнага тыпу з газавым  ацяпленнем.  Акрамя таго, гаспадарка абяцала вясной паклапаціцца яшчэ і пра агароджу ўчастка, будаўніцтва гаспадарчых пабудоў.

    Стасевы тым часам плануюць, дзе будуць разбіваць градкі. Наконт свойскай жывёлы, праўда, абмежаванні:  работнікі свінагадоўчага комплексу не павінны трымаць дома свіней.

    Варта заўважыць, што са статуса маладых спецыялістаў ветфельчары  ўжо выйшлі, абавязковая адпрацоўка закончана. Але месца жыхарства  яны вырашылі не мяняць.

    — Нам пашанцавала намнога больш у параўнанні з аднагрупнікамі, з якімі падтрымліваем зносіны:  і добраўпарадкаваным жыллём забяспечаны, і ўмовы работы добрыя, і зарплата нармальная.

    Дарэчы, на зарплату Стасевы сапраўды не скардзяцца: Таццяна зарабляе каля 600 рублёў у месяц, Яўген — каля 800 і плюс прэміяльныя даплаты. Усяго за пару месяцаў  сямейная пара паспела часткова абставіць новы дом мэбляй. Купілі  кухонны гарнітур, шафу, камод, ложак, халадзільнік і яшчэ мноства  «дробязяў» накшталт дываноў, карнізаў, цюляў і бытавой тэхнікі.

    — У бацькоў фінансавай падтрымкі не просім, наадварот, яшчэ ім стараемся дапамагчы, — гавораць Стасевы.  Больш таго, маладыя людзі могуць дазволіць сабе адпачынак: два гады таму падчас водпуску пабывалі ў Турцыі, выязджаюць у суседнія гарады. Дарэчы, на ўласным аўтамабілі — «Опель-Вектра».

    — Час пакажа, ці на ўсё жыццё мы асядзем у Ружанах, але пакуль вырашылі застацца тут, — дзеліцца планамі на будучае Таццяна. — Гарадскі  пасёлак, канешне, а не аддаленая вёска, але ўсё ж сумнавата. Хаця мы на выхадныя ўсё роўна рэдка калі застаемся дома: часта ездзім да бацькоў. Што тычыцца працы, хаця яна ў нас нялёгкая, мы яшчэ ні разу не пашкадавалі, што абралі сабе такі хлеб.

    КАМЕНТАРЫЙ

    Таццяна Мікалаеўна Харута, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Ружаны-Агра»:

    — За апошнія шэсць гадоў на работу ў гаспадарку прыбылі 144  маладыя спецыялісты. Амаль палова з іх — выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў. Практычна ўсе прыходзяць з добрай тэарэтычнай падрыхтоўкай, а ў нас ужо набываюць практычныя навыкі, вопыт.

    Між іншым, узаемадзеянне з маладымі спецыялістамі наладжваем яшчэ да іх прыходу на работу. Напрыклад, сёння восем студэнтаў, якія вучацца па  мэтавым накіраванні ад ААТ «Ружаны-Агра», штомесяц да стыпендыі атрымліваюць ад гаспадаркі грашовую падтрымку па пяць базавых велічынь.

    Не крыўдзім моладзь, калі прыязджае на месца работы. Згодна з працоўным заканадаўствам і калектыўным дагаворам, робім усе выплаты. Акрамя таго, выдзяляем добраўпарадкаванае жыллё, далучаем да спартыўнага і культурнага жыцця, ладзім экскурсіі, даем сацыяльныя гарантыі. Больш вопытным работнікам даручаем шэфства над навічкамі, што садзейнічае прафесійнаму росту моладзі. Так, напрыклад, В.А.Раўнейка, якая прыйшла да нас на пасаду бухгалтара, паказала сябе як кваліфікаваны спецыяліст і зараз працуе намеснікам галоўнага бухгалтара. А каб замацаваць маладых спецыялістаў на рабочым месцы пасля абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні, дадаткова матэрыяльна стымулюем: выплачваем тры тарыфныя стаўкі першага разраду на працягу трох гадоў.

    Наколькі правільны накірунак па замацаванні моладзі на першым працоўным месцы мы выбралі, сведчаць лічбы. За апошнія некалькі гадоў у нас вырас працэнт замацаваных маладых спецыялістаў: па выніках апошніх шасці гадоў ён складае  56%. А што тычыцца моладзі з вышэйшай адукацыяй, гэтая лічба і таго большая: з 71 чалавека з дыпломам ВНУ у нас засталіся 43 — 60%. 

    Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча.

    Автор: Алег СідарэнкаРаённыя будні

Комментарии (0)