28 Марта, 2024 Четверг

Разагналі дым кальяна

  • 10 марта 2017 Общество Русский 0

    Мяркуючы, што кальян бясшкодны, паспрабаваць яго дыму часцяком не адмаўляюцца нават тыя, хто не курыць цыгарэт. Аднак, калі верыць медыцынскім даследаванням, гадзіна курэння кальяна раўназначна 100 цыгарэтам. Карэспандэнт «Р» разам з экспертамі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінску вывучыла склад двух сумесяў для кальяна і высветліла, ці такія яны бясшкодныя?

    Кальянны дым аб’ёмам у 1000 мл змяшчае 1,79 мг чаднага газу.

    Даследаваць будзем склад двух прадуктаў — адзін набыты ў Мінску, другі прывезены з Турцыі. Першы змяшчае ў сваім складзе 2,96 мг нікаціну. Другі, калі верыць абяцанню вытворцы, безнікацінавы, таму прадаецца без маркіроўкі акцызнымі маркамі.

    — Асноўным кампанентам кальянных сумесяў з’яўляецца тытунёвы ліст, ён жа — крыніца нікаціну, — галоўны эксперт аддзела спецыяльных экспертыз упраўлення ГКСЭ па Мінску Васіль Сацура вывучае склад. — Для надання вязкасці ў сумесь дадаюць патаку альбо мёд, для павышэння дымнасці — гліцэрын. Большая частка дыму, якi ўдыхаецца курцом, — гэта менавіта гліцэрынавы дым. У сумесі выкарыстоўваюць араматызатары. Таксама дадаюць рознага роду кансерванты, якія павялiчваюць тэрмін прыдатнасці тытунёвых сумесяў.

    Улабараторыі рыхтуем узоры. Пахне смачна — адна сумесь з водарам фісташак, другая — з яблычным. Экстрагіруем кампаненты, якія ўваходзяць у склад абодвух узораў. Для гэтага разводзім экстракт і адпраўляем прабірку ў цэнтрыфугу. На ўсё — 15 хвілін. Затым прабірку закаркоўваем і адпраўляем у храмата-мас-спектрометр. Гэты прыбор будзе даследаваць нашы ўзоры, у тым ліку на наяўнасць у іх забароненых рэчываў.

    Існуе меркаванне, што кальянны дым, якi прайшоў праз сiстэму фiльтрацыi, губляе свае негатыўныя ўласцівасці. Аднак частка гэтых рэчываў усё ж такі застаецца з дымам і трапляе ў арганізм.

    — Любы дым, які ўтвараецца ў выніку няпоўнага згарання расліннага рэчыва альбо павольнага тлення, змяшчае вельмі шкодныя для здароўя чалавека кампаненты. Гэта чадны газ, фармальдэгіды, смолы, нікацін і многае іншае. Паколькі ўсё гэта хімічныя рэчывы, то аб поўнай бясшкоднасці кальяна гаворкі не ідзе, — тлумачыць сваю пазіцыю эксперт.

    Тым часам храмата-мас-спектрометр завяршыў аналіз.

    — На шостай хвіліне скачок, бачыце? — Васіль Сацура глядзіць храматаграму, супастаўляе атрыманы спектр з бібліятэчным. — Можам зрабіць адназначную выснову: у абодвух узорах утрымліваецца нікацін.

    Выходзіць, вытворца ўзору № 2, які назваў свой тавар безнікацінавым, схітраваў.

    Смачны водар і мяккі смак кальяна — нібы прынада для маладых хлопцаў, што яшчэ не спрабавалі цыгарэт. З часам іх цікавасць становіцца звычкай і адкрывае шлях да курэння цыгарэт. На экспертызу не раз прыносілі кальяны, у якіх курыльны тытунь замяняўся каноплямі ці разбаўляўся дозай забароненых у Беларусі псіхатропаў.

    — У палове выпадкаў, акрамя нікаціну, які змяшчаецца ў тытуні, на трубцы ці чашы кальяна выяўляем мікранаслаенні забароненых псіхатропаў, — дадаў Васіль Сацура.

    Знаходзячыся ў адным пакоі з прыхільнікамі кальяна, вы мімаволі становіцеся пасіўным курцом, як і знаходзячыся ў кампаніі аматараў звычайных цыгарэт. І ў першым, і ў другім выпадку ў вашы лёгкія паступае нікацін. А з кальянным дымам туды трапляюць яшчэ і прадукты згарання тытуню, напрыклад вокіс вугляроду і азоту. Спрактыкаваныя курцы кальяна замяняюць ваду ў ім на алкаголь, чым толькі ўзмацняюць шкодны ўплыў і адурманьваюць сябе яшчэ больш.

    Хай у кальянным тытуні няма паперы, як у цыгарэтах: згараючы, яна вылучае шкодныя рэчывы. Хай у адфільтраваным праз ваду дыме змяшчаецца менш нікаціну, фенолаў і дробных цвёрдых часціц. Аднак водны фільтр не можа затрымаць абсалютна ўсю хімію, таму пры курэнні кальяна ў арганізм усё роўна трапляе вялікая доза чаднага газу, соляў цяжкіх металаў і хімічных элементаў. Дарэчы, менавіта чадны газ стварае эфект лёгкага ап’янення. У сярэднім курэц за адну кальянную цырымонію ўдыхае 179 мг чаднага газу. Для параўнання: з адной выкуранай цыгарэтай у арганізм трапляе 11,66 мг чаднага газу. Улічваючы гэта, можна зрабіць адназначную выснову: фраза «курыць — здароўю шкодзіць» справядлівая не толькі для цыгарэт, але і для кальяна.

    Важна  ведаць


    Перадаючы адзін аднаму трубку, удзельнікі кальяннай цырымоніі таксама могуць «дзяліцца» адзін з адным рознымі бактэрыямі. Гэта герпес, сухоты, гепатыт і іншыя вірусныя інфекцыі. Таму пры курэнні кальяна ў вялікай кампаніі не забывайце мяняць муштукі.

    Автор: Инна ГОРБАТЕНКОРэспубліка

Комментарии (0)