23 Апреля, 2024 Вторник

Пад прыцэлам… фотакамер

  • 13 марта 2017 Общество Беларуская 0

    У АДНЫМ з мінулых нумароў газеты мы паведамлялі, што на падворку сялянска-фермерскай гаспадаркі «Лясная сядзіба» ў вёсцы Абрамы жыве лось. І вось мы кіруемся ў названы населены пункт. У 1997 годзе тут налічвалася 10 двароў. Насельніцтва — 15 жыхароў. Зараз з карэнных жыхароў засталася толькі адна Леакадзія Косцюк. Астатнія дамы належаць дачнікам. Летам ажывае вёска. Шмат людзей прыязджае сюды на адпачынак, у тым ліку ў «Лясную сядзібу», якая адначасова можа прыняць да 40 чалавек (але пра гэта асобная размова).

    Сёння хочацца расказаць пра тое, як тут з’явіўся лось, якога назвалі Грышкам. Нам пра гэта падрабязна паведала работніца сядзібы Святлана Цайко:

    — У маі мінулага года егеры ўбачылі ласяня, якое ляжала ў лесе. Тры дні назіралі за ім. Жывёла нікуды не адыходзіла і ласіха да яго не прыходзіла. Звычайна ласіхі не пакідаюць нованароджаных адных. А тут, верагодней за ўсё, яна стала ахвярай браканьераў. Вось і вырашылі егеры прывезці ласяня да нас.

    Яны ведалі, што ў нас гадуюцца высакародныя алені, казулі, лань. Прывезлі Грышку, так мы яго назвалі, зусім маленькага. Чым карміць, як даглядаць? Гэтыя і многія іншыя пытанні на першым часе вельмі турбавалі. Выгадаваць лася ў дамашніх умовах вельмі цяжка. Яму не тое што каровіна  малако не падыходзіць — штучныя сумесі для дзяцей таксама.

    — Але, дзякуй Богу, ёсць інтэрнэт, дзе можна знайсці адказы амаль на любое  пытанне, — працягвае размову Святлана Сцяпанаўна. — А яшчэ патэлефанавалі дырэктару ласінай фермы ў пасёлку Сумаракава Кастрамской вобласці. Той даў кансультацыю, як правільна даглядаць нованароджанага.

    Ласяня стала карміць казіным малаком, добра што козачку трымае жыхарка Абрамаў Леакадзія Косцюк. Кожныя дзве гадзіны, пачынаючы ў 6 раніцы і заканчваючы ў 12 ночы, паіла Грышку з бутэлечкі з соскай. А той першыя часы так сумаваў, што ўвесь час «плакаў» — ласі выдаюць своеасаблівы свіст. Каб у яго не атрафіраваліся мышцы, выводзіла падапечнага на прагулку па вёсцы. Я іду, а ён за мной, нібы сабачка. Едзе насустрач машына, Грышка прытуліцца да мяне, быццам паратунку шукае ад грымучай жалязякі. Калі былі ноччу замаразкі, то бралі ласяня ў хату. Ён спаў на дыванку ля ўваходу. І зараз часам заглядвае ў пакой. Паіла Грышку да шасці месяцаў, спачатку казіным малаком, потым пачала варыць аўсянку.

    — А зараз чым яго корміце? — пытаюся ў Святланы Сцяпанаўны.

    — Сена лось не есць, толькі авёс, моркву, яблыкі. Любімы ласунак — батон і галінкі вярбы. Мы спецыяльна з восені назапашвалі для Грышкі венікі з вярбы. Чорны хлеб даваць нельга — можа пачацца закісанне ў страўніку, — чую ў адказ.

    — Які пачастунак мы можам прапанаваць вашаму гадаванцу?

    — Калі ёсць батон, сушкі — не адмовіцца, — усміхаецца жанчына.

    Едучы на сустрэчу, мы спецыяльна купілі батон. Лось асцярожна сваімі цёплымі губамі бярэ з чужых рук пачастунак і пазірае на гаспадыню. Як толькі Святлана загаварыла, ён ласкава прытуліўся да яе твару.

    — Любіць папесціцца, — кажа гаспадыня. — Аднойчы не зачыніла ўваходныя веснічкі. Ну, думаю, уцячэ Грышка ў лес. А ён і не падумаў. Падабаецца яму ў нас. Ды і з чатырохмесячным шчанюком Тобікам сябруе, гуляе з ім. Іншы раз Грышка ляжыць, а Тобік па ім скача. Не праганяе сябра. Толькі калі той за вуха хопіць, дык галавой страхане.

    Лось свабодна гуляе па сядзібе, асцярожна ступаючы па снежнай скарынцы, каб не параніць капыты.

    — У прыродзе звычайна ў такія дні, калі на снезе ўтвараецца скарынка, ласі імкнуцца трымацца на адным месцы і без патрэбы не адыходзіць далёка, — тлумачыць Святлана Сцяпанаўна. — У нас тут шмат вадаёмаў. Зараз пачне раставаць лёд. Баюся, каб Грышка не праваліўся. Ён любіць прайсці па вадаёме да куста вярбы, каб паласавацца сакавітымі галінкамі…

    А Грышка, быццам разумее словы сваёй выратавальніцы, уважліва слухае нашу размову. Дарэчы, лось — не першы гадаванец Святланы. Некалькі гадоў таму яна выратавала самца казулі. Кузя, так яго назвалі, быў гарэзай. Любіў басціся. Калі яго пасялілі ў вальер, дзе жывуць алені і лань, то ён пачаў паказваць свой характар, за што і атрымаў забіяка смяротную рану ад больш буйных сапернікаў.

    — У лесе, думаю, Грышка не зможа самастойна жыць. З маленства ён прывык да чалавека. Ды ён туды і не імкнецца, — кажа Святлана Сцяпанаўна.

    — Па характары ён добры, ласкавы. Магчыма таму, што ўсю душу яму аддавалі, шкадавалі і песцілі маленькага. А зараз ён аддзячвае сваёй ласкай. Дарэчы, ён становіцца зоркай. Часта наведваюцца да нас журналісты, здымала беларускае і расійскае тэлебачанне. Прывык Грышка да славы. Не палохаецца ўспышак фотакамер…

    Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

    Фота Аляксандра Высоцкага.

    Автор: Ігнат ЛУБНЕЎСКІНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)