13 Октября, 2024 Воскресенье

Вясна… Час дыхаць дымам?

  • 24 марта 2017 Общество Беларуская 0

    Прызнаюся адразу: і сам грэшны. Так, прыбіраючы ў садзе-агародзе, назбіраеш колькі сухога голля, ці то куст парэчкавы прысох, ці то маліннік. Супрацьпажарныя правілы дазваляюць спальваць такое на сваім участку пры выкананні пэўных правілаў.

    Але так атрымліваецца, што дазвол на нешта канкрэтнае бы адкрывае плаціну на такое агульнае, ад чаго літаральна пачынаеш задыхацца…

    Ледзь падсохла трошкі – і вось ужо на выхадных горад  падвячоркам ахутвае  едкі туман – то бясконцыя слупы дымоў ад кастроў зліваюцца ў суцэльнае воблака, якое шчыльна накрывае дамы.Немагчыма адчыніць акно ў кватэры ці доме – пах гары неміласэрны. І ён густа вісіць у паветры іншым разам усю ноч. А што ж рабіць – вялікая куча нявысахлага як след смецця гарыць некалькі гадзін, дакладней – тлее.

    Гаспадары ўжо ў сваіх дамах,  адпачываюць ад працы, а смецце дыміць паспяхова далей.І каб жа ў тых кастрах гарэла толькі леташняя трава, лісце ды абрэзанае голле.

    Іншым разам адчуваеш такі “водар”, быццам пачалася сапраўдная газавая атака: імгненна  пяршыць у горле, слязяцца вочы ад едкага смуроду гарэлага пластыку, фарбы, гумы, руберойду  і яшчэ немагчыма вызначыць чаго.

    Не аднойчы мы падкрэслівалі ў сваіх артыкулах, калі пісалі пра добраўпарадкаванне: пластыкавыя бу-тэлькі з-пад напояў, так званыя ПЭТ-бутэлькі ні ў якім разе нельга спальваць. Галоўная праблема ў тым, што тэмпература кастра не можа знішчыць усе рэчывы, з якіх складаюцца матэрыялы,  а толькі дазваляе ім вызваліцца ў лятучай форме. І тут у паветра выкідваецца надзвычай ядавіты газ – дыяксін. Гэта канцэрагеннае рэчыва (можа выклікаць ракавыя захворванні), і галоўная яго небяспека ў тым, што ён не выводзіцца з арганізма, а назапашваецца ў ім, паступова атручваючы. Акрамя яго, у паветра выкідваюцца фенолы, вокіслы азоту і серы. Пры спальванні расліннасці, якая расла блізка ля дарог, з дымам у паветра ўзнімаюцца пары свінца. Аб яго шкоднасці напісана многа, нагадаем толькі адзін факт: рымскую імперыю, кажуць гісторыкі і даследчыкі,  згубіў, у дадатак да ўсяго, і водаправод, які быў выкананы са свінцовых труб.

    Пры спальванні іншых пластыкаў, напрыклад, абрэзкаў ПВХ, утвараецца газ фасген – той газ, які вядомы яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны як баявое атрутнае рэчыва.

    Другое рэчыва, якое шырока пачалі прымяняць у вытворчасці пластыкавых бутэлек рознага прызначэння для надання ім трываласці ў форме,  –  бісфенол А. Некаторыя краіны (напрыклад, Канада) забаранілі яго прымяненне ў вытворчасці прадметаў для дзяцей, бо гэты хімікат нясе патэнцыйную пагрозу фарміраванню рэпрадукцыйнай сістэмы, гэта значыць, можа выклікаць у будучым бяздзетнасць. 

    Цяпер уявіце сабе: быццам бы бяскрыўдны дымок запаўзае ў вашыя вокны, напаўняе сабой жытло, і вы некалькі гадзін вымушаны ўдыхаць дыяксін, пары цяжкіх металаў (найбольш – свінца), вокісел серы, канцэрагенную сажу ад згарання гумы, бісфенол А… Вось такі лятучы кактэйль атрутных рэчываў.Але хіба ў нашым заканадаўстве не прапісана чорным па белым: калі можна спальваць тое смецце, што ўвогуле забаронена спальваць?

    Што тычыцца нашых пажарных, то ў іх свае і дастаткова жорсткія патрабаванні. Паўторым іх: касцёр не бліжэй за 10 метраў ад пабудоў, верхні слой глебы павінен быць зняты, вогнішча акапанае канаўкай шырынёй не менш за 25 сантыметраў, павінен быць пастаянны кантроль, побач – рыдлёўка, вада ці вогнетушыцель. Надвор’е – ціхае, бязветранае. Відавочна, што пры такіх патрабаваннях гаспадар не стане “дыміць” га-дзін некалькі, дастаткова падсушыць тое смецце, каб гарэнне доўжылася мінімум часу і без вялікага дыму (хто хоча сам закуродыміць ля кастра?). Невыкананне патрабаванняў нясе гаспадарам непрыемнасці: пакаранне штрафам. У 2015 го-дзе за парушэнне правілаў пры спальванні смецця на сваіх участках былі прыцягнуты да адказнасці 33 чалавекі, у 2016 такіх было менш удвая – не надта спрыяла надвор’е палам, а другое, як адзначаюць пажарныя, лю-дзі сталі больш дысцыплінаваныя ў пытаннях пажарнай бяспекі.

    Але ж пажарныя, пры выкананні гаспадаром сядзібы іх патрабаванняў, ніяк не могуць паўплываць на тое, што будзе гарэць у кастры і з якімі атрутнымі рэчывамі будзе разносіцца дым.

    А што скажа наша санстанцыя? Нам вядома, што ў Беларусі існавалі санітарныя правілы і нормы ўтрымання тэрыторый №10-7-2003, у якіх пунктам 16 было запісана: “Забараняецца спальванне на тэрыторыі населеных пунктаў, у тым ліку садаводчых таварыстваў, цвёрдых бытавых (камунальных) і адходаў расліннасці”.

    Што змянілася з таго часу? 

    Як патлумачыла рэдакцыі загадчык аддзела гігіены ДУ “Івацэвіцкі райЦГіЭ” Тамара Чыж, у новых санітарных нормах і правілах не забараняецца спальванне раслінных рэшткаў. Што тычыцца бытавых адходаў, да якіх належаць тыя ж самыя пэт-бутэлькі, то Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі” яўна забараняе грамадзянам спальванне ці іншае абеззаражванне адходаў самастойна. Гэтыя дзеянні павінны праводзіцца толькі юрыдычнымі асобамі ці індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў вызначаных, падрыхтаваных для гэтага месцах. Такім чынам, спальваць хоць нешта з бытавых адходаў на сваіх участках, акрамя раслінных рэшткаў (якія не з’яўляюцца бытавымі адходамі), забаронена. 

    Пакуль пакараных за парушэнне гэтых правілаў не было, і тут трэба ўставіць “на жаль”. Бо, як сведчыць наша жыццё, для пэўнай часткі нашых грамадзян нормы і правілы пачынаюць дзейнічаць толькі пасля пакарання.

    У законе аб абыходжанні з адходамі дакладна прапісана, што дзяржаўны кантроль у частцы абыходжання з адходамі ажыццяўляе у тым ліку і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго тэрытарыяльныя органы.

    Станіслаў Маціеўскі, начальнік раённай інспекцыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, падкрэсліў, што вызначыць колькасць атрутных рэчываў у дыме – задача складаная і патрабуе спецыяльнай лабараторыі. Канешне, нерэальна ехаць на кожны дым і нешта вылічаць.

    Але ж, з другога боку, няма, здаецца, ніякай неабходнасці праводзіць такія вымярэнні, калі будзе відавочна, што ў кастры спальваюцца хоць тыя ж старыя гумавыя пакрышкі, поліэтыленавая плёнка, пэт-бутэлькі, будаўнічыя адходы. Такім чынам, факт парушэння заканадаўства можа быць зафіксаваны на месцы на аснове артыкула 50 Закона Рэспублікі Беларусь аб ахове навакольнага асяроддзя. З пэўнымі наступствамі… Бо ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных парушэннях запісана ў артыкуле 15.63, частцы 2: парушэнне іншых патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 200, на юрыдычную асобу – да 1000 базавых велічынь.

    Дык якая ж са структур у раёне можа паўплываць на сітуацыю і, калі трэба, пакараць штрафам за спальванне на сваім участку цвёрдых адходаў у выглядзе  пластыку, гумы і падобнага?

    Згодна з працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях (артыкул 3.30), скласці пратакол і прыцягнуць да адказнасці па артыкуле 15.63 КаАП (парушэнне іншых патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі) могуць:

    – органы ўнутраных спраў;

    – органы Міністэрства ЖКГ;

    – органы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;

    – органы, якія забяспечваюсць дзяржаўны санітарны нагляд;

    – органы Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

    Такім чынам, ёсць каму прасачыць за парадкам з нашымі вясновымі кастрамі.

    Пэўна ж, аб поўнай забароне гэтых кастроў на ўчастках казаць не выпадае – занадта моцна пакуль сядзіць гэта традыцыя, ды і для многіх гэта хуткі, зручны і танны спосаб навядзення парадку. Але ж неяк можна хаця б увесці яе ў больш-менш прыстойныя рамкі. Да прыкладу, вызначыць час, у які можна паліць тыя кастры, каб яны не дымелі вечарамі і па начах… І больш жорстка караць за парушэнні норм і правілаў.

    Урэшце, мы павінны разумець адно, мо і найбольш важнае, што можа істотна выправіць сітуацыю: мы жывём сярод лю-дзей. І тое ж самае спальванне смецця на сваім участку, калі рабіць гэта, памятаючы пра іншых, якія – твае суседзі, можа стаць цалкам цывілізаваным і не прыносіць нікому відавочнай шкоды. Проста помніць, што вакол цябе – людзі. І сярод якіх дзейнічае такі просты, агучаны ў Новым Запавеце Іісусам Хрыстом прынцып: “Як хочаш, каб з табой абыходзіліся людзі, так ты тое рабі ім…”

    Валерый ГАПЕЕЎ.

    Автор: Валерый ГАПЕЕЎІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)