26 Апреля, 2024 Пятница

Штодня і часам кругласутачна яны спяшаюцца па выкліку

  • 26 марта 2017 Общество Беларуская 0

    Раніца. Горад прачынаецца. Першыя прахожыя спяшаюцца па сваіх справах па чыстых вуліцах. Пра чысціню паспелі паклапаціцца адказныя  за яе – работнікі ўчастка добраўпарадкавання жылкамунгаса. Кола іх абавязкаў – дваровыя тэрыторыі, прыпынкі гарадскога аўтобуса, паркі, скверы, газоны. Прычым, моцныя снегапады ці галалёдзіца ім не перашкода, а дадатковы аб’ём работы. Сезонныя клопаты – вываз снегу з горада, упрыгожванне кветкамі, якія вырошчваюцца ва ўласнай цяпліцы, – таксама справа рук камунальнікаў. Навядзенне парадку было і застаецца адным з важнейшых накірункаў іх работы, але далёка не адзіным.

    Сёння ў Ляхавіцкай ЖКГ працуюць больш за 400 чалавек, якія ўмеюць рабіць літаральна ўсё. Калі ўзнікае ацяпляльна-водна-каналізацыйная праблема, на выклік выязджае аварыйна-тэхнічная служба (у сярэднім за суткі рэгіструецца больш за 20 выклікаў): прарвала водаправод, пацёк дах, перагарэлі лямпачкі ў пад’ездзе, патрабуецца рамонт сантэхнікі…

    Надзейна працуе кацельная гаспадарка. Сёлетні ацяпляльны сезон – таму пацвярджэнне: не было значных аварыйных парываў цеплатрас, перабояў з падачай цяпла ў кватэры гара-джан і вяскоўцаў. Зіма паставіла камунальнікам добрую адзнаку.

    Каб і ў вячэрнім горадзе было светла, як днём, клапоціцца падраздзяленне энергетычнай службы. Сваю справу ведаюць і належным чынам выконваюць тыя, хто працуе на ўчастках аўтатранспарту, рамонтным, саначысткі, водазабеспячэння і іншых.

    А яшчэ сёлета запланаваны капітальны рамонт дома № 12 па вуліцы Южакова, даху шматкватэрніка ў райцэнтры па вуліцы Інтэрнацыянальная, 17, іншых значных аб’ектаў.

    Надзвычай сацыяльнаважныя і запатрабаваныя камунгасаўскія аб’екты – лазні, адна з іх гарадская і 12 вясковых. Узорны парадак у гасцініцы “Эдэльвейс”, калектыў якой працягвае пошук новых магчымасцяў для прыцягнення гасцей.

    Чатыры гады назад  ЖКГ далучыла да сябе  бытоўку з усімі яе падраздзя-леннямі, у тым ліку – 12-цю сельскімі комплексна-прыёмнымі пунктамі. Па графіку ў вёскі выязджаюць цырульнікі, можна запісацца папярэдне на прычоску, стрыжку і г. д. Праўда, з канца мінулага года камунгас закрыў свой цэх па рамонце абутку, але ад вяскоўцаў на КПП прымаюць абутак, які рамантуе індывідуальны прадпрымальнік на арандаваным у жылкамунгасе абсталяванні. З бытавых паслуг адзначым у тым ліку цырульніцкія, пральныя, па рамонце і пашыву адзення, іншыя.

    Усё большай у бытавой прапанове становіцца роля індывідуальных прадпрымальнікаў. Цырульнікі, майстры гадзіннікаў, электратэхнікі, педыкюру і манікюру, абутнікі, швачкі, аўтасэрвіснікі ўмела арганізавалі сваю справу. Наладзілі яны і аказанне рытуальных паслуг.

    33 індывідуальныя прадпрымальнікі зарэгістраваны ў раёне, больш за 400 разнастайных камунальна-бытавых паслуг аказваюць прадпрыемствы і ІП – прычым, гэта далёка не мяжа. Камунальна-бытавая сфера вельмі разнастайная, яна заклікана  рабіць жыццё больш камфортным. І гэта выдатна, што ў землякоў  ёсць магчымасць выбіраць выканаўцу заказу на неабходную паслугу. Ёсць канкурэнцыя – ёсць новы імпульс   для ўдасканалення. А яно –  на карысць чалавека.

    Няхай жа служба добрага настрою заўсёды адпавядае сваёй назве. А мы, спажыўцы камунальных і  бытавых паслуг, чакаем ад яе чарговых прапаноў.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота: 1.Аварыйна-тэхнічная брыгада ЖКГ спяшаецца на чарговы выклік.2.Адказныя за святло майстар ЖКГ Аляксандр Кульчык і электраманцёр Сяргей Курловіч.3.У цяпліцы камунгаса Таццяна Паўлава і Любоў Жукава шчыруюць над расадай.4,5. Рамонтам адзення ў прыватнай майстэрні на рынку займаюцца Наталля Тутберыдзэ і Святлана Маклюк, абутку – Бадры Тутберыдзэ.

    Автор: Галіна КАНЬКОЛяхавіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)