19 Апреля, 2024 Пятница

Отделение дневного стационара Пружанской ЦРБ увеличилось втрое. Новое помещение позволяет оказывать помощь сразу 25 пациентам

  • 28 марта 2017 Общество Беларуская 0

    Дзённы стацыянар у апошнія гады становіцца папулярнай альтэрнатывай лячэнню ў бальніцы. Паправіць здароўе, фактычна не адрываючыся ад хатніх клопатаў, — вось, бадай, асноўная прычына, па якой і пружанскія хворыя ўсё часцей аддаюць перавагу лячэнню ў аддзяленні дзённага знаходжання.

    Гісторыя аддзялення дзённага знаходжання Пружанскай ЦРБ пачыналася ўсяго з трох ложкаў, якія размяшчаліся ў будынку скурвендыспансера. Праз некаторы час медперсанал дзённага стацыянара, які на той момант ужо суседнічаў з бальнічнай бухгалтэрыяй, адначасова мог прымаць сем чалавек. Але, каб задаволіць попыт пацыентаў, працаваў у тры змены. А на днях у аддзялення пачалося новае жыццё.

    — Нарэшце знайшлося прымяненне будынку наркалагічнага аддзялення, што закрылася ў выніку аптымізацыі. Спачатку хацелі пераабсталяваць яго пад кватэры для медработнікаў, але пераводзіць нежылое памяшканне ў жылое — даволі затратная справа, — расказвае галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ В.М.Дараневіч. — Таму было вырашана перавесці сюды дзённы стацыянар.

    Спатрэбілася каля чатырох месяцаў, каб прывесці ў парадак будынак, які не бачыў рамонту больш за дваццаць гадоў. Асноўныя работы былі выкананы сіламі сваіх работнікаў: капітальным рамонтам памяшканняў займаліся ўсяго тры чалавекі — што зрабіла канчатковую суму каштарысу значна меншай. Для замены вокнаў і дзвярэй, рамонту даху звярнуліся па дапамогу старонніх арганізацый. У цэлым, для «рэаніміравання» будынка было выдаткавана каля 40 тысяч рублёў.

     — Усе санітарныя патрабаванні захаваны без урону для зручнасці і камфорту пацыентаў, — каменціруе Віктар Міхайлавіч, паказваючы абноўленыя кабінеты медработнікаў, санвузлы, палаты. — А галоўнае — колькасць ложкаў павялічылася больш як утрая: замест 7 цяпер іх 25. Пакуль калектыў (а гэта тры чалавекі — урач, медсястра і санітарка) лечыць хворых пяць дзён на тыдзень, але, калі ўдасца памяняць штатны расклад, аддзяленне будзе пераведзена на сямідзённы рабочы тыдзень. Тым больш, што попыт ёсць: на момант пераезду ў новы будынак лячэнне ў аддзяленні праходзілі 28 чалавек.

    Адным словам, адна з самых эканомных замяшчальных тэхналогій лячэння, якія на сённяшні дзень увайшлі ў сістэму аховы здароўя, і ў Пружанах выходзіць на новы ўзровень. У дзённым стацыянары райбальніцы пацыенты, у якіх няма паказанняў для кругласутачнага знаходжання ў бальніцы, атрымліваюць паўнацэннае лячэнне: праходзяць абследаванні, фізіялячэнне, карыстаюцца паслугамі дапаможных кабінетаў паліклінікі. У перспектыве мяркуецца наладзіць там масаж.

    Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання В.В.Грышкевіч падкрэслівае, што кропка на рамонце яшчэ не пастаўлена: як мінімум, плануецца добраўпарадкаваць прылягаючую тэрыторыю.

    Даведка “РБ”:

    З 2009 года пацыенты дзённых стацыянараў пачалі плаціць за выкарыстоўваемыя лекі. Але гэта не значыць, што само лячэнне стала платным: пацыенты па-ранейшаму карыстаюцца памяшканнямі бальніцы, іх абслугоўваюць урачы і медсёстры — усё гэта фінансуецца з бюджэту. Скарачэнне фінансавання гэтай сацыяльнай праграмы было прынята для аптымізацыі выдаткаў у сістэме аховы здароўя.

    На здымках:

    1. Галоўны ўрач ЦРБ В.М. Дараневіч ацэньвае гатоўнасць дзённага стацыянару да прыёму пацыентаў.

    2. Урач-тэрапеўт В.В. Грышкевіч прымае першую пацыентку.

    3. Медсястра А.М. Аўдзяйчук заўсёды гатова аказаць дапамогу хвораму .

    Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

    Автор: Марына ВакульскаяРаённыя будні

Комментарии (0)