20 Апреля, 2024 Суббота

Свята першай баразны ладзілі ў мінулую суботу ў Слуцкім раёне

  • 30 марта 2017 Общество Беларуская 0

    На адным з палеткаў адкрытага акцыянернага таварыства «Вясейскі Пакроў» як пад лінейку выстраілі тэхніку, занятую на палявых работах. Механізатары настроены на плённую працу.

    У раённых засеўках прынялі ўдзел кіраўнікі, галоўныя аграномы, старшыні прафкамаў сельгасарганізацый раёна. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. Ён адзначыў, што аграрыі раёна добра падрыхтаваліся да пасяўной кампаніі, ёсць усе ўмовы для стварэння трывалага падмурка пад шчодры ўраджай.

    – Упэўнены, спецыялісты сельгасарганізацый правядуць веснавыя палявыя работы на высокім узроўні, а Случчына і далей будзе займаць лідзіруючыя пазіцыі, – адзначыў Андрэй Уладзіслававіч.

    Суправаджалася свята гучнымі песнямі самадзейных артыстаў Вясейскага сельскага дома культуры. Першы намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Яўгенавіч Лешчанка кінуў першае зерне ў раллю. Благаславіў рупліўцаў і асвяціў тэхніку настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Вясея протаіерэй Генадзій Станкевіч.

    Тэхніка «паплыла» па палетках, «адлічваючы» першыя гектары яравой сяўбы. Падчас раённых засевак пайшоў дождж, як кажуць у народзе, гэта прадвяшчае добры ўраджай. Будзем спадзявацца, што намаганні працаўнікоў сельгасарганізацый раёна і надвор’е паспрыяюць добраму ўраджаю. 

    Сёлета ў сельгасарганізацыях раёна яравая сяўба зойме 39 777 гектараў, у тым ліку яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры з кукурузай на зерне – 15 067 гектараў, цукровыя буракі – 5 626 гектараў, кукуруза на сілас – 19 785 гектараў. У веснавой пасяўной кампаніі будуць задзейнічаны 620 трактароў.

    Па стане на 29 сакавіка ў сельгас-арганізацыях раёна яравыя культуры пасеяны на плошчы 1 449 гектараў (11% да задання). Лідзіруюць на сяўбе ААТ «Вясейскі Пакроў», «Казловічы-Агра», філіял «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі Аграсэрвіс».

    Штодзень нарошчваюць аб’ёмы работ у ААТ «Аграфірма «Лучнікі». Дырэктар сельгасарганізацыі Васілій Пятровіч Статкевіч адзначыў, што яравы клін у гаспадарцы сёлета складзе больш за тры тысячы гектараў.

    – Зразумела, плануем работы з улікам надвор’я. Сёлета азімыя культуры добра «выйшлі» з зімоўкі, іх ужо падкармілі. Сугліністыя глебы пакуль не дазвалялі на поўную моц распачаць сяўбу, – гаворыць Васілій Пятровіч. –  Па неабходнасці будзем арганізоўваць палявыя работы ў дзве змены. Працаўнікі сельгасарганізацыі добра падрыхтаваліся да сяўбы: у наяўнасці неабходная колькасць насення, назапасілі арганічных і мінеральных угнаенняў, своечасова падрыхтавалі тэхніку. Адно з хвалюючых пытанняў – ахова працы, выканання правіл бяспекі патрабуем ад кожнага працаўніка.

    Старанна працуюць у ААТ «Аграфірма «Лучнікі» вопытныя механізатары  Міхаіл Яўгенавіч Жогла, Юрый Валянцінавіч Андрэенка, Віктар Уладзіміравіч Сучок, Уладзімір Оттавіч Лангліц, сярод маладых вылучаюцца Аляксандр Іванавіч Ляткоўскі, Уладзімір Міхайлавіч Ляткоўскі, Вячаслаў Анатольевіч Туравец і іншыя. Бясспрэчна, вопыт і малады запал працаўнікоў гаспадаркі дапамогуць у вырашэнні пастаўленых задач па правядзенні пасяўной кампаніі якасна і ў аптымальны тэрмін.

    – Што адчуваю? Канечне, радасць, што выехалі ў поле, што  спрыяе нам надвор’е. Стараемся, каб атрымаць восенню добры ўраджай, – адзначае механізатар Юрый Валянцінавіч Андрэенка.

    Автор: Ірына КАВАЛЕНКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)