24 Апреля, 2024 Среда

Састаў злачынства

  • 31 марта 2017 Общество Русский 0

    Транспартная міліцыя з 29 сакавіка па 2 красавіка праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Прыгарадны поезд». У гэтыя дні арганізавана максімальнае суправаджэнне паяздоў рэгіянальных ліній эканомкласа, узмоцнена ахова грамадскага парадку, адпрацоўваюцца чыгуначныя станцыі і пункты прыпынку, асабліва тыя, што размешчаны каля дачных масіваў. Карэспандэнт «Р» разбіралася, з якой мэтай праводзіцца акцыя, а таксама высвятляла, якія злачынствы і правапарушэнні характэрныя для чыгуначнага транспарту.

    — Дадатковыя меры бяспекі звязаны з пачаткам дачнага сезона, у перыяд якога павялічваецца пасажырапаток і адзначаецца рост колькасці злачынстваў, — кажа Аляксандр Карповіч, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце (АУСТ).

    Сапраўды, надвор’е яшчэ халоднае, ды і глеба не прагрэлася, але заўзятыя дачнікі, прасумаваўшы ўсю зіму ў гарадскіх кватэрах, ужо едуць у свае садовыя таварыствы. Некаторых на шляху чакаюць непрыемнасці: у электрычцы могуць знікнуць сумка з рэчамі або тэлефон.

    — Я літаральна на дзве хвіліны адвярнулася! — выцірае слёзы маладзенькая дзяўчына. — Спахапілася — а сумкі няма!

    У дамскай сумачцы, якую ўладальніца выпусціла з поля зроку, знаходзілася даволі буйная сума грошай, а галоўнае — усе дакументы.

    — Бог з імі, з тымі грашыма, — дрыжачым голасам працягвае ахвяра злодзея. — Мне, галоўнае, дыплом вярнуць!

    Ёй пашанцавала — месца, дзе яна бавіла час у чаканні электрычкі, знаходзіцца пад прыцэлам відэакамер. Вызначыўшы дакладны адрэзак часу, у які знікла сумка, аператыўнікі маюць на руках «партрэт» маладога чалавека, які нешта хавае за пазуху і спяшаецца прэч.

    — Шанцы на затрыманне зламысніка дастаткова вялікія, — каменціруе Сяргей Гаркава, камандзір роты патрульна-паставой службы Мінскага АУСТ. — Маюцца запісы камер відэаназірання, якія дазволяць вызначыць асобу злодзея. Вялікую ролю іграе своечасовасць паведамлення ў міліцыю: чым хутчэй мы даведаемся пра здарэнне, тым большая верагоднасць затрымання злачынцы.

    Пакуль аператыўнікі займаюцца ўстанаўленнем асобы злодзея, нарад патрульна-паставой службы дастаўляе траіх нецвярозых маладых людзей. Цікаўлюся, што іх чакае.

    — Патрымаем да раніцы ў «люксе», — усміхаецца Сяргей Гаркава, ківаючы на пакой для затрыманых. — Дзеля іх жа ўласнай бяспекі: каб выпіўшыя хлопцы ні самі спраў не нарабілі, ні сталі ахвярамі зламыснікаў.

    Праўда, за бяспеку давядзецца заплаціць: у дачыненні да асоб, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, складуць пратакол за адміністратыўнае парушэнне, штраф за якое складае 46 рублёў.

    Праходзіць няшмат часу — і вось у памяшканне аператыўна-дзяжурнай службы прыводзяць хударлявага невысокага бландзіна, у якім я пазнаю чалавека, што завалодаў чужой сумкай.

    — Я не краў! Яна без нагляду стаяла! — працягвае ён спрэчку з аператыўнікамі.

    — А чаму ў міліцыю не аднёс, калі знайшоў? — пытаюся. — Няўжо не здагадваўся, што чалавек хвалюецца?

    Хлопец моўчкі хавае вочы. Цікаўлюся:

    — А ў вас калі-небудзь штосьці кралі?

    — Кралі! — з нечаканай злосцю выпальвае суразмоўца. — У мяне тэлефон укралі!

    Затрыманы згаджаецца паказаць кантэйнер са смеццем, куды выкінуў сумку і дакументы. У адносінах да хлопца, які ўжо мае судзімасць, будзе распачата крымінальная справа за крадзеж. Яму пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

    — Крадзяжы маёмасці грамадзян часта адбываюцца з-за бесклапотнасці саміх гаспадароў, — сцвярджае Аляксандр Карповіч. — Напрыклад, пакіне чалавек сумку на сядзенні цягніка, а сам ідзе ў туалет за некалькі вагонаў. Пакуль ён вернецца, пройдзе хвілін дваццаць, электрычка зробіць некалькі прыпынкаў…

    — Транспартная міліцыя раіць з асцярожнасцю ставіцца да выпадковых спадарожнікаў, якія прапануюць распіць спіртныя напоі: абшнарыць кішэні нецвярозага чалавека і завалодаць яго рэчамі вельмі лёгка, а для надзейнасці туды могуць падсыпаць снатворнае або нават наркотыкі. Не трэба пакідаць без нагляду асабістыя рэчы ні падчас чакання поезда, ні падчас руху, давяраць іх выпадковым знаёмым таксама не трэба, — зазначыў Генадзь Завадскі, намеснік начальніка Мінскага АУСТ.

    У забеспячэнні правапарадку ў рухомых саставах прымаюць удзел супрацоўнікі АМАП, патрульна-паставой і крымінальнай службаў, ваенізаванай аховы беларускай чыгункі, а таксама члены добраахвотнай дружыны.

    Автор: Оксана НЕВМЕРЖИЦКАЯРэспубліка

Комментарии (0)