04 Мая, 2024 Суббота

Пра што маладзечанскія гімназісты распыталі французскага пасла

  • 05 апреля 2017 Общество Беларуская 0

    Сёлета Тыдзень франкафоніі асабліва запомніцца навучэнцам маладзечанскай гімназіі №3. Да іх завітаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Францыя ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэс.

    Як атрымалася, што ён выбраў менавіта нашу гімназію? Спадар Канэс расказаў, што ў рамках Міжнароднага дня франкафоніі, які ва ўсім свеце адзначаецца 20 сакавіка, запланаваў візіт у навучальную ўстанову, дзе паглыблена вывучаюць французскую мову. Супрацоўнікі пасольства парэкамендавалі яму нашу гімназію №3, дзе вельмі зацікаўленыя педагогі і навучэнцы якой з году ў год паказваюць высокі ўзровень ведаў французскай мовы, перамагаюць у рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах даследчых работ. У студзені тут сустракалі аташэ пасольства па супрацоўніцтве ў галіне французскай мовы Клер-Эліз Юбер.

    І вось у чарговы раз на сценах фае гімназіі з’явіліся выявы Эйфелевай вежы. Пінжакі педагогаў упрыгожылі сіне-чырвона-белыя брошкі ў колер французскага сцяга. Традыцыйны хлеб-соль спадар Канэс пакаштаваў з вялікай павагай пад гукі беларускай мелодыі ў выкананні юнай скрыпачкі Ангеліны Ушывец.

    Дырэктар гімназіі Алена Гарбачова падзякавала спадару паслу, што ў шчыльным рабочым графіку знайшоў час для візіту ў іх навучальную ўстанову. Асаблівая ўдзячнасць — за падораныя пасольствам  камплекты французскіх кніг, якія дапамогуць гімназістам у вывучэнні мовы. Алена Анатольеўна ўручыла госцю падарунак: беларускую льняную вышыванку і сумку з надпісам «Беларусь» работы майстроў Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Адчувалася, што сувеніры госцю спадабаліся.

    У час прэзентацыі гімназіі юныя артысты пабудавалі на сцэне актавай залы сімвалічную Эйфелеву вежу, паказалі цікавую праграму, якую ім дапамаглі падрыхтаваць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кацярына Івашанка і яе калегі Наталля Волчак і Антаніна Куханчык. «Я ўдзячны настаўнікам гімназіі за тое, што яны не толькі навучаюць дзяцей мове, але і перадаюць сваю любоў да французскай культуры», — падзяліўся ўражаннямі Дзідзье Канэс.

    З вялікім імпэтам ён размаўляў з навучэнцамі гімназіі, пачынаючы ад пяцікласнікаў і заканчваючы выпускнікамі. Яму спадабалася, што многія пытанні дзяцей былі спантаннымі, а добры ўзровень валодання мовай дазваляў ім свабодна весці размову. Завяршыўся візіт пасяджэннем за круглым сталом з педагогамі гімназіі, у час якога абмяркоўваліся перспектывы далейшага супрацоўніцтва, удзел у сумесных культурных праектах. Фінальным акордам стала вядомая французская песня «На Елісейскіх палях», якую спявалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы.

    «У кожнага свая Эйфелева вежа"

    Самыя цікавыя пытанні гімназістаў Дзідзье Канэсу.

    — Як вы лічыце, ці дасягнулі вы вышыні ўласнай Эйфелевай вежы?

    — У маім разуменні Эйфелева вежа – гэта лінія гарызонту, да якой трэба імкнуцца ўсё жыццё.

    — Ці ведалі вы пра Беларусь да 2016 года, калі былі накіраваны ў нашу краіну ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла?    

    — Раней я працаваў у пасольстве Францыі ў Маскве і ў 1992 годзе займаўся падрыхтоўкай візіту ў Беларусь прэм’ер-міністра Францыі.

    — Што вас здзівіла ў нашай краіне?

    — У вас высокі ўзровень навучання і выхавання, і сёння я яшчэ раз у гэтым пераканаўся. Беларусы надзвычай арганізаваныя людзі.

    — Як вы сталі дыпламатам?

    — У дзяцінстве я не марыў аб прафесіі дыпламата, так склаўся лёс. Я належу да пакалення, якое абавязана было служыць у арміі. З’явілася магчымасць замест ваеннай службы выбраць работу па спецыяльнасці, такім чынам паўтара года я адслужыў у адміністрацыі. Гэта быў мой першы крок у прафесію…

    — Якія прафесіі выбралі вашы дзеці?

    — Мая дачка вывучае фізіку, сын – права.

    — Ваша парада таму, хто хоча стаць дыпламатам?

    — Вельмі шмат працаваць!

    — Колькі моў вы ведаеце і якую б хацелі вывучыць яшчэ?

    — Акрамя роднай французскай я валодаю англійскай і рускай мовамі. А вывучыць хацеў бы беларускую.

    — У якіх краінах вам даводзілася бываць? Дзе спадабалася найбольш?

    — Я працаваў у Англіі, Аўстрыі, Расіі, Бельгіі. З усіх гарадоў найбольш спадабалася Вена – выключна прыгожы еўрапейскі горад.

    — Вашы ўражанні аб Мінску і дзе яшчэ ў Беларусі вы былі?

    — Мінск – гэта горад, які я люблю і дзе працую. Ён мне падабаецца сваёй чысцінёй, гуманнасцю жыхароў, архітэктурай, наяўнасцю будынкаў эпохі сталінізму. Акрамя таго, з афіцыйнымі візітамі я быў у Брэсце і Гомелі.

    — Ці спадабалася вам Маладзечна?

    — Я яшчэ мала бачыў ваш горад, але магу дакладна сказаць: гімназію №3 палюбіў ужо…

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)