24 Апреля, 2024 Среда

Дубровенскія засеўкі

  • 11 апреля 2017 Общество Беларуская 0

    Хоць пасяўная ў Дубровенскім раёне ідзе поўным ходам (пасеяна 26% ад запланаванага), у сераду прайшоў традыцыйны абрад засевак. Менавіта ён натхніў аграрнікаў на новыя рэкорды. Перад пачаткам мерапрыемства была праведзена нарада з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў раёна, дзе прааналізавалі асноўныя на гэты час віды работ. Так, пастаўлена задача ў максімальна сціслыя тэрміны завяршыць падкормку азімых і рапсу, завезці рэшткі насення, сродкаў абароны раслін і угнаенняў.

    Паралельна з работамі ў раслінавод¬стве трэба рыхтавацца да летнепашавага перыяду ў жывёлагадоўлі, а таксама наводзіць парадак на зямлі. Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дубровенскага райвыканкама Аляксандр Карнееў упэўнены, што глеба паспела, зараз неабходна надаць максімум увагі і прыкласці ўсе намаганні, каб за два тыдні правесці пасяўную.

    Для правядзення аграрнага свята была выбрана адна з лепшых гаспадарак — ААТ “Якубава-Агра”. Гэта сельгаспрадпрыемства мае моцныя традыцыі земляробства і працаздольны калектыў.

    На хлебаробскае свята прыехалі кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчай галіны на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Лындзіным.

    — Задачы на гэты год у нас сур’ёзныя. Нам аказана высокае давер’е — правесці обласное свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, таму і працаваць трэба з поўнай аддачай, — звярнуўся А.М.Лындзін да прысутных на свяце. — Зараз мы наблізіліся да масавага севу. Галоўнае, якасна і максімальна хутка яго правесці. Але памятайце, што пасяўная — гэта не гонка і не здача нарматыву на 100 метраў — тут усё павінна весціся паэтапна і, галоўнае, якасна, пачынаючы з падрыхтоўкі глебы і строга захоўваючы ўсе тэхналагічныя працэсы.

    Протаіерэй Уладзімір Шаўня адслужыў малебен, асвяціў поле, благаславіў працаўнікоў вёскі на добрыя справы і пажадаў поспехаў.

    Старшыня ААТ “Якубава-Агра” Уладзімір Мінькоў запэўніў прысутных, што гаспадарка гатова да правядзення сельскагаспадарчых работ.

    —Пасяўная — адказны момант, але фізічна гэта не самая цяжкая работа, якая праводзіцца ў сельскагаспадарчым го¬дзе. Мы збіраемся сёлета пасеяць яравыя культуры на пло¬шчы 550 га. Тэхнічныя магчымасці, элітнае насенне, людскія рэзервы ў нас ёсць. Правялі сход, людзі ведаюць методыку аплаты працы, арганізавана гарачае харчаванне. Нікога не трэба падштурхоўваць. Раніцай паглядзелі, колькі ўчора зарабілі, заправіліся і ў поле. Працуем з 6 гадзін раніцы да 21 гадзіны. На гэты момант ужо пасеялі 32% ад неабходнага, да 20 красавіка плануем адсеяць усю раннюю яравую групу, — сказаў Уладзімір Мінькоў.

    Завяршаючы мерапрыемства, старшыня райвыканкама Алег Лындзін адзначыў, што асноўная для ўсіх мэта — атрымаць максімальную аддачу. Пажадаў усім аграрыям раёна эфектыўнай работы, веснавога настрою, здароўя і поспехаў.

    Прыемныя ўражанні і добры настрой засталіся ў кожнага ўдзельніка засевак. Адчувалася прыемная радасць ад таго, як прыгожа выглядала свежаўзаранае поле, над якім ляталі чайкі і буслы.

    Жадаем усім нашым сельгаспрадпрыемствам поспехаў, каб дубровенская ніва была шчодрай, а каравай багатым.

    Автор: Святлана ШУРПАКОВА.Дняпроўская праўда

Комментарии (0)