04 Мая, 2024 Суббота

Арагонские танцы и белорусские народные праздники - в молодечненской школе

  • 19 апреля 2017 Общество Беларуская 0

    СШ №9 наведалі госці з іспанскага горада Сарагосы – сталіцы аўтаномнага рэгіёна Арагон.

    — Да нас упершыню прыехалі прадстаўнікі Арагонскай школы танца і песні. Гэта адметная падзея ў жыцці ўстановы, — заўважыў дырэктар СШ №9 Юрый Вяршыцкі.

    У фае замежных гасцей віталі хлебам-соллю.

    — Надзвычай прыгожая традыцыя! У нас такой няма, – сказаў Санцьяга Гарсія Меркадаль, прэзідэнт асацыяцыі Арагонскай школы танца і песні. – У вас прыгожая, але вельмі складаная мова. За доўгія гады супрацоўніцтва з Беларуссю асвоіў толькі каля двух дзясяткаў слоў.

    Як вядома, СШ №9 адзіная ў нашым раёне ўстанова, дзе вывучаюць іспанскую мову. Школа падтрымлівае адносіны з барысаўскай СШ №17, дзе таксама іспанская мова выкладаецца на базавым і павышаным узроўнях. Дзякуючы барысаўчанам, якія разам з замежнымі гасцямі прыехалі ў наш горад, пашырылася кола сяброў і ў маладзечанскіх школьнікаў. Наогул, у беларусаў не так шмат адрасоў супрацоўніцтва на іспанскай зямлі, што абумоўлена геаграфічным месцазнаходжаннем краін – адлегласць паміж імі больш за тры тысячы кіламетраў.

    Дарэчы, у Арагонскай школе танца і песні вывучаюць выключна нацыянальны фальклор. Мастацтва і стала мостам дружбы.

    У Маладзечне навучэнцы гэтай установы арганізавалі каларытны канцэрт сумесна з нашымі школьнікамі. Іспанцы танцавалі арагонскія танцы, расказалі пра нацыянальныя касцюмы. Вучні СШ №9 таксама паказалі творчыя нумары ў народным стылі. Для гасцей падрыхтавалі і відэапрэзентацыю пра Маладзечна, паказалі яго славутыя мясціны. З непадробнай цікавасцю госці ўдзельнічалі ў гульнявой праграме «Кола беларускіх свят». Разам з маладзечанцамі і барысаўчанамі яны варажылі, гукалі вясну, садзілі і капалі бульбу… Цікава гасцям было і на майстар-класе па ўпрыгожванні велікодных яек.

    Педагогі СШ №9 і Арагонскай школы танца і песні за круглым сталом абмеркавалі пытанні далейшага супрацоўніцтва. На развітанне гаспадары і госці абмяняліся сувенірамі.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)