29 Марта, 2024 Пятница

О красоте и гармонии церковного пения в интервью с регентом Свято-Николаевской церкви Алевтиной Левой

  • 28 апреля 2017 Общество Беларуская 0

    Не раз чула ад людзей, што калі яны ўпершыню ў жыцці заходзілі ў храм – часцей за ўсё на Вялікдзень – і слухалі, як спяваюць “Хрыстос Уваскрэс”, то ім здавалася, быццам у той момант яны самі адрываліся ад зямлі і ўзносіліся да неба...

    Вось аб гэтым, аб прыгажосці і гармоніі царкоўных спеваў, і адбылася нашая размова з рэгентам Свята-Мікольскага храма г.Пружаны матушкай Аляўцінай Левай, якая без малога амаль трыццаць гадоў спявае пры алтары.

    – Як адбылася Ваша першая сустрэча з праваслаўем,  і хто паўплываў на выбар жыццёвага шляху?

    – Першыя мае крокі ў праваслаўі я зрабіла пад кіраўніцтвам бабулі, вельмі набожнага чалавека. Нягледзячы на сталы ўзрост, фізічную немач, стомленасць, яна заўсёды імкнулася ў храм і вяла за сабою мяне.

    – Але ўсё  ж, як Вы прыйшлі да сваёй прафесіі  рэгента?

    – Можна сказаць, што да яе я ішла на працягу ўсяго свайго жыцця, з дзяцінства знаходзячыся ў атмасферы музыкі. Вучылася ў музычнай школе, у Гродзенскім музычна-педагагічным вучылішчы, затым скончыла  Інстытут культуры. Заўсёды заслухоўвалася лекцыямі па гісторыі музыкі і царкоўных спеваў. А ў 1990 годзе набралася смеласці і паднялася на клірас Свята-Аляксандра-Неўскага храма, дзе пад кіраўніцтвам рэгента Таццяны Уладзіміраўны Матусевіч і пачала спасцігаць азы. Паступова пачала ўсведамляць, што ў храме гучыць не музыка, а богаслужэбныя спевы. І галоўнае там – малітва.

    – Матушка, хто такі рэгент – дырыжор або нешта большае? Бо для многіх з нас, прабачце, вялікай розніцы няма.

    – На першы погляд, рэгент нічым не адрозніваецца ад  дырыжора: хор і салісты,  жэсты, партытуры і камертон. Але гэта толькі вонкавае падабенства. Дырыжор праводзіць рэпетыцыі, каб даць эмацыйныя і відовішчныя канцэрты. Служба ў храме – не канцэрт, і пеўчыя не чакаюць апладысментаў. Іх галоўнае прызначэнне – стварыць асаблівы духоўны настрой, данесці да прысутных сэнс літургічных тэкстаў, дапамагчы раскрыцца душы чалавека перад Богам. Таму рэгент абавязаны ведаць яшчэ богаслужэбны статут і ў пэўнай ступені валодаць царкоўнаславянскай мовай.

    – Матушка, а які Вы рэгент, строгі?

    – Для мяне галоўнае, каб адносіны паміж спевакамі будаваліся на любові і ўзаемнай павазе, толькі тады будуць зладжаныя спевы. Калі для гэтага спатрэбіцца праявіць строгасць, то я буду строгая.

    – Колькі ў Вас харыстаў?

    – Можна сказаць, хор – равеснік нашага храма, які быў пабудаваны і асвечаны 10 гадоў таму. Пачынала спяваць пару чалавек, а цяпер  асноўны склад вырас да 18 спевакоў, прычым толькі трое з іх маюць музычную адукацыю, астатнія – руплівыя самавучкі.

    Дарэчы, прыходзяць у хор людзі з рознай ступенню ўцаркаўлення. Часам, менавіта дзякуючы царкоўным спевам, яны знахо-дзяць свой шлях да права-слаўя.  І калі ўпершыню ідуць на споведзь і прыча-шчаюцца, мы вельмі радуемся за іх.

    – Як Вы падбіраеце рэпертуар? Наколькі  ён разнастайны?

    – Неўкамплектаванасць мужчынскімі галасамі некалькі звужае магчымасці нашага хору і не дазваляе пашырыць рэпертуар. Аднак стараемся разнастаіць спевы, выкарыстоўваючы і старажытныя распевы, і сучасныя творы.

    – Творчасць якіх царкоўных кампазітараў Вам сугучна? І якія творы Вам падабаецца выконваць больш за ўсё?

    – Вельмі люблю творчасць Бартнянскага, Часнакова і Архангельскага, музыка якіх насычана адгалоскамі старажытных напеваў. Выдатныя творы пісаў і наш гомельскі кампазітар Мікалай Бутома. Ён памёр у 1983 годзе, не застаў адраджэння царкоўнага жыцця, не дачакаўся заслужанага прызнання… Але больш за ўсё я люблю простыя гласавыя спевы, якія ва ўсёй сваёй прыгажосці раскрываюцца на ўсяночным набажэнстве.

    – Раскажыце пра самыя яркія моманты за гады рэгенцкага служэння.

    – Такія незабыўныя моманты здараюцца кожны год – на Вялікдзень, калі выходзіш на хрэсны ход, і здаецца, што вакол храма калышацца  чалавечае мора, якое аж зала-ціцца ад свечак. А заходзіш у храм – ад-крываюцца царскія вароты, і нібы анёлы праз іх спускаюцца з нябёсаў, каб дапамагчы нам спяваць. Колькі б нас ні было – многа, мала – так лёгка спяваецца!

    – Ведаю, што асаблівым быў для Вас мінулы год: Вы прымалі ўдзел у Міжнародным з’ездзе рэгентаў і пеўчых Рускай Праваслаўнай Царквы, які праходзіў у г. Масква. Падзяліцеся, калі ласка, уражаннямі.

    – У рабоце з’езда прынялі ўдзел 196 дэлегатаў з 17 краін. Упершыню з 1917 года пытанні захавання шматвяковых традыцый царкоўных спеваў абмяркоўваліся ў такім прадстаўнічым сходзе. Майстар-класы праводзілі лепшыя рэгенты праваслаўнай Царквы. У цэлым, усе шматлікія выступленні далі мне верныя арыенціры і паказалі шлях, якога я павінна прытрымлівацца.

    – Што пажадаеце нашым чытачам напярэдадні вялікага свята – Уваскрэсення Хрыстова?

    – Хачу пажадаць ісці па жыцці з добрай марай, шчырай надзеяй, моцнай верай і вялікай любоўю. Хай пяшчотны водар кулічоў, звонкі смех і светлыя ўсмешкі блізкіх напоўняць вашы дні сапраўдным цудам і выдатным настроем. І хай у вашы дамы прыходзяць толькі добрыя навіны.

    Гутарыла Алена Зялевіч.

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)