19 Апреля, 2024 Пятница

Случчане працавалі на суботніку

  • 28 апреля 2017 Общество Беларуская 0

    У гэты дзень многія працавалі на рабочых месцах, на прадпрыемствах, у арганізацыях Случчыны займаліся ўборкай замацаваных тэрыторый, случчане прыбіралі ад зімовага смецця, добраўпарадкоўвалі месцы агульнага карыстання, могілкі, помнікі, магілы загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны, працавалі на ўборцы сельскіх населеных пунктаў, займаліся іншай работай.

    Па папярэдніх дадзеных, у рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел 24 260 жыхароў Слуцкага раёна, на адпаведны рахунак пералічана 44,9 тысячы рублёў, заробленых працоўнымі калектывамі раёна ў дзень суботніка, у гэты дзень на Случчыне выраблена прамысловай прадукцыі на суму 61 тысяча рублёў, выканана падрадных работ уласнымі сіламі на суму 22,2 тысячы рублёў.

    Дзянёк не радаваў вясновай цеплынёй – халодны вецер, дождж і нават снег. Аднак ці гэта перашкода для тых, хто нацэлены на работу, мае жаданне прынесці карысць роднаму краю, зрабіць яго яшчэ больш прыгожым, уладкаваным.

    Дэпутаты Слуцкага раённага Савета дэпутатаў займаліся пасадкай дрэў у 11-м гарадку – на Алеі герояў непадалёку ад помніка воінам 29-га Знаменскага ордэна Леніна Чырванасцяжнага ордэна Суворава ІІ ступені 29-га танкавага корпуса. Работа ладзілася: удзельнікі суботніка капалі лункі, садзілі бярозкі, прывязвалі іх да калкоў, палівалі саджанцы. У выніку алею папоўнілі больш за 50 маладых дрэўцаў. Прыгожа!

    Не адставалі ў рабоце і ветэраны 29-й танкавай дывізіі, педагогі і вучні СШ №8, якія наводзілі парадак на алеі каля цэнтра традыцыйнай культуры, закладзенай у гонар 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: зграбалі сухую траву і лісце, бялілі дрэўцы. Дарэчы, вучні і настаўнікі СШ №8 разам са слуцкімі камунальшчыкамі ў гэты дзень актыўна папрацавалі на ўборцы смецця на набярэжнай Случы ў 11-м гарадку.

    Яшчэ адна  пляцоўка суботніка – мемарыяльны комплекс «Пераходы» – месца спаленай фашыстамі ў час Вялікай Айчыннай вайны вёскі Пераходы. Больш за 40 супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама прыбіралі тэрыторыю ад зімовага смецця, галля. А работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама, райкама БРСМ, Слуцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў наводзілі парадак ва ўрочышчы Гараваха – каля абеліска ахвярам фашысцкага генацыду.

    Маштабны фронт работ падчас суботніка разгарнулі работнікі Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі: супрацоўнікі ЖЭУ займаліся ўборкай несанкцыянаваных сметнікаў, уборкай тэрыторый на могілках на вуліцы 14 Партызан у Слуцку, тэрыторый на вуліцах Западнай, Леніна, Парыжскай Камуны, Суворава, Магістральнай, 1 Аўгуста, Іваноўскага, Лобана і іншых. Са спецыялістамі розных службаў ЖКГ, ЖЭУ падчас суботніка сустрэлася на набярэжных Бычка (вул. Піянерская) і Случы (мікрараён вуліцы Будаўнікоў): колькі мяшкоў смецця (пластыкавыя бутэлькі, папера, анучы і іншае), пакінутага случчанамі на берагах пасля адпачынку, сабралі камунальшчыкі ў той дзень, бадай, не злічыць. Работнікі ЖКГ праводзілі таксама высечку і вываз старога галля, пабелку дрэў, іншыя работы.

    Гэта, канечне, далёка не поўны пералік «адрасоў» рэспубліканскага суботніка на Случчыне. Актыўна папрацавалі на ўборцы, добраўпарадкаванні  замацаваных тэрыторый работнікі Слуцкіх электрасетак, камбіната хлебапрадуктаў, хлебазавода, устаноў адукацыі, іншых арганізацый, прадпрыемстваў раёна. Работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама былі задзейнічаны на сельгасработах у КСУП «Эксперыментальная база «Танежыцы». У многіх вёсках у гэты дзень наводзілі парадак на могілках, у гэтай рабоце актыўны ўдзел прынялі мясцовыя жыхары, напрыклад, адметна папрацавалі жыхары вёсак Балотчыцы, Чыжоўка, Цалевічы, Іванаўскія Агароднікі, Навадворцы і іншых.

    Сваімі меркаваннямі падзяліліся некаторыя ўдзельнікі суботніка.

    Віктар Аляксеевіч Ражанец, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў:

    – Зараз праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні. Дэпутацкі корпус прымае ў ім актыўны ўдзел, у тым ліку добра папрацавалі падчас рэспубліканскага суботніка. Правядзенне суботнікаў – добрая традыцыя, якая была ініцыянавана без малога сто гадоў таму, яшчэ ў савецкай краіне. Гэта важная грамадская акцыя, якая не толькі прыносіць практычную карысць, яна садзейнічае еднасці людзей, развіццю грамадскай свядомасці, патрыятызму. Відавочна, дэпутаты павінны задаваць тон у гэтай рабоце, як гаворыцца, на ўласным прыкладзе прызвычайваць людзей да клопату пра родны край, навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання. 

    Андрэй Міхайлавіч Заяц, намеснік начальніка Слуцкага РАУС:

    – Для работнікаў слуцкай міліцыі стала ўжо добрай традыцыяй падчас суботнікаў працаваць на ўборцы тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Пераходы». Утрыманне ў належным стане магіл, помнікаў – наш агульны абавязак. Людзі павінны памятаць пра страшныя ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, шанаваць гэту памяць. І слуцкія міліцыянеры ўносяць свой уклад у гэту справу.

    Віктар Уладзіміравіч Навічэнка, намеснік галоўнага інжынера; Мікалай Мікалаевіч Хурсік, інжынер забеспячэння КУП «Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка»:

    – На парозе – цёплая пара, а значыць, неабходна падрыхтаваць зялёныя зоны для адпачынку людзей. Сёння працавалі на набярэжнай Случы ў мікрараёне вуліцы Будаўнікоў, капітальна ачысцілі бераг ад смецця, старой травы, правялі абрэзку дрэў, прарэджванне кустоўя. На жаль, не ўсе случчане імкнуцца захоўваць чысціню і парадак у месцах агульнага карыстання. У тым ліку штогод прыбіраем ад шматлікага смецця гэту зялёную зону, хоць тут нямала ўрнаў, ёсць кантэйнеры для смецця. Шаноўныя случчане, беражыце чысціню, прыгажосць роднага Слуцка!

    Кацярына Урбановіч, выконваючая абавязкі першага сакратара Слуцкага райкама БРСМ:

    – Актывісты БРСМ Случчыны прымаюць удзел у месячніку па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні, маладзёжных добраўпарадчых акцыях. Сёння з задавальненнем папрацавалі на рэспубліканскім суботніку. Падчас суботніка многае зроблена па навядзенні парадку на тэрыторыях раёна. Важна захоўваць гэта, падтрымліваць чысціню. Хочацца, каб наша Случчына заўсёды была прыгожай, а гэта залежыць ад кожнага яе жыхара.

    Автор: Наталля СЕЛЯЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)