05 Июня, 2026 Пятница

Ці паграже санаторыям разубежыванне радонавых водаў?

  • 02 мая 2017 Общество Беларуская 0

    Аб санаторыях “Радон” і “Альфа Радон”, дзе паспяхова лечаць захворванні апорна-рухальнага апарата, неўралагічныя, сардэчна-сасудзістыя і гінекалагічныя захворванні, ведаюць не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. За пяць-шэсць апошніх гадоў у санаторыях прайшлі курс лячэння і аздараўлення каля 70 тысяч чалавек і больш за палову з іх — гэта жыхары Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Італіі, Ізраіля і іншых краін. Прыехалі, добра адпачылі і падлячыліся, задаволеныя паехалі дадому, не ўнікаючы ў праблемы фарміравання лячэбных радонавых водаў для абодвух санаторыяў. Ды і навошта адпачывальнікам ведаць гэтыя асаблівасці? Але гэта ведаць трэба ўсім, і асабліва тым, хто прыязджае лячыцца ў нашы санаторыі па шмат разоў. Але спачатку крыху гісторыі.

    Першыя звесткі аб наяўнасці радону ў геалагічных адкладах Беларусі былі атрыманы ў 1966 годзе, калі ў выніку буравых работ па праграме гідрагеалагічнага картаграфавання ў ваколіцах вёсак Селівонікі Дзятлаўскага раёна і Пацавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці былі выяўлены падземныя воды з высокім утрыманнем радону. Каля вёсак Раклевічы і Галаўлі ў 1967 годзе пры правядзенні гідралагічных работ для патрэбаў жыхароў калгаса “Расія” ў Дзятлаўскім раёне адна са свідравінаў самаізлівалася.

    Пасля праведзенага хіміка-гідралагічнага аналізу высветлілася, што вада ў ёй насычана радонам. У далейшым спецыялісты ПО “Белгеалогія” пачалі мэтанакіравана праводзіць геолага-разведачныя работы па вывучэнні першага ў Беларусі радовішча радонавых водаў, у якіх павышаны радый і гелій, а ўтрыманне ўрану адпавядае фонаваму.

    У пачатку 1980 года ў інстытуце “Белгорадабудаўніцтва” быў складзены праект курортнага комплексу на базе адкрытага радовішча радонавых водаў і 21 кастрычніка 1993 года санаторый “Радон” прыняў сваіх першых наведвальнікаў, а з мінулага года ўступіў у строй новы санаторый “Альфа Радон”. Размешчаныя ў зоне кліматычнага камфорту ў сасновым лесе, у месцы зліцця дзвюх маляўнічых рэк Моўчадзь і Паніква, абодва санаторыі ўваходзяць у частку тэрыторыі плошчай каля 100 кв. км, якая афіцыйна аб'яўлена санаторнай зонай і пастаянна кантралюецца санітарнай і экалагічнай службамі. Яны ж ажыццяўляюць кантроль паспяховага выкарыстання радонавых водаў у якасці мінеральных водаў. Схема мінеральнага водазабеспячэння, спосаб транспарціроўкі радонавай вады ад чатырох радоназмяшчальных свідравінаў да водалячэбніцы забяспечваюць дастатковую захаванасць канцэнтрацыі радону ў вадзе для правядзення комплексу лячэбных працэдураў. Дарэчы, паляпшэнне стану здароўя адзначаецца ў больш чым 98% пацыентаў, што сведчыць аб эфектыўным лячэнні радонавымі мінеральнымі водамі. І асноўная задача па эксплуатацыі радовішча — захаваць той баланс узаемадзеяння мінеральных радонавых водаў з водамі грунтовымі і прыпаверхневымі, бо ў адваротным выпадку адбудзецца “гідралагічнае разубежыванне” радонавых водаў, і лячыць хворых пацыентаў не будзе чым.

    Асаблівасці і склад радонавых водаў

    Радон — гэта аднаатамны радыеактыўны газ без паху і колеру, хімічна малаактыўны. Хімічны склад і асноўныя фізіка-хімічныя характарыстыкі радонавых водаў (мінералізацыя, іонны склад, тэмпература) аналагічныя, за выключэннем прысутнасці радону, водам вышэйзалягаючых адкладаў. Трэба асабліва адзначыць, што радонавыя воды, атрыманыя з глыбіняў 170-304 метры, празрыстыя, бясколерныя, без паху.

    Чаму зніжаецца ўтрыманне радону ў вадзе?

    Састаў радону ў падземных водах эксплутацыйных свідравінаў залежыць ад водаправоднасці расколіна-пластавага рэзервуара: чым ніжэй водаправоднасць, тым вышэй утрыманне радону ў падземных водах. Пры гэтым вялікае значэнне мае працяглы час кантакту вады з радонавытворнымі горнымі пародамі. Супрацьлеглыя суадносіны расходу вады і часу яе кантактавання з горнымі пародамі багатыя зніжэннем канцэнтрацый радону.

    Новыя свідравіны санаторыям не патрэбныя

    Гідраўлічны метад ацэнкі запасаў з'яўляецца дастаткова эфектыўным і прымальным для выпадкаў “басейнавых” аб'ёмаў і распаўсюджвання падземных вод з устойлівым утрыманнем водарастваральных рэчываў. Для радонавых мінеральных вод з іх вузкалакальным фарміраваннем і няўстойлівым біялагічна актыўным кампанентам неабходна спецыяльная методыка, факталагічную аснову распрацоўкі якой можна атрымаць у выніку дэталёвых рэжымных назіранняў за паводзінамі ўзроўняў расходаў і радоназмяшчэнняў падземных вод у працэсе іх эксплуатацыі.

    Пры гэтым заўсёды трэба памятаць, што ўвесь час пры эксплуатацыі свідравін можа паўстаць змешванне вод радонавых з апускаемымі безрадонавымі прэснымі падземнымі водамі. А таму варта не выкарыстоўваць павелічэнне эксплуатацыі мінеральных радонавых вод радовішча за кошт павелічэння колькасці новых свідравін.

    Санаторый “Радон” з'яўляецца базавым лячэбна-курортным прадпрыемствам “Белаграздраўніца” Беларускага аграпрамысловага саюза і разам з новым санаторыем “Альфа Радон” павінен не толькі правільна эксплуатаваць прыродныя радонавыя рэсурсы, але і рабіць усё магчымае для таго, каб і жыхары Беларусі, і шматлікія замежныя госці яшчэ доўга маглі тут лячыць свае захворванні.

    Автор: А. БАГДАСАРАЎПерамога
    Теги: 

Комментарии (0)