04 Июля, 2025 Пятница

Пяць прычын наведаць Дрысвяты

  • 03 мая 2017 Общество Беларуская 0

    Сёння мы прапануем вам адправіцца ў маляўнічае мястэчка Дрысвяты, а дапамогуць нам у гэтым педагогі і краязнаўцы мясцовай школы Аліцыя Прахарэнка і Даната Мартынкіна.

    АДШУКАЦЬ ПАДЗЕМНЫ ХОД

    Да канца ХVІІІ ст. Дрысвяты з’яўляліся дзяржаўным населеным пунктам і здаваліся ў арэнду. У 1780 годзе яны становяцца прыватным уладаннем Радзівілаў, а ў 1790 мястэчка набывае славуты кампазітар Міхаіл Агінскі, праўда, праз 4 гады перапрадае яго. У ХІХ стагоддзі ўладальнікі Дрысвят часта мяняліся. Апошнімі гаспадарамі сталі бароны Іскуль фон Гільдэнбандты. Ад тых часоў у Дрысвятах захаваліся рэшткі парку, гаспадарчых пабудоў, лядоўня, мосцік і інш. У адным з мясцовых паданняў гаворыцца, што ў гэтым парку знаходзіцца ўваход у падземны ход, які вядзе на востраў на возеры Дрысвяты.

    ПАДЗІВІЦЦА НА КАСЦЁЛ БЕЗ АДЗІНАГА ЦВІКА

    Самы каштоўны архітэктурны помнік Дрысвят — драўляны касцёл Пятра і Паўла. Ён узведзены па праекце беларускага архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага ў 1929 годзе. Акрамя таго, што ён пабудаваны без адзінага цвіка, у ім захоўваецца копія абраза «Пакланенне вешчуноў» (арыгінал знаходзіцца ў музеі Мінска). Гэта адзіны з уцалелых твораў эпохі Рэнесансу на тэрыторыі Беларусі. Абраз быў спецыяльна напісаны для дрысвяцкага касцёла.

    ЗНАЙСЦІ КЛАД НА ВОСТРАВЕ

    На возеры Дрысвяты знаходзіцца востраў Замак. З ім звязана шмат легендаў і паданняў. Па адной з іх, на востраве ёсць клад, але ён зачараваны, таму знайсці яго складана. Увогуле ж некалі на востраве быў замак, ад якога захаваліся вялікія земляныя валы, а ў яго паўночнай частцы і сёння знаходзіцца каменны крыж ХІV — ХVІІ стагоддзяў.

    ПАБЫВАЦЬ НА ГІДРАЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ

    Гідраэлектрастанцыя «Дружба народаў» пабудавана на рацэ Прорва ў 50-х гг. ХХ стагоддзя. Узводзілі яе Беларусь, Літва і Латвія. Падчас будаўніцтва кампазітар Арвід Жылінскі прысвяціў ёй аперэту «У краі блакітных азёр», Эдуардус Межэлайціс — «Брацкую паэму», Пятрусь Броўка — раман «Калі зліваюцца рэкі», па якім быў нават зняты аднайменны кінафільм.

    УБАЧЫЦЬ САПРАЎДНЫ БЛІНДАЖ

     

    Падзеі Першай сусветнай вайны пакінулі глыбокі след у гісторыі Дрысвят, бо тут праходзіла лінія фронту. Рускія і нямецкія войскі (кожнае са свайго боку) узводзілі грунтоўныя абарончыя збудаванні. І да сённяшняга дня ў наваколлі населенага пункта захавалася больш за дзясятак нямецкіх бліндажоў.

    ■ Алена НАБЕЕВА.

    Фота аўтара.

    Автор: Елена НабееваБраслаўская звязда
    Теги: 

Комментарии (0)