16 Апреля, 2024 Вторник

Палац шчасця для маладажонаў

  • 06 мая 2017 Общество Беларуская 0

    Адкрыццё новага будынка аддзела ЗАГС стала прыгожым святам. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Іванавіч Сірэнка, старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, работнікі іншых раённых і абласных структур. І, вядома, на свяце былі маладажоны. Свае першыя крокі ў новае жыццё яны зрабілі ў прыгожым светлым будынку.

    Гістарычная аура гэтага месца будзе садзейнічаць захаванню і перадачы сямейных традыцый з пакалення ў пакаленне, падкрэсліў Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. Больш за 3000 актаў розных відаў складаецца ў аддзеле запісу актаў грамадзянскага стану штогод, у тым ліку рэгістрацый больш за 600 шлюбаў, нараджэнняў болей 1 000 дзяцей, каля 60% такіх падзей праходзіць ва ўрачыстай абстаноўцы. Таму новы будынак, у якім ёсць прыгожая велічная зала для ўрачыстых цырымоній, пакоі для жаніха і нявесты, банкетная зала, прасторны хол –  сапраўды цудоўны падарунак для аддзела ЗАГС і ўсіх случчан. Упісаны яшчэ адзін радок у гісторыю органаў ЗАГС, якім у гэтым годзе – 100 гадоў.

    – Адкрыццё такога цудоўнага палаца – важная падзея для горада. Гэта павышае статус рэгіёна, – адзначыў падчас віншавання намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Іванавіч Сірэнка. – Дзякуй усім, хто прыняў удзел у стварэнні гэтай прыгажосці.

    Першую ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу ў новым будынку правяла начальнік аддзела ЗАГС Слуцкага райвыканкама Ганна Іванаўна Шаўнёва для Вікторыі і Вадзіма Рытвінскіх. Цудоўная мелодыя ў выкананні ансамбля скрыпачоў Слуцкай дзіцячай школы мастацтваў падтрымлівала святочную атмасферу. Словы віншаванняў для маладых, падарункі ад Слуцкага райвыканкама, Мінаблвыканкама. Для Вікторыі і Вадзіма такая асаблівая рэгістрацыя шлюбу − хвалюючая і прыемная падзея, эмоцыі і ўражанні перапаўнялі. Маладыя пазнаёміліся падчас вучобы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава і праз тры гады вырашылі стварыць сям’ю. 28 красавіка яшчэ 5 пар заключылі шлюбы ва ўрачыстай абстаноўцы. Шчасця вам!

    – Адкрыццё новага будынка аддзела ЗАГС – падзея доўгачаканая не толькі для работнікаў аддзела і тых, хто плануе стварыць сям’ю. Гэтага чакаў увесь горад, – падзялілася ўражаннямі  Ганна Іванаўна Шаўнёва. – У будынку ўсё атрымалася  менавіта так, як мы і ўяўлялі, дызайн інтэр’ераў распрацоўвалі пры ўдзеле работнікаў ЗАГСа і кіраўніцтва справамі райвыканкама. Упэўнена, случчанам і не толькі ім спадабаецца праводзіць тут урачыстыя цырымоніі.

    Дарэчы, да 100-годдзя органаў ЗАГС у новым будынку − тэматычная выстаўка шлюбных убораў нявест розных часоў. Сукенкі прадставілі жыхары раёна, а вось вэлюм, вяночкі  ўзнавілі па фотаздымках умеліцы Слуцкага цэнтра традыцыйнай культуры. На сімвалічным дрэве размешчаны фотаздымкі розных гадоў, на якіх − маладажоны, былыя работнікі ЗАГСа… Плануюцца і іншыя мерапрыемствы да юбілейнай даты.

    Спецыялісты аддзела ЗАГС пачнуць весці прыём у новым будынку з 1 чэрвеня, цяпер яны знаходзяцца па ранейшым адрасе: вул. Леніна, 189 ( будынак райвыканкама). Ну а ўрачыстыя рэістрацыі шлюбаў ужо ідуць поўнаю хадою ў новым будынку. За 29 красавіка ў шлюб уступілі 12 пар. Ганна Іванаўна Шаўнёва адзначае і новую традыцыю: маладажонаў абсыпаюць у тым ліку і манетамі. Самую вялікую пакуль колькасць шлюбаў плануецца зарэгістраваць 5 жніўня – 16. Па 10 пар вырашылі ўрачыста распісацца 3 чэрвеня, 7 і 22 ліпеня, а 29 ліпеня плануюць уступіць у шлюб 13 пар. Усяго на канец дня 28 красавіка ў Слуцку зарэгістравалі шлюб 114 пар, прайшла рэгістрацыя 202 нованароджаных.

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)