29 Марта, 2024 Пятница

Молодые медики оставили квартиру в Гродно и переехали жить в деревню Могилевцы

  • 12 мая 2017 Общество Беларуская 0

    І сёння перабрацца з сяла ў горад, як і гадоў трыццаць-сорак таму, калі назіраўся высокі тэмп урбанізацыі, імкнуцца многія, а вось пераязджаюць з горада ў вёску — адзінкі. Сям’я Мазурычаў якраз у той меншасці, якая памяняла горад з яго імклівым рытмам на спакойнае жыццё ў вёсцы.

    Шлях у медыкі

    Юрый Мазурыч — глава сям’і — папярэджвае, што ў яго з жонкай Наталляй сялянскія карані.

    — Мы абодва родам з вёскі Забалаць Воранаўскага раёна, што на Гродзеншчыне, — зазначае Юрый Казіміравіч. — Таму з вясковым укладам жыцця знаёмы. А пераезд менавіта ў Магілёўцы прадвызначыла знаходжанне тут абласной псіхіятрычнай бальніцы.

    Але пра ўсё па парадку. Маладыя муж і жонка Мазурычы — медыкі, хаця  жыццёвыя шляхі іх складваліся па-рознаму.

    — Мы з братам рана страцілі бацькоў,  нас выхоўвалі бабуля і дзядуля, — расказвае Юрый Казіміравіч. — Яны ўвогуле настойвалі, каб я ішоў працаваць у сельскую гаспадарку. Так што спачатку паехаў пакараць Гро-дзенскі аграрны ўніверсітэт. Але няўдала. Тады «за кампанію», як гэта часта бывае, падаў дакументы ў Слонімскі медыцынскі каледж. Іронія лёсу, але з нашай каманды толькі я адзін і быў залічаны на вучобу.

    У Наталлі Іванаўны ўсё было наадварот: родныя асэнсавана падштурхоўвалі яе да медыцыны.

    — Напэўна, мама хацела праз мяне ўвасобіць у жыццё сваю няздзейсненую мару, — усміхаецца маладая жанчына. — У свой час яна сама хацела стаць медыкам, але чамусьці абрала іншую прафесію.  Так што веру ў нейкае наканаванне. Тым больш, што падобныя «падштурхоўванні» здараюцца пастаянна. Напрыклад, у дзяцінстве ляжала ў бальніцы, у інфекцыйным аддзяленні, і забыла там свае рэчы (прыкмета-забабон, што гэта азначае вяртанне). І што вы думаеце? Вярнулася! Першым маім месцам працы было дзіцячае аддзяленне інфекцыйнай бальніцы.

    Менавіта падчас вучобы ў Слоніме Юрый з Наталляй і прыгледзеліся адзін да аднаго. А неўзабаве, пасля атрымання дыпломаў, стварылі сям’ю.

    Наталля сваё галоўнае прызначэнне знайшла ў выхаванні дзяцей: у 2007 го-дзе ў Мазурычаў нарадзілася дачка Ангеліна, а праз шэсць гадоў — сын Роберт. А вось фельчар-акушэр Юрый адразу паступіў у Гродзенскі медуніверсітэт, паралельна з вучобай працаваў у аддзяленні «хуткай дапамогі».

    Маладая сям’я пабудавала ў Гродне кватэру  ды, магчыма, так і засталася б жыць у горадзе над Нёманам, каб не погляды галавы сямейства на першараднае прызначэнне ўрача.

    — Я хачу сапраўды лячыць людзей, а не рабіць выгляд, што дапамагаю ім. Для мяне важна бачыць вынік сваёй работы. Таму паліклініку я наогул не разглядаў як магчымае месца працы.  Тут не будзеш так упэўнены, як у стацыянарным аддзяленні, дзе бачыш карысць ад аказанай табой медыцынскай дапамогі. Толькі ў стацыянары, пры пастаянных стасунках з пацыентамі  я магу аналізаваць правільнасць назначанага мною курсу лячэння, — разважае Юрый Казіміравіч.

    З Гродна ў Магілёўцы

    Ад аднагрупніка па кале-джы Юрый Мазурыч даведаўся пра Магілявецкую абласную псіхіятрычную бальніцу, дзе знайшлося месца старшай медсястры і для Наталлі. Так пяць гадоў таму сям’я пакінула сваю новенькую  кватэру ў Гродне і пераехала ў вёску на Пружаншчыне. Цяпер сямейная пара прызнаецца, што ніколькі не пашкадавала аб зробленым выбары.

    — Як любіць паўтараць мая мама, камень, які ляжыць на адным месцы, пакрываецца мохам, — кажа Наталля Іванаўна, якая падтрымала рашэнне мужа аб пераездзе.

    Спачатку кіраўніцтва выдзеліла Мазурычам пакой у інтэрнаце, а не так даўно яны атрымалі  прыватны дом на тэрыторыі бальніцы. Старэнькае сціплае жыллё сямейная пара з любоўю і густам абставіла і стараецца добраўпарадкаваць.

    Калегі высока цэняць Юрыя Казіміравіча як прафесіянала. Сёння ў бальніцы, дзе  лячэнне праходзяць больш за 330 пацыентаў, ён узначальвае адно з аддзяленняў. На практыцы маладому доктару даводзіцца сутыкацца з рознымі выпадкамі. Але ўрач паспяхова вырашае разнастайныя сітуацыі, дае кваліфікаваныя кансультацыі.

    Нягледзячы на непадробную любоў да абранай справы, аддаваць свой вольны час рабоце з псіхічна хворымі пацыентамі Юрый Казіміравіч не лічыць правільным: маўляў,  так і самому нядоўга захварэць.

    — Усё-такі  ўрачу-псіхіятру патрэбна пераключаць увагу. І без таго не пакідае адчуванне, што ты жывеш на рабоце: адказваеш на тэлефонныя званкі ў любы час сутак, перажываеш за пацыентаў — як правіла, акрамя нас, многія нікому не патрэбны.

    І ў вёсцы можна жыць

    На маё здзіўленне: «Што маладых людзей усё-такі затрымлівае ў Магілёўцах?» — яны, не задумваючыся, адказваюць:

    — Галоўнае — гэта цудоўны калектыў і работа, якая прыносіць задавальненне.

    Мазурычы падкрэсліваюць: жыць у вёсцы — не значыць сумаваць. З першых дзён у Магілёўцах сям’я ўвайшла ў актыў работнікаў бальніцы.

    — Прызнацца шчыра, калі прыехалі, калегі мяне напалохалі: сказалі, што трэба прайсці «прысвячэнне ў прафесію». Аказалася, патрабавалася падрыхтаваць нумар мастацкай самадзейнасці. З таго часу мы і ўдзельнічаем у культурным жыцці калектыву.

    Калі хочаш цікава бавіць вольны час, то і ў вёсцы з гэтым праблем няма. Дружны калектыў Магілявецкай псіхіятрычнай бальніцы  заўсёды ўдзельнічае ў турыстычных злётах, часта ездзіць на экскурсіі, канцэрты, спектаклі...

    — Каб не было аднастайнасці, ездзім на выхадныя ў Гродна, наведваем бацькоў, сяброў. А яшчэ ўсім калектывам ладзім масавыя мерапрыемствы, бывалі ў Лядовым палацы  ў Пружанах, у музеі Вялікай Айчыннай вайны, у  Хатыні, на комплексе «Лінія Сталіна»...

    Увогуле, Мазурычам па душы мернае жыццё на свежым паветры. Што тычыцца дзяцей, на іх думку, у вёсцы яны могуць атрымаць не горшую адукацыю.

    — У класе, дзе вучыцца Ангеліна, толькі два вучні, таму ў настаўнікаў ёсць магчымасць удзяліць кожнаму максімум увагі. Возім дачку ў Ружанскую  школу мастацтваў, дзе яна займаецца харэаграфіяй, вакалам, вучыцца іграць на фартэпіяна.

    Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

    Автор: Марына ВакульскаяРаённыя будні

Комментарии (0)