06 Мая, 2024 Понедельник

На карце Зэльвеншчыны. Вёска Бязводна

  • 17 мая 2017 Общество Беларуская 0

    У гістарычных крыніцах вёска Бязводна згадваецца ў XV стагоддзі як населены пункт па дарозе на Бярэсце. У канцы XIX стагоддзя была ўласнасцю Ігнація Шырманта, у ёй жыло тады 272 чалавекі. На пачатку XX стагоддзя жыхароў у самой вёсцы налічвалася 335, а ў маёнтку – 108 чалавек. Адносіўся населены пункт да Міжэрыцкай воласці Ваўкавыскага  павета.

    Зараз у вёсцы жыве 29 чалавек. 

    Назва вёскі адразу выклікае пытанне: няўжо і праўда тут няма калодзежаў, і жыхары карыстаюцца прывазной вадой? Старажылы ўсміхаюцца і тлумачаць: «Назва ўзнікла таму, што паблізу няма ракі, а пітная вада знаходзіцца на вялікай глыбіні. Каб яе дабыць, трэба прыкласці нямала сіл, спрыту і часу». Зацікаўленыя, мы пачалі ўважліва прыглядацца да калодзежаў, распытваць, колькі кольцаў спатрэбілася гаспадарам, каб мець пры хаце сваю студню. Адзін са старэйшых жыхароў Бязводна М.І.Мачок здзівіў расказам пра свой калодзеж, які дастаўся яму ў спадчыну ад дзеда і бацькі. Кало-дзеж гэты – унікальны: ён увесь выкладзены з камення. Калі продкі Мікалая Іосіфавіча капалі яго, кольцаў яшчэ не рабілі. Студні, хутчэй за ўсё, больш за сотню гадоў, бо Мікалай Іосіфавіч сам не памятае, як яна расла з глыбінь зямлі да самага верху, а ведае пра гэта са слоў бацькі.

    Гаспадар унікальнага калодзежа

    У свае 86 М.І.Мачок  яшчэ досыць рухавы чалавек. А ўсё таму, што ўсё жыццё правёў і праводзіць у працы і руху. На падворку ў яго чысціня і парадак не толькі таму, што побач жывуць дачка з зяцем, якія дапамагаюць бацьку. Мікалай Іосіфавіч і сам многае робіць. Як доказ сілы такі факт: у цёплае надвор’е любіць узяць веласіпед і паехаць на ім… у Ружаны. Так, кіламетраў за 20 ад дома! Там ён няспешна пройдзецца па магазінах і рынку, набудзе неабходныя рэчы – і спакойна вяртаецца дадому.

    Працаваў Мікалай Іосіфавіч на трактары спачатку прыцэп-шчыкам (была ў 50-я гады мінулага стагоддзя такая прафесія), а потым – трактарыстам. У той час актыўна нарыхтоўвалі тарфакрошку, вось Мачок зімой і грузіў яе на машыны. Вясной змешвалі торф з гноем і развозілі па палях. Было і шмат іншай работы для трактарыста. Мікалай Іосіфавіч вельмі ўдзячны зяцю Аляксандру і дачцы Лідзіі, якія пабудаваліся побач з бацькам і заўсёды гатовыя прыйсці яму на дапамогу. Цешыцца дзядуля і з унучкі Ларысы, якая жыве ў Гродне, але вельмі часта наведвае дарагога чалавека.

    Самаахвярная ахоўніца ратнай і працоўнай славы дарагіх мужчын

    Вельмі цёпла сустрэла нас жыхарка  Бязводна Л.А.Грышэчка. Усе дарагія сэрцу жанчыны мужчыны – сапраўдныя героі ці то вайны, ці то працы. Дзядуля быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, вярнуўся з яе георгіеўскім кавалерам. Бацька, А.І.Шчурко, – удзельнік Другой сусветнай. Вызваляў разам з баявымі сябрамі Сандомір, Браслаў, Дрэздэн, Прагу, Будапешт. Фарсіраваў рэкі Одэр, Нэйсе, Эльбу. Франтавік меў шматлікія ўзнагароды, сярод якіх і падзяка галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна. Пасля вайны працягваў справу свайго бацькі-селяніна і вопытнага пчаляра. Любоў да пчол перадаў сыну Івану, які хоць і жыве даўно ў Гродне, але не парывае сувязі з домам і працягвае займацца пчалярствам.

    Вельмі ганарыцца Лідзія Аляксандраўна братам. 42 гады адпрацаваў ён кавалём на ААТ “ГроднаАзот”, мае два ордэны Працоўнай славы II і III ступеняў. «Гарачая» прафесія не астудзіла ў ім талент паэта: вершы пра родную  мову і вёску, якія прачытала нам сястра, вельмі цёплыя і сардэчныя (спадзяёмся, што нам удасца наладзіць сувязі са Шчурко, і зэльвенцы змогуць прачытаць яго творы на літаратурнай старонцы “Працы”).

    Пра саму Лідзію Аляксандраўну нам расказала стараста. У жанчыны артыстычны талент. Яна вельмі хораша спявала і танцавала. І хоць закончыла палітэхнічны інстытут, знайшла сябе ў клубнай рабоце. Працавала ў Запольскім клубе Пружанскага раёна, дзе яе памятаюць і сёння.

    Старажылы Бязводна

    Як і ў кожнай невялікай вёсачцы, на жаль, большасць яе жыхароў – аўдавелыя жанчыны. Пра многіх расказала стараста, з некаторымі мы сустрэліся.

    Ірына Іосіфаўна Бандык была паляводам, а муж усё працоўнае жыццё звязаў з тэхнікай. Быў і механікам, і радавым  інжынерам, і галоўным. Быў адказным і за тэхніку бяспекі. Мае Ірына Іосіфаўна дзвюх дачок, трох унукаў і двух праўнукаў.

    Алена Анатольеўна Лухтан хоць і засталася без мужа, маркоціцца часу не мае. Побач жывуць сыны з сем’ямі: адзін тут, у Бязводна, другі – у Цяглевічах. І сыны, і нявесткі працуюць у філіяле «Дабраселецкі», часта наведваюць маці.

    Надзея Міхайлаўна Крукоўская працавала ў Мэштавіцкім доме-інтэрнаце санітаркай. Таксама двух сыноў з мужам выгадавалі. Адзін з іх застаўся на радзіме, працуе ва-дзіцелем, клапоціцца пра маці.

    Галіна Георгіеўна Лухтан родам з Мастоўскага раёна. У Бязводна трапіла пасля заканчэння Навагрудскага сельгастэхнікума. Аграном па адукацыі, працавала па сямейных абставінах на розных участках. Але ўсюды жанчына спраўлялася на выдатна. А яшчэ з мужам чатырох дзяцей на ногі паднялі – такіх жа працавітых, як самі. Унукі таксама радуюць бабулю: іх у яе 11.

    Галіна Эдуардаўна Ляута  родам з недалёкіх Рудзевіч. Доўгі час працавала санітаркай у Мэштавічах, потым у Зэльвенскай раённай і Манцяцкай участковай бальніцах. Ганарыцца сваімі дзецьмі  і ўнукамі. Дачка – настаўніца, сын – трактарыст, нявестка – выкладчыца Горацкай акадэміі. Ужо дарослыя і трое ўнукаў.

    Паўвека ў Бязводна, 36 гадоў – у школе

    Тамара Аляксандраўна              Семяняка – таксама ўдава, але пра гэтую вельмі паважаную ў вёсцы жанчыну хочацца расказаць крыху падрабязней. Яна – настаўніца, прыехала ў Бязводна пасля заканчэння Гродзен-скага ўніверсітэта (тады яшчэ – інстытута). Аўдавела зусім маладой, але так і засталася на ра-дзіме мужа. Уся аддалася любімай рабоце і адзінай дачушцы. Радавой настаўніцай працавала нядоўга. Яе арганізатарскія здольнасці заўважылі і ў школе, і ў РАНА. 17 гадоў, будучы на пасадзе завуча па вучэбнай рабоце, дапамагала дырэктару, а пасля і сама цэлых 10 гадоў узначальвала Цяглевіцкую сярэднюю школу. Мела безліч па-дзяк і ад раённага аддзела адукацыі, і ад абласнога ўпраўлення. Узнагароджана ордэнам  Пашаны.

    Удзячныя выпускнікі не забываюць настаўніцу-кіраўніка: звоняць і прыязджаюць не толькі ў прафесійныя святы. Наследуюць прафесію Тамары Аляксандраўны дачка і ўнучка. Значыць, недарэмна засталася ў вёсцы, недарэмна ўсю душу ўкладвала ў выхаванне дзяцей.

    Удзячныя нашчадкі

    Як і ўсюды, у Бязводна з кожным годам усё болей і болей застаецца хат без гаспадароў. Сельсавет кантралюе гэты працэс, выяўляе нашчадкаў, якім не патрэбны старыя сядзібы. Тады пабудовы зносяць. Але, на шчасце, нямала ахвотнікаў не толькі даглядаць, але і жыць у бацькоўскіх хатах.

    Валянціна Рыгораўна Мірончык з мужам Вячаславам Іванавічам – з тых, хто з нецярпеннем чакае вясны, каб кінуць усе сталічныя выгоды і пры-ехаць на радзіму. Бацькі жанчыны, Рыгор Сцяпанавіч і Яўгенія Васільеўна Лухтаны, усё жыццё працавалі ў мясцовай гаспадарцы, а дачка змалку дапамагала ім. Звыклая да сялянскай працы, і зараз з задавальненнем акунаецца ва ўсе пра-блемы вясковага жыцця. Яны яе не палохаюць.

    Пётр Кіслы з унукамі даглядаюць сядзібу жончыных бацькоў. Сам Пётр Аляксеевіч – трактарыст з 48-гадовым стажам. Як і М.І.Мачок, добра памятае цяжкія ўмовы працы на старых мадэлях трактараў.  «Мы пасля работы самі сябе пазнаць не маглі: усе запыленыя і брудныя былі, – згадвае мужчына.– Зараз іншая справа».

    Наша правадніца – стараста вёскі

    Мы вельмі ўдзячны Таццяне Рыгораўне Лухтан, старасце вёскі, якая не толькі згадзілася быць нашым правадніком, але аказалася і вельмі добрым экскурсаводам. Вось ідзём да хаты цешчы Кіслага, яна тлумачыць: «Пётр Аляксеевіч жыве ў другім канцы вёскі, але не па-кідае без увагі сядзібу жончыных бацькоў». Праходзім міма хаты Сяргея Віктаравіча Ляуты, і адразу стараста ўдакладняе: «Тут жыве самая маладая ў Бязводна сямейная пара. Маюць двое дзетак. Гаспадар працуе ў РАНС, гаспадыня – у Цяглевіцкай школе, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

    Стараста ведае ў вёсцы ўсіх, паважае кожнага і гатова расказваць пра сваіх землякоў бясконца. Пасля нашай просьбы Таццяна Рыгораўна ахвотна знаёміць нас (завочна, вядома) і са сваёй сям’ёй. Муж, Міхаіл Аляксандравіч, пэўны час быў дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, паважаны ў вёсцы чалавек. Ён – добры гаспадар, клапатлівы муж і бацька. Дом у Лухтанаў, бадай, самы прыгожы і дагледжаны. Будавалі яго сваімі сіламі: зрэдку дапамагалі браты мужа і жонкі. Выгадавалі чацвёра дастойных дзяцей:  дачка – настаўніца, адзін сын – медык, другі – трактарыст, трэці – ветурач.

    Гаспадар працаваў механізатарам. Шмат разоў займаў першыя месцы ў раённых спаборніцтвах, атрымліваў падзячныя лісты і граматы. Прымаў удзел у спаборніцтве на прыз Надзеі Япіхінай і атрымаў крыштальную вазу, чым ганарыцца не толькі ён, але і ўся сям’я.

    Сама Таццяна Рыгораўна змяніла нямала прафесій. І паляводам была, і даяркай, і фермай загадвала. Зараз з мужам, змяняючы адзін аднаго, працуюць на складзе, ачышчаюць насенне.

    Як гаспадыня вёскі, Таццяна Рыгораўна стараецца ўлічваць усе просьбы аднавяскоўцаў. Добра ацэньваючы сітуацыю ў старэючай вёсцы, робіць сёння тое, на што заўтра ўжо можа не хапіць сіл. Напрыклад, прапанавала старшыні сельсавета выкарыстаць добрае бярвенне з дамоў, што ішлі на знос, і замяніць некалькі спарахнелых крыжоў на могілках. Думае і пра культурны адпачынак вяскоўцаў: дамаўляецца з работнікамі культуры аб канцэртах у вёсцы.

    Хто чуе покліч зямлі

    Зараз у вёсках не так шмат працаздольных людзей. І вельмі цешыць тое, што з гарадоў пачалі прыязджаць унукі былых сялян, якіх паклікала зямля. Сярод небаязлівых і пляменнік ужо згаданай Лідзіі Аляксандраўны Грышэчка – Андрэй. Ён набыў побач з колішнім дзедавым надзелам зямлю і апрацоў-вае яе па ўсіх правілах сучаснай агратэхнікі. Маючы дзве вышэйшыя сельскагаспадарчыя адукацыі, не спусташае зямлю, а ўзбагачае яе. Набыў неабходную тэхніку і інвентар, дапамагае і вяскоўцам хутчэй справіцца з палявымі работамі. А яны,  удзячныя, адклікаюцца і на яго просьбы. Як бы добра было, каб у кожнай нашай вёсачцы з’явіўся свой Андрэй!

    Автор: Янина ШМАТКОПраца
    Теги: 

Комментарии (0)