03 Мая, 2024 Пятница

Адкуль паходзяць назвы вёсак Залессе, Замошша, Бузуны?

  • 22 мая 2017 Общество Беларуская 0

    Прыходзяць на памяць вёскі Залессе, Замошша, Руднікі, Бузуны, Баравікі Пружанскага раёна, адкуль паходзіць мой род. Раскажыце, калі ласка, аб іх назвах.

    Недалёка ад тых мясцін і цяпер жыве брат маёй мамы Мікалай Адамавіч Карпыза, зараз яму 80 гадоў. З іх 40 гадоў ён адпрацаваў сельскім паштальёнам, таму ведае не толькі ўсе навакольныя вёскі, людзей, але і лясы — дзе больш грыбоў, ягад расце. У Рудніках пахаваныя мая бабуля і побач — мама (у 15 гадоў немцы звезлі маму ў Германію).

    Газета «Звязда» ўжо 29 гадоў для мяне — родная газета на роднай мове.

    У мабільніку я запісаў дату 9.08.2017 г. (з музычным напамінам). «Звяздзе» — 100 гадоў.

    З павагай, Сяргей ЖУКАЎ, афіцэр запасу, г. Мінск

    Адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар Капылоў.

    Паходжанне назваў вёсак Залессе і Замошша не выклікае цяжкасцяў. Гэтыя назвы адносяцца да ліку так званых назваў-арыенціраў — паказваюць на месцазнаходжанне паселішча адносна іншых геаграфічных аб'ектаў. У першым выпадку — найменне сведчыць, што вёска знаходзіцца за лесам, у другім — за мохам. У сваю чаргу слова мох у беларускіх народных гаворках мае значэнне «балота, парослае мохам». З такім жа значэннем гэта слова ўжывалася і ў старабеларускай мове ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага. У некаторых мясцовасцях Беларусі так называюць лес, які зарос мохам.

    У пісьмовых крыніцах звесткі пра вёску Залессе з'яўляюцца ў канцы XІX ст. У матэрыялах перапісу насельніцтва 1897 года адзначаецца, што ў вёсцы на той час было 35 двароў з 299 жыхарамі. Паводле тагачаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу вёска адносілася да Руднікоўскай (Рудніцкай) воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні.

    Вёска Замошша намнога старэйшая. Паводле звестак «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» яна згадваецца ў канцы XVІ ст. У канцы XVІІІ стагоддзя гэты населены пункт адносіўся да маёнтка Сялец Берасцейскага павета ВКЛ, належаў Сапегам. У канцы XІX ст. гэта было даволі шматлюднае паселішча. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы налічваліся 63 двары і 328 жыхароў.

    Вёска Руднікі вядзе сваё паходжанне ад назвы «рудня». Так называлася дробнае прамысловае прадпрыемства, на якім у мінулыя часы здабывалі балотную жалезную руду або плавілі, выраблялі з яе жалеза. Людзі, якія здабывалі або плавілі руду, называліся руднікамі. Такім чынам, заснавала гэту вёску сям'я або група сваякоў па назве занятку. Вёска Руднікі ў XІX стагоддзі была валасным цэнтрам: у ёй дзейнічала валасное ўпраўленне, праваслаўная царква, было народнае вучылішча, лячэбніца, лаўка і карчма. На той час у вёсцы было 27 двароў са 196 жыхарамі.

    У аснову назвы вёскі Бузуны магла быць пакладзена мянушка чалавека. Бузунамі на некаторых усходнеславянскіх тэрыторыях называлі людзей, якія любілі распачынаць бойку, інакш кажучы, бузуны — гэта задзіры, забіякі, буяны. Бузунамі таксама маглі называцца людзі, якія жылі на балоцістай мясцовасці. Слова буза ў народных гаворках мае значэнні «гразкае, топкае месца», «багна на балоце», «рачны і азёрны мул у вадаёме». У XІX стагоддзі вёска адносілася да Дабучынскай воласці Пружанскага павета, у ёй пражывала 340 чалавек.

    Матывацыяй назвы вёскі Баравікі магла паслужыць мянушка людзей, якая ўжывалася для абазначэння тых, хто жыве ў бары. У канцы XІX ст., у адрозненне ад сучаснасці, гэта было даволі шматлікае паселішча. У вёсцы налічвалася 60 двароў з 403 жыхарамі.

    Автор: Ігар КапылоўЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)