25 Апреля, 2024 Четверг

25 мая аглядавая камісія наведалася на вуліцу Прывакзальную ў Смаргоні

  • 29 мая 2017 Общество Беларуская 0

    25 мая аглядавая камісія, у склад якой увайшлі работнікі “Цёплага дома”, газавай службы, раёна электрычных сетак, супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях наведалася на вуліцу Прывакзальную ў Смаргоні, каб агледзець дамы і іншыя пабудовы людзей, якія тут жывуць. Асноўная ўвага была звернута на пажарную бяспеку.

    Супрацоўнікі РАНСа, спецыялісты газавай і энергетычнай службаў уважліва аглядалі электраправодку, газавае абсталяванне, печкі. У некаторых гаспадароў домаўладанняў усё было ў парадку, да іншых узнікалі пытанні. То электраправодка не адпавядала прад’яўляемым патрабаванням і яе неабходна замяніць, то газавае абсталяванне было ўстаноўлена ў памяшканні, дзе адсутнічала аконная фортка.

    Работнікі “Цёплага дома” распытвалі ў гаспадароў дамоў, сярод якіх нямала было састарэлых людзей, аб жыццёвых праблемах, ці наведваюць татаў і мам дарослыя дзеці, ці дапамагаюць ім у быту. Ёсць сярод жыхароў вуліцы Прывакзальнай інваліды, нямаглыя людзі, якія яшчэ тупаюць на падворку, але не могуць ужо дайсці да магазіна. Добра, што побач жывуць спагадлівыя суседзі больш маладога ўзросту. Яны купляюць у магазіне харчовыя прадукты не толькі сабе, але і нямаглым людзям па іх просьбе.

    У некаторыя дамы не ўдалося патрапіць, бо на дзвярах віселі замкі. На ганку аднаго дома насупраць зачыненых дзвярэй веранды ляжаў вялікі чорны сабака. Ён не быў навязаны, грозна паглядзеў на людзей, якія па вуліцы падышлі да весніц. Аглядавая камісія не рызыкнула зайсці на падворак. Дамы, у якіх не ўдалося пабываць, прыйдзецца наведаць у наступны раз, каб паглядзець, якая ў іх сітуацыя з пажарнай бяспекай.

    Автор: Юрый ЯНУШКЕВІЧСветлы шлях
    Теги: 

Комментарии (0)