25 Апреля, 2024 Четверг

Насустрач радзіме, або Гісторыя, ад якой не стрымаць слёз

  • 12 июня 2017 Общество Беларуская 0

    Жыццё чалавека падобна на доўгую дарогу: у адных яна пралягае па роўным асфальце, у іншых – па ямах і перавалах. Мы раскажам гісторыю, не падобную на ўсе астатнія, – пра беларусаў, якія праклалі свой шлях… у бязмежных лясах Сібіры.

    “Самаходы”

    З 1896 па 1909 год у Сібір адправіліся каля паўмільёна беларусаў, у тым ліку з Магілёўскай губерні – 200 тысяч, Віцебскай – 153, Мінскай – 95, Гродзенскай – 27. Але што падштурхнула нашых продкаў адправіцца за тры тысячы кіламетраў у невядомы паўночна-ўсходні рэгіён?

    Адмена прыгоннага права ў 1861 годзе не вырашыла глабальныя праблемы вольных сялян, і людзі адчувалі недахоп зямлі. Таму і чапляўся кожны за любую магчымасць знайсці лішні кавалак глебы для апрацоўкі. Па другі бок былі практычна бязлюдная Сібір і царскі ўрад, усур’ёз азадачаны высокай шчыльнасцю насельніцтва ў еўрапейскай частцы Расіі. Так у XIX стагоддзі па ўсёй краіне пачалі раз’язджаць прадстаўнікі зямельных камітэтаў, якія агітавалі людзей да перасялення. А ўмовы былі прывабныя: на новых месцах сяляне не абкладаліся падаткамі, акрамя таго, на ўладкаванне гаспадаркі і расходы на дарогу дзяржава вылучала грошы, але самым галоўным было тое, што людзі атрымлівалі столькі зямлі, колькі маглі апрацаваць.

    Для перасялення прапаноўвалася тры месцы. Таму у вёсках пачало стварацца грамадства «хадакоў» – людзей, якія адпраўляліся ў «разведку» на прапанаваныя тэрыторыі. З гісторыі сям’і Мельнікавых вядома, што іх продак Еўдакім Рыгоравіч быў у ліку трох «хадакоў» (двое астатніх – браты Крупнікавы), якія адправіліся ад вяскоўцаў Рагіні. Ім трэба было наведаць Сібір, Прыволжа і бераг Чорнага мора. Але выбралі яны  паўночна-заходні рэгіён – Татарскі павет Табольскай губерні, які вабіў сваімі лясамі, рэкамі і колькасцю свабоднай зямлі, а галоўнае – месца было вельмі падобна на родныя мясціны.

    У 1897 годзе адбыўся першы арганізаваны пераход, тэрыторыю цяперашніх Бушаўкі, Рагіні, Антонаўкі і іншых паселішчаў Будакашалёўшчыны пакінулі каля 27 сямей. Сярод іх апынуліся Зубаравы, Суздалевы, Чарняковы, Паўлючэнкавы, Паўлючковы і іншыя. І вось на тэрыторыі сучаснага Вікулаўскага раёна Цюменскай вобласці (Расія) існуюць вёскі Ермакі, Асінаўка і Ялуўка, якія заснавалі нашы землякі. Так за беларусамі ў Сібіры і замацавалася назва «самаходы», што азначае прыйшлі па ўласнай волі і ўласным жаданні. 

    Першы крок

    У сакавіку гэтага года адбылася прэм’ера дакументальнага фільма «Самаходы», які расказаў гледачу аб заходняй Сібіры, дзе і па гэты дзень у вёсках жывуць беларусы. Потым у стваральнікаў карціны з’явілася сумесная ідэя – прывезці герояў фільма на зямлю, пакінутую іх продкамі. І пры сумеснай дапамозе згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Буда-Кашалёўскага райвыканкама, Рагінскага сельскага Савета, адміністрацыі і Цэнтра культуры і вольнага часу Вікулаўскага раёна праект пад назвай «Вяртанне» быў рэалізаваны.

    «Вяртанне»

    Так, у мінулыя выхадныя ў Рагінь прыбыла дэлегацыя з чатырнаццаці чалавек у складзе начальніка Адміністрацыі Ермакоўскага сельскага паселішча Святланы Ажгібесавай, народна-фальклорнага калектыву «Росияночка» і яго кіраўніка Надзеі Вычужанінай.

    Будакашалёўшчына сустрэла гасцей насычанай праграмай. Першы дзень уключаў наведванне музея славы Рагінскай сярэдняй школы, куды беларускія сібіракі перадалі ўнікальныя матэрыялы пра першых перасяленцаў з Ермакоўскага краязнаўчага музею, і Рагінскі цэнтр народнай творчасці.

    У суботу землякі наведалі могілкі ў Рагіні  і  Бушaўцы  з  надзеяй знайсці пахавання сваіх родных, а дапамагла ім у гэтым старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Алексіна, якая суправаджала дэлегацыю ў астатнія дні. Затым гасцям правялі экскурсію па Бушаўскаму дзіцячаму садзе-сярэдняй школе, мясцовай ферме, карціннай галерэі імя Я.Я. Маісеенкі і Чабатовіцкаму цэнтру народнай творчасці. Увечары народны фальклорны ансамбль «Росияночка» зладзіў канцэрт «У песень – родная душа» ў райцэнтры.

    Чацвёртага чэрвеня дэлегацыя з Сібіры ўдзельнічала ў набажэнстве каля храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Рагіні і заклала зямлю, прывезеную з Ермакоў. Затым адбыўся Дзень вёскі, дзе абрады і творчыя нумары прадэманстравалі як мясцовыя калектывы «Крыніца» і «Верасок», так і госці. Скончыўся дзень пасля дэгустацыі самаробнага піва, рэцэпт падрыхтоўкі якога захавалі сібірскія самаходы.

    У панядзелак госці пакінулі наш раён і працягнулі свой шлях па Беларусі.

    У глыбіню душы

    Алена Новікава прыехала, каб аддаць даніну памяці зямлі, якая адпусціла сваіх сыноў і дачок у 1897 годзе шукаць лепшай долі. У архівах Табольска і Цюмені яна знайшла імёны перасяленцаў, сярод якіх апынуліся яе прадзеды Харытон Рыгоравіч Мельнікаў і Ісаак Іванавіч Новікаў.

    – Мая бабуля, Ганна Харытонаўна, Беларусі не памятала, яе перавезлі ў Сібір, калі ёй было ўсяго два гады. Але яна вельмі сумавала па роднай зямлі і марыла пабываць там. І я абяцала, што прывязу на яе магілку ў Ермаках гэтую жменю зямлі. Менавіта з такой місіяй я прыехала на радзіму маіх продкаў, – гаворыць Алена Новікава.

    У Святланы Ажгібесавай гісторыя падобная: яе прадзеда прывезлі ў Сібір у трохгадовым узросце, але карані звязаны з Палашкінымі і Суздалевымі, якія жылі ў Бушаўцы. Як распавёў адзін з самых маладых нашчадкаў Мікалай Вараб’ёў, яго продкі працавалі ў Рагіні на млыне. Таму перш за ўсё пасля перасялення ў Сібір яны пабудавалі яго і там, каб забяспечваць мукой усіх астатніх самаходаў. Гэта сведчыць аб тым, што самабытнасць Беларусі ўраджэнцы перанеслі і захавалі ў паўночна-заходнім рэгіёне.

    – Уклад жыцця, які прывезлі нашы продкі ў Сібір, існуе да гэтага часу. Знаходжанне ў Рагіні яшчэ раз у гэтым мяне пераканала. Будынкі і асабістыя падворкі людзей, нават свята вёскі нагадваюць нашы родныя Ермакі, – кажа Мікалай. – Спадзяюся, з гэтага моманту я буду прыязджаць сюды часцей, сваякоў на Будакашалёўшчыне мы ўжо знайшлі і працягнем шукаць.

    Аб захаваных традыцыйных беларускіх абрадах паведала і Надзея Вычужаніна, якая працуе ў Ермакоўскім сельскім доме культуры. Аказалася, што нават абрад пераносу свечкі беларускіх сібіракоў шмат у чым падобны з нашым: яе таксама кожны год пераносяць з хаты ў хату, прычым усцілаючы шлях саломай.

    – У нашых Ермаках раней нават вуліцы насілі назвы Бушаўка і Рагінь, – адзначае кіраўнік ансамбля «Росияночка», – а бабулі і дзядулі ў Вікулаўскім раёне да гэтага часу гавораць з беларускім дыялектам, і словы «як», «чаго», «куды» ўсё яшчэ гучаць з іх вуснаў. 

    Рыса аднолькавасці

    Яшчэ адной рысай аднолькавасці Ермакоў і Рагіні з’яўляецца храм, які і там насіў назву Свяціцеля Мікалая. Да гэтага (у ХХ стагоддзі) абедзве святыні былі знішчаны. У Ермаках храм спасцігла трагедыя ў маі 1937 года. Менавіта тады ў вокны паляцелі камяні і пачаўся пагром. Разбуралі іканастас, абразы тапталі нагамі, скідвалі ў яр, спальвалі. Камусьці з прыха-джан атрымалася схаваць адзін з іх (таму свечку зараз і пераносяць кожны год), мяркуюць, што гэта былі перасяленцы з Бушаўкі. У 1956 годзе паўразбураны будынак былой Мікольскай царквы пераабсталявалі пад сельскі клуб, а сёння яго і зусім няма, ролю храма выконвае абсталяванае свабоднае памяшканне. Але кажуць, што месца, дзе стаяла царква, травой не зарастае.

    Па аповедах мясцовых жыхароў, у Рагіні таксама раней стаяла царква, і разбурана яна была ў 1929 годзе. Сёння на яе месцы будуецца новы храм. Знайшоўся чалавек, неабыякавы да гісторыі сваёй малой радзімы, і будуе царкву, якая атрымае імя Свяціцеля Мікалая. А лес на будаўніцтва святыні ён прывёз, дарэчы, з Сібіры.

    І калі гісторыя гэтых двух свяцілішчаў такая падобная, то існуе верагоднасць, што і ў Ермаках на месцы старога храма можа быць збудаваны новы, як у Рагіні.

    Ад суму да радасці

    Тры дні я суправаджаў дэлегацыю з Сібіры, і з кожным днём госці станавіліся бліжэй: я перастаў здзіўляцца падабенству нашага побыту, дыялекту і інтарэсам, так як зразумеў: яны такія ж нашчадкі тых беларусаў, што любяць працу, самабытнасць і паважаюць свае карані. Я перастаў здзіўляцца колькасці сродкаў масавай інфармацыі і ліку тых людзей, якія пыталіся пра сваіх сваякоў у Сібіры (а такіх было шмат, паверце, нават у маёй сям’і знайшоўся падобны выпадак). І калі ўсё гэта разумееш і, звяртаючыся да госця, кажаш «зямляк», становіцца сумна, бо такія ж беларусы, як і мы з вамі, жывуць не ў цэнтры Еўропы, а сярод бязмежных лясоў Сібіры… Неверагодна адно, нават там, па-сапраўднаму ў дзікіх і няпростых умовах 120 гадоў назад яны не толькі выхавалі новае пакаленне, але і захавалі старыя традыцыі. А гэта ўжо нагода для радасці.

    Автор: Раман ВЕЖНАВЕЦАвангард

Комментарии (0)