18 Апреля, 2024 Четверг

У пятніцу адбылося развітанне са школай для 112 адзінаццацікласнікаў устаноў адукацыі Бялыніцкага раёна

  • 14 июня 2017 Общество Беларуская 0

    Выпускны вечар з’яўляецца адным з самых значных школьных святаў і, несумненна, самым важным для выпускнікоў і іх бацькоў. Гэта сімвалічнае развітанне з дзяцінствам, якое ўключае ў сябе і апошнія дзіцячыя свавольствы, і ўжо амаль дарослыя прызнанні, планы на будучыню, і, вядома ж, мудрыя наказы на жыццёвую дарогу настаўнікаў і бацькоў.

    У пятніцу адбылося развітанне са школай для 112 адзінаццацікласнікаў устаноў адукацыі раёна. А палове сёмай вечара выпускнікі разам з педагогамі сабраліся на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Усхваляваныя і шчаслівыя, у прыгожых бальных сукенках і строгіх касцюмах, пад апладысменты бацькоў і землякоў яны прайшліся па галоўнай вуліцы горада і накіраваліся ў раённы Цэнтр культуры, дзе рабят чакалі ўрачыстая цырымонія ўручэння атэстатаў аб сярэдняй адукацыі, заслужаных узнагарод за дасягнутыя поспехі, канцэртныя нумары ў выкананні самадзейных артыстаў і саміх віноўнікаў урачыстасці, цёплыя словы віншаванняў. Увесь вечар у зале панавалі атмасфера свята і незабыўныя эмоцыі.

    – Віншую вас з гэтым цудоўным святам. Засталіся ў мінулым адзінаццаць бестурботных школьных гадоў, а наперадзе – тысячы дарог у дарослае жыццё, – сказаў, звяртаючыся са словамі наказу да выпускнікоў, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК. – Якую з іх выбраць, вырашаць толькі вам. Галоўнае, каб гэта дарога была для вас максімальна роўнай, каб на ёй траплялася паменш непераадольных перашкод, а побач плячо ў плячо ішлі вашы надзейныя сябры. Таксама хачу павіншаваць і бацькоў, выказаць ім падзяку за выхаванне дастойных дзяцей і іх вялікі ўклад у вашы дасягненні і поспехі.

    Услед за гэтым на сцэну падняліся выпускнікі, якія свой жыццёвы шлях пачалі з добрага старту – з залатога медаля.

    Андрэй Ганчук уручыў залатыя медалі і атэстаты асобага ўзору Уладзіславу БАРАНАВУ (Цяхцінскі ВПК ДС СШ), Анастасіі ІВАШЧАНКА і Марыне РАШЧУКОВАЙ (СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага), Вользе ПЕТРУШЭНЯ (СШ № 2). Бацькі медалістаў былі ўзнагароджаны падзячнымі лістамі райвыканкама.

    Вядучыя мерапрыемства агучылі віншавальную тэлеграму ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Дзмітрыя ГОБАРАВА. У ёй былі словы віншавання на адрас выпускнікоў, педагогаў, бацькоў, пажаданні ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, энергіі і творчых сіл для заваявання новых вяршынь на жыццёвым шляху.

    З духоўным наказам да рабят звярнуўся і настаяцель храма ў гонар Бялыніцкай іконы Божай Маці айцец Сергій.

    Прыемным сюрпрызам для прысутных стала з’яўленне на сцэне будучых першакласнікаў. Малыя па-дзіцячы шчыра і весела павіншавалі старэйшых таварышаў з іх святам і паабяцалі годна працягваць лепшыя іх традыцыі ў вучобе.

    Завяршылі вечарыну дыскатэкі і гульнявая праграма для выпускнікоў у раённым Цэнтры культуры, СШ №1 і СШ №2.

    …Вось і засталася ў мінулым бесклапотная і вясёлая школьная пара. А наперадзе выпускнікоў чакае дарослае жыццё са сваімі радасцямі і цяжкасцямі. Але школьныя ўспаміны назаўсёды застануцца для іх самымі светлымі і радаснымі.

    У добры шлях, выпускнікі!

    Автор: Андрэй СупіталёўЗара над Друццю
    Теги: 

Комментарии (0)