16 Апреля, 2024 Вторник

Як уціхамірыць шумных суседзяў?

  • 14 июня 2017 Общество Беларуская 0

    Мая суседка знізу прымацавала ізаляцыйнай стужкай кавалкі паралону да сваіх аконных адліваў, каб не надта гучна барабаніў дождж. Яна піша жыхарам суседніх кватэр запіскі, у якіх патрабуе накіроўваць струмень вады ў душы на сцяну, інакш ёй моцна чуваць. Шынкаваць капусту ці, не дай божа, гатаваць адбіўныя трэба, напэўна, на вуліцы, каб не грукацець на кухні. Калі па падлозе прабягае дзіця — увогуле каравул, прывязвайце яго да батарэі… Скаргаў на любы шум у кватэрах у Мінску ахоўнікі правапарадку штодзень прымаюць да сотні.

    «Пустыя» выклікі

    Класіфікацыі гукаў не існуе, аднак умоўна іх можна падзяліць на бытавыя і крымінальныя. Першая катэгорыя — гэта будаўнічыя ды рамонтныя грукі, хадзьба па падлозе і іншае. Калі гэта сапраўды парушэнне, а не проста скарга занадта ўспрымальнага суседа, яно падпадае пад артыкул 21.16 «Парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем», і разбіраюць такія справы камунальнікі.

    Калі ж у кватэры вэрхал, асабліва звязаны з выпіўкай, то грукат ад бойкі і скандал кваліфікуюцца ўжо як наўмыснае парушэнне грамадскага парадку і падпадаюць пад юрысдыкцыю органаў унутраных спраў. За гэта можна прыцягнуць да адказнасці па артыкуле 17.1 «Дробнае хуліганства».

    На кожны выклік наконт шуму абавязкова выязджае нарад міліцыі: незалежна ад таго, дзіцячы плач гэта, сабачае гаўканне ці свідраванне дзіркі. Факт наведвання рэгіструецца, сітуацыю спрабуюць нейкім чынам урэгуляваць, а ўся інфармацыя наконт «бытавога» шуму накіроўваецца ў ЖКГ. Аднак адміністрацыйныя дзеянні не праводзяцца, бо на гэта маюць права толькі камунальнікі. Апытанне сведак і пацярпелых, збор доказаў па бытавых шумах вядуць менавіта яны.

    — Часцей за ўсё на шум скардзяцца людзі пенсійнага ўзросту, якіх раздражняе ўсё навокал. Кажуць, што не могуць заснуць, бо чуюць, як сусед, які ў 22 гадзіны вечара прыйшоў з другой змены, ванну прымае, шафу адчыняе. На дзіцячы тупат скардзяцца. А як можна прымусіць малых хадзіць ціхенька, тым больш што яны павінны насіць абутак з цвёрдай падэшвай і маленькімі абцасікамі, інакш няправільна будзе развівацца ступня, — расказвае Лілія ЕРМАЛАЕВА, дырэктар ЖЭУ №4 Заводскага раёна г. Мінска. — На лета, дарэчы, скаргі на шумы змяншаюцца, бо сталыя людзі раз'язджаюцца па дачах. А з восені пачынаюцца хаджэнні па паліклініках ды ў ЖЭС, каб праверыць камунальныя налічэнні за лета. Памятаю, адзін дзядуля даймаў усіх скаргамі, што ў суседзяў зверху дзеці ўвесь час скачуць ды на трэнажорах займаюцца. Ён стукаў у столь швабрай — дык у яго яна ўся ва ўвагнутасцях. Мы хадзілі да яго суседзяў — ніякіх трэнажораў няма, дзеці звычайныя. Пасля выпадкова высветлілі, што мужчына працаваў у ліцейным цэху, і дагэтуль у яго нешта ў галаве шуміць, а яму здаецца, што ўсе вакол грукаюць. Ды і ўвогуле выклікі па шумах у большасці «пустыя», а ўсе адрасы сем'яў, дзе гулянкі адбываюцца, мы на памяць ведаем.

    «Калі размаўляць, праблем будзе менш»

    Ліміту на скаргі ад грамадзян не існуе, хоць кожны дзень пішы. Аднак, каб скласці пратакол шумавога парушэння, факт павінны пацвердзіць не менш як два сведкі. Калі міліцыя пацвярджае наяўнасць шуму ў сваім рапарце, гэта таксама падстава для пратакола. Парушальніка выклікаюць у ЖКГ для дачы паясненняў. Калі чалавек не прыходзіць або адмаўляецца ад тлумачэнняў, а доказ яго віны ёсць, то складаецца пратакол, копія якога высылаецца грамадзянам дахаты для азнаямлення. Калі чалавек не прыходзіць, справу накіроўваюць у суд. У выніку парушальнік атрымлівае штраф ад адной базавай велічыні да дзесяці.

    — Да грамадзян, якія шумяць і п'юць, мы ходзім пастаянна, і дамовіцца з імі прасцей, яны звычайна пагаджаюцца паводзіць сябе цішэй. Значна больш упартыя і злосныя «прафесійныя» скаржнікі, якія лічаць, што суседзі спецыяльна не даюць ім жыцця. Мы ж з кожнай заявай нанова ходзім і апытваем суседзяў, і ўжо яны раздражняюцца, — падзялілася Лілія Ермалаева. — А бывае, хтосьці перфаратар уключыць увечары ў нядзелю, чалавек адразу ж у міліцыю тэлефануе, а мы шукаем, хто што свідраваў. Калі размаўляць са сваімі суседзямі, праблем будзе менш. Збіраецеся рабіць рамонт — папярэдзьце тых, хто жыве побач, павесьце аб'яву. Упэўнена, з такім падыходам людзі пагодзяцца крыху пацярпець.

    Разам з тым пасля рамонту можна ўласнымі рукамі пагоршыць гукаізаляцыю ў кватэры. Пакласці ламінат не па тэхналогіі, высечы нішу пад халадзільнік ці пральную машыну, вібрацыя ад гулу якіх пойдзе па ўсім стаяку. Аб'яднанне ў адзін пакой некалькіх памяшканняў таксама павялічвае акустыку. Так што, перш чым планаваць нешта, лепш параіцца са спецыялістамі, каб потым не прыйшлося перарабляць наведзеную прыгажосць.

    ЛПП і высяленне як дапамога

    Кватэры, дзе рэгулярна збіраюцца асацыяльныя асобы, знаходзяцца на ўліку.

    — Заканадаўча функцыі міліцыі і камунальнікаў пэўным чынам падзелены, і гэта правільна. Аднак людзі церпяць ад неадэкватных суседзяў, здараецца, і гадамі. Каб дасягнуць найлепшага прафілактычнага эфекту, нам лепш працаваць у звязцы. Так, у красавіку на сямейныя скандалы з 18.00 да 22.00 мы выязджалі сумесна з супрацоўнікамі ЖКГ. А з 7 чэрвеня зноў праводзім такія сумесныя рэйды па ўсіх выкліках. Як паказвае практыка, правапарушэнні звычайна спалучаюцца ў кватэрах, дзе жывуць алкаголікі. Тут не толькі сваркі, а і шумы ад перасоўвання мэблі, даўгі па аплаце паслуг і іншае. Таму за такімі кватэрамі трэба назіраць сумесна, —  лічыць Андрэй ГАЛЕНКА, начальнік аддзялення арганізацыі работы ўчастковых інспектараў міліцыі аддзела прафілактыкі ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама. — У 90% выпадкаў выклікі сапраўды абгрунтаваныя. Пустых заяў, калі скардзяцца на плач дзіцяці, не так шмат. Але, на жаль, ёсць і грамадзяне, якія не разумеюць, што плач дзіцяці — натуральная з'ява, і ўсе праз гэта праходзяць.

    Калі музыка на 4-м паверсе іграе так, што чуваць на 1-м, або ў кватэры пастаянна збіраюцца кампаніі, а суседзям і іх дзецям прыходзіцца слухаць нецэнзурную лаянку, то з такімі людзьмі павінны працаваць супрацоўнікі міліцыі, лічыць прадстаўнік МУС:

    — Кватэра існуе для пражывання, а не для гулянак і бясконцых гасцей. На нашу думку, гэта карыстанне памяшканнем не па прызначэнні. За сістэматычныя парушэнні падобнага кшталту ўладальніка можна прыцягваць па артыкуле 21.16 і пасля складання трох пратаколаў падаваць іск аб высяленні. Толькі такім чынам можна будзе навесці парадак і абараніць інтарэсы ўсяго пад'езда, які пакутуе. Сумесна з ЖКГ мы хочам напрацаваць базу даных, якія падпадаюць пад артыкул «Парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем», каб ініцыяваць высяленне такіх асоб. Тым больш што іх паводзіны яшчэ і небяспечныя для іншых: яны могуць заліць, падпаліць ці атруціць газам сваіх суседзяў. Такіх трэба адсяляць хаця б у інтэрнаты ці памяшканні меншых памераў. Гэта шанц для чалавека задумацца, што ён перайшоў мяжу, і час спыніцца.

    Дзейсная мера для асацыяльных элементаў — адміністрацыйны арышт. У Беларусі захаваліся лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП), што з'яўляюцца вельмі добрым інструментам, які стрымлівае некаторых выпівак. Яны ведаюць, што пасля пэўнай колькасці складзеных на іх пратаколаў могуць на год апынуцца на прымусовай працы. У выніку і суседзі задаволеныя, і сям'я супакойваецца і адпачывае ад сваякоў-скандалістаў. Такім чынам алкаголіку даецца шанц пачаць іншае жыццё і паглядзець на сябе цвяроза.

    Ірына СІДАРОК

    sіdarok@zvіazda.by

    Автор: Ірына СідарокЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)