29 Марта, 2024 Пятница

Мінск спрабуе па-новаму вырашыць праблему перагружаных аўтамабілямi двароў

  • 15 июня 2017 Общество Русский 0

    Шматлікія спробы прывабіць мінскіх аўтаўладальнікаў на платныя ахоўныя паркоўкі і тым самым разгрузіць двары пакуль што не мелі асаблівага поспеху. Магчыма, плён прынясе новая ініцыятыва дзяржаўнага аб’яднання «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі», якая прадугледжвае зніжкі на тарыфы захава-ння транспартных сродкаў для другога і больш аўтамабіляў сям’і. Карэспандэнт «Р» даведалася, ці збіраюцца аўтааматары выкарыстаць гэтую магчымасць.

     З 1 ліпеня зніжкі на трэць ад кошту змогуць атрымаць блізкія сваякі аўтаўладальніка, які заключыў дагавор з ДА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» або аформіў квітанцыю на месяц на захаванне сваёй машыны. Цана захавання складае ў сярэднім 30 рублёў за месяц. Муж, жонка, маці, бацька, сын, дачка кліента змогуць паставіць свой транспартны сродак на гэтую ж стаянку ўжо за 20 рублёў — з улікам 33-працэнтнай зніжкі. Каб яе атрымаць, неабходна прадставіць дакументы, якія пацвердзяць сваяцтва: копіі пасведчанняў аб шлюбе, аб нараджэнні.

    Такі ж падыход будзе прымяняцца да ўласнікаў двух і больш аўтамабіляў, пенсіянераў — ім патрэбна будзе прадставіць копію пенсіённага пасведчання.

    Новаўвядзенне датычыцца аўтамабіляў з дапушчальнай максімальнай масай да 3,5 тоны ўключна і не распаўсюджваецца на індывідуальных прадпрымальнікаў.

    Аўтастаянка № 27 на вуліцы Кнорына невялікая — на 190 машынамесцаў. Аднак і яны занятыя не ўсе. Па словах кантралёра Аляксея, ён зацікаўлены ў тым, каб кліентаў было больш: ад гэтага залежыць памер заробку. Таму спадзяецца, што ініцыятыва аб’яднання прывабіць жадаючых ставіць сваё аўто на стаянцы.

    На Каліноўскага, 117, могуць захоўвацца адначасова 432 аўтамабілі. Пакуль што на аўтастаянцы амаль палова месцаў свабодная, але не выключана, што з 1 ліпеня колькасць машын тут павялічыцца. Ва ўсякім разе, аўтааматар, які пакідае на стаянцы свой сіні «Фальксваген», плануе абавязкова скарыстацца зніжкай:

    — Чаму не? У сям’і дзве машыны, зараз можна будзе і аўто жонкі паставіць!

    Яшчэ два кліенты энтузіязму з нагоды зніжак не выказалі. Адзін не збіраецца пашыраць сямейны аўтапарк, здавольваецца адной машынай. Другі ставіць тут службовы аўтамабіль.

    Зрэшты, на хуткі поспех у ДА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» і не разлічваюць. На думку Пятра Пруднікава, галоўнага інжынера аб’яднання, такая акцыя — гэта, хутчэй, спроба вывучэння попыту:

    — Кантралёры нашых стаянак ведаюць пастаянных кліентаў, размаўляюць з імі. Фактычна яны і збіралі інфармацыю аб пажаданнях людзей. Добра, калі яна падштурхне аўтаўладальнікаў пакідаць машыны на стаянках, а не ў дварах. Калі ж не — будзем шукаць іншыя варыянты.

    Сапраўды, калі аўтамабіль мужа пад аховай, чаму павінна жонка прыслухоўвацца да кожнага гуку за акном? Між іншым, выпадкаў пашкоджання або ўгону машын з ахоўных платных стаянак у апошні час не было. А вось тыя, хто пакідае аўто каля пад’езда або ўздоўж дарогі, рызыкуюць многім — ад крадзяжу або эвакуацыі на штрафстаянку да пашкоджання машыны вандаламі або п’яным вадзіцелем.

     

    Автор: Оксана НЕВМЕРЖИЦКАЯРэспубліка

Комментарии (0)