17 Января, 2025 Пятница

Дзеля чаго беларусы імкнуцца на "першую кнопку"?

  • 19 июня 2017 Общество Беларуская 0

    Ужо некалькі тыдняў АНТ транслюе новы музычны праект расійскага Першага канала «Пераможца», дзе таленавітыя артысты спаборнічаюць за славу і галоўны прыз — 3 мільёны рублёў. Нядаўна там феерычна выступілі і беларускія артысты — гурт Івана Вабішчэвіча, больш вядомага на сцэне як Дзядзя Ваня. Неўзабаве ў Маскве стартуюць праслухоўванні на чарговы сезон «Голасу» (расійская версія сусветна вядомага шоу «The Voіce»), у якім — магу пабіцца аб заклад, — таксама адзначацца беларусы. Чым так вабяць нашых выканаўцаў тэлеконкурсы ў суседніх краінах і ці многім удаецца ўхапіць за хвост птушку шчасця, творчага росту і матэрыяльнага дабрабыту?

     

    Пра «нашых у тэлевізары» гутарым з прадзюсарам, арт-дырэктарам музычнага праекта «Дзядзя Ваня» Інай Радаевай, якая падзялілася са «Звяздой» уражаннямі ад работы экспертам на шоу «Пераможца», растлумачыла, чаму ў Беларусі дагэтуль няма свайго «Голасу», а таксама расклала па палічках схему папулярных айчынных і расійскіх музычных тэлепраектаў.

    — «Пераможца» — праект новы нават для расійскага тэлебачання, не кажучы ўжо пра нас. Для гэтага фармату шукалі артыстаў разнажанравых, далёка не ўсе з якіх маюць конкурсны вопыт, практыку выступлення на вялікіх пляцоўках — сярод канкурсантаў аказалася нямала «сырых», але перспектыўных пачаткоўцаў, кавер-бэндаў і г. д. Спярша музычныя рэдактары расстаўлялі ўдзельнікаў у пары, прыкладна роўныя па жанры і ўзроўні, а далей з кожным выбываючым удзельнікам шоу рабілася ўсё цікавейшае, бо расстаноўку сіл вызначалі ўжо не рэдактары, а жараб'ёўка. Калі ў адным раўндзе сустракаюцца прафесійная спявачка Вольга Кляйн з шалёнай энергетыкай і вельмі вопытны гурт, які не мае вопыту тэлевізійных здымак наогул, — быць аб'ектыўным вельмі складана, і музычныя эксперты (а ў праекце іх 101 чалавек — спецыяльна, каб галасы не маглі падзяліцца пароўну. — Аўт.) часта губляліся.

    Я таксама лавіла сябе на тым, што планка ацэнкі «з'язджае», а ў прафесіі ўсё ж хочацца быць у згодзе з сумленнем, таму ўвесь час трэба было шукаць залатую сярэдзіну. Мы ўсе, маю на ўвазе экспертаў, пасябравалі, але ў плане ацэнак у кожнага быў свой падыход. Прынамсі, я глядзела, наколькі ў таго ці іншага ўдзельніка, незалежна ад вопыту і рэгалій, ёсць перспектыва ў прафесіі. Калі бачыла, што артыст або калектыў можа далей расці, развівацца, быць цікавым гледачу і сабе, галасавала «за»; калі ж адчувалася, што чалавек дасягнуў сваёй столі — што называецца, не крыўдуй, забяры грошы і ідзі. Дарэчы, наконт грошай — асобная цікавая гісторыя. Паводле ўмоў праекта, той з удзельнікаў, хто не ўпэўнены ў сваіх сілах, можа не чакаць вынікаў галасавання, а ўзяць пэўную суму і пакінуць шоу. Дык вось, недзе тры праграмы гэтага ніхто не рабіў, і прадстаўнік галандскай кампаніі — уладальніцы фармату шоу, вельмі здзіўляўся: «Першы раз такое бачу, каб ніхто не браў грошы!» Ці то гэта звышупэўненасць у сваіх сілах, ці перакананне загадкавай славянскай душы ў тым, што ўзяць грошы сорамна… Апошняе, я лічу, архіглупства: не часта Першы канал вось так адразу дае артыстам і эфір, і вельмі прыстойную суму.

    Трэба сказаць, уменне адэкватна сябе ацаніць — вельмі важная якасць для творчага чалавека, і тут я ганаруся нашай суайчынніцай Аленай Пішчыкавай. Яна таксама была ў праекце, вельмі няблага сябе паказала (сачыце за эфірамі, хутка ўбачыце нашу зямлячку ў вельмі прыгожым вобразе!) і, зразумеўшы, што сапернік мацнейшы і ярчэйшы за яе, не разгубілася ў атмасферы тэлевізійнага пафасу і конкурснага мандражу, і ўзяла грошы. Малайчына, паўтару — ганаруся суайчынніцай!

    — Магу зразумець, навошта гэты праект Алене і іншым пачаткоўцам — магчымасць заявіць аб сабе, «раскрутка» і ўсё такое. А вось навошта ён Вані Вабішчэвічу і іншым ужо вядомым беларускім выканаўцам — спроба прабіць столь галавой?

    — Ні ў якім выпадку. У нас абсалютна здаровы, цынічны прафесійны разлік. Нам з Ванем было зразумела, што сёння ніякае музычнае спаборніцтва не дасць яму новых вяршыняў — ён ужо ўсё даказаў, што жадаў, сам сабе і слухачам. Аднак, па-першае, заўжды цікава і карысна паварыцца ў творчай кухні такіх тэлепраектаў, абмяняцца вопытам з іншымі музыкантамі; па-другое, для выканаўцы, арыентаванага на рускамоўную аўдыторыю, эфіры на Першым канале лішнімі не бываюць, як не бывае лішняй і праца з іх — не нашымі — заробкамі.

    — Ты добра ведаеш знутры тэлешоу «Голас», конкурс «Новая хваля», цяпер і «Пераможцу». Паспяховае выступленне ў падобных праектах сапраўды адкрывае нашым артыстам заманлівыя перспектывы?

    Дзядзя Ваня на канцэрце ў Крамлі.

    Дзядзя Ваня на канцэрце ў Крамлі.

     

    — Трэба разумець, што ўсе праекты вельмі розныя. «Новую хвалю», нягледзячы на ўсе пературбацыі з конкурсам, я заўжды буду пяшчотна любіць: за дзесяць дзён не толькі сам артыст, але і ўсе суправаджаючыя «пацярпелыя ад шоу-бізнесу», уся ягоная каманда праходзіць унікальныя творчыя ўніверсітэты, майстар-класы па ўсіх складовых шоу-бізнесу, ад сцэнічнага вобраза да аранжыроўкі. Нічога падобнага таму, што і як робіць каманда Аляксандра Давыдавіча Рэўзіна, я за ўсё доўгае жыццё ў прафесіі не бачыла і штораз з задавальненнем вучуся ў гэтых настаўнікаў. «Голас» вучыць крыху іншым рэчам: там набіраюць прафесійных вакалістаў і вучаць іх спаборнічаць не толькі з сапернікамі, але і з самім сабой, што далей, то рабіць усё лепш, выступаць у камандзе і, галоўнае, вельмі хутка арыентавацца ў сітуацыі і выдаваць вынік. «Пераможца» і, напрыклад, «Галоўная сцэна» маюць больш жорсткі фармат, патрабуючы ўдыхнуць новае жыццё ў старую музыку. На Першым канале наогул вельмі жорсткія ўмовы працы. Усе мае калегі-рэдактары гатовыя ўсяляк дапамагчы, падказаць, спрацаваць на вынік, каб кожны артыст у «скрыні» быў яркім, бо ад гэтага залежаць і рэйтынгі праекта, і іхні прафесійны статус, — але тэрміны вельмі сціслыя, патрабаванні высокія, і калі ты не справішся — прабач, бывай.

    І тым не менш усе гэтыя праекты з'яўляюцца выдатнай стартавай пляцоўкай для заваявання новага гледача і для развіцця сябе, любімага. Здолеў ты скарыстацца шанцам — будзеш мець вынік. Можна засвяціцца ў адным эфіры і запомніцца больш за фіналістаў, тут усе пытанні да самога артыста.

    — Нават самыя наіўныя гледачы здагадваюцца, што на тэлебачанні ўсё не так проста і прыгожа, як паказваюць у кадры: ёсць закулісныя інтрыгі і падводныя камяні. Што варта ўлічваць патэнцыйным зоркам, перш чым кідацца ў расійскія тэлепраекты?

    — Я сказала б, што расійскае тэлебачанне — не такое ўжо зубастае пудзіла, якога трэба баяцца. Але варта разумець, што ў кожным конкурсе ёсць свае фарматныя ўмовы, і пры ўсім тваім таленце і арыгінальнасці цябе могуць мякка, але настойліва папрасіць іх выконваць. Калі артыст гатовы да такіх перамен, яму пяцьдзясят пяць разоў усё дапамогуць і падкажуць. Яшчэ адзін момант: у шоу-бізнесе, як, зрэшты, у бізнесе наогул, існуюць інтрыгі, лабіраванне «сваіх» людзей, і трэба разумець, што на нейкім этапе ты можаш з гэтым сутыкнуцца, уключыць галаву і паспрабаваць абысці падобныя моманты. Трэцяя і, напэўна, галоўная заўвага — да ўдзелу ў праекце трэба загадзя рыхтавацца! Спадарства, сёння на YouTube ёсць усё і пра ўсё, у Іnstagram можна знайсці амаль усіх музычных рэдактараў Першага канала. Адзін з іх пастаянна праводзіць прамыя эфіры і адказвае на пытанні патэнцыйных удзельнікаў таго ж «Голасу», а тэлефон прадзюсара Яўгена Арлова ведае палова Масквы — так што не палянуйцеся пацікавіцца, што ды як. І тады ўсё атрымаецца.

    Эксперты шоу "Пераможца".

    Эксперты шоу «Пераможца».

     

    — Калі параўноўваць беларускія і расійскія праекты знутры — праўда, што нашы больш бяззубыя ў сэнсе крытыкі артыстаў? Маўляў, нікога не хочацца пакрыўдзіць?

    — Ёсць момант крыўдаў і крыўдачак у адказ на крытыку, але не ў гэтым асноўнае пытанне. Я вельмі цёпла ўспамінаю «Акадэмію талентаў» на АНТ, дзе давялося папрацаваць, і мяркую, што гэты праект мог бы не саступіць «Голасу». Але ёсць нюансы, скажам, трансляцыі сігналу — на мантажы бачыш адну карцінку, а на экране — зусім іншую, значна менш якасную, ад якой адразу з'яўляецца адчуванне местачковасці. Другі момант: Расію выручае вялікая геаграфія, а ў нас проста няма такой колькасці прафесійных кадраў, з якімі можна хутка і якасна зляпіць шоу-цукерку. Затое хапае «маладых талентаў», у якіх пасля аднаго-двух тэлеэфіраў з неверагоднай хуткасцю «адрастаюць» і німб, і карона, і пачынаюцца такія капрызы, што мама дарагая! Даводзіцца працаваць з тым, што ёсць. А глядач міжволі параўноўвае тое, што робім мы, і тое, што ён бачыць на расійскіх тэлеканалах, — і, як правіла, параўнанне не на нашу карысць.

    — О, я ведаю дзве самыя частыя рэакцыі гледачоў: «Хто гэтыя людзі?!» — калі артыст чагосьці дасягае ў Беларусі, і «Дык гэта ж наш!» — калі той жа артыст «выстраліў» у расійскім ці ўкраінскім тэлешоу.

    — Яшчэ гадоў пяць-шэсць таму такія рэакцыі вельмі выразна прасочваліся, а сёння, на мой погляд, ужо крыху змазаліся. У прыватнасці, сітуацыя з «Navіband» гэта пацвердзіла. Музыканты яшчэ далёка не архімегавыканаўцы, ім ёсць куды расці, але штосьці ў іх такое шчырае, сапраўднае праявілася, што сёлета выступленне нашых артыстаў на «Еўрабачанні» выклікала пазітыўныя эмоцыі, а не бязглуздую заўсёдную крытыку.

    Дарэчы, калі мы самі сябе звыкла недаацэньваем, то сярод расійскіх дзеячаў шоу-бізнесу існуе меркаванне, што ў нашай краіне неймаверная колькасць таленавітых людзей. На кожным кастынгу многія выхадцы з Беларусі, прычым пераважна з рэгіёнаў, паказваюць сябе так ярка, што проста сківіцу з падлогі падбіраеш. І нават калі яны не трапляюць у канкрэтны праект, іх адзначаюць і запрашаюць потым на розныя фестывалі.

    — На беларускім тэлебачанні няма свайго «Голасу» — таму, што мы яшчэ не дараслі або таму, што ён наогул не патрэбны?

    —Усё значна прасцей: гэта занадта дорага. Беларускія тэлевізійнікі, магчыма, і не замарочваліся б, не выдумлялі ўласныя шоу талентаў, а набылі ўжо гатовы фармат і гналі па накатанай, балазе франшызу сёння могуць сабе дазволіць набыць нават Нігерыя і Ангола. Аднак уласна вытворчасць, прадакшн — кожная перадача выліваецца ў шалёныя грошы, пачынаючы ад тэхнічнага абсталявання пляцоўкі да афармлення, і ніводны з існуючых беларускіх тэлеканалаў проста не пацягне гэтыя ўмовы.

    Баяніст-віртуоз Віталь ВАРАНКО.

    Баяніст-віртуоз Віталь ВАРАНКО.

     

    І ўсё ж асабіста я лічу, што такі праект нам вельмі патрэбны — можа, на раскручаны брэнд прыйшлі б тыя, хто сёння едзе ў Маскву, і ўсе разам зрабілі якаснае беларускае шоу.

    Автор: Вікторыя ЦЕЛЯШУКЗвязда

Комментарии (0)