19 Апреля, 2024 Пятница

Летні ракурс: аздараўленне і занятасць дзяцей

  • 22 июня 2017 Общество Беларуская 0

    У мінулы чацвер адбылася выязная сесія Слуцкага раённага Савета дэпутатаў. Асноўнае пытанне – аб арганізацыі аздараўлення і занятасці дзяцей у летні перыяд. У сесіі прынялі ўдзел старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Эдуардавіч Ліпніцкі, дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Валянцінавіч Рыбак, Вячаслаў Аляксандравіч Казейка, работнікі Слуцкага райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў. Вёў сесію старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Аляксеевіч Ражанец.

    У аздараўленчых лагерах і не толькі

    З інфармацыяй па пытанні выступіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама Андрэй Васільевіч Нядзелька. Аздараўленчая кампанія дзяцей у Слуцкім раёне праходзіць з 1 чэрвеня па 30 жніўня. Як адзначыў Андрэй Васільевіч, асноўная задача падчас летніх канікул – арганізацыя аздараўлення і працоўнай занятасці непаўналетніх розных узроставых груп, карыснага выкарыстання часу, развіцця здольнасцей дзяцей. На падрыхтоўку стацыянарных лагераў накіраваны сродкі з раённага бюджэту прадстаўніцтвам Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. 25 мая завершаны работы па добраўпарадкаванні тэрыторый стацыянарных аздараўленчых лагераў на Случчыне, праведзены касметычныя рамонты памяшканняў, фарбаванне вулічнага гульнёвага і спартыўнага абсталявання, набыта некаторае тэхналагічнае і іншае абсталяванне. Плануецца, што ў дзіцячых дзённых і кругласутачных аздараўленчых лагерах гэтым летам пройдуць аздараўленне звыш 3 660  юных жыхароў. Пад асаблівай увагай – дзеці-сіроты, дзеці-інваліды, непаўналетнія з няўдачных, мнагадзетных сем’яў. У кругласутачных аздараўленчых лагерах у летні час будуць адпачываць 50 дзяцей-сірот, 15 дзяцей-інвалідаў.

    Кругласутачныя дзіцячыя стацыянарныя лагеры на тэрыторыі Слуцкага раёна – «Зорка», «Зенітчык», «Пралеска», на базе ўстаноў адукацыі – 33 аздараўленчыя лагеры дзённага знаходжання. Бацькоўская даплата за пуцёўку ў лагер кругласутачнага знаходжання дзяцей з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ўстаноўлена ў памеры не меней 10% поўнага кошту пуцёўкі. У стацыянарных лагерах на Случчыне будуць арганізаваны тэматычныя і профільныя змены. Профільны аздараўленчы лагер – «Алімпіец» (на базе Слуцкага цэнтра турызму), на базе Гольчыцкай сярэдняй школы арганізаваны лагер працы і адпачынку «Лесавік», на базе Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча – абаронна-спартыўны лагер, з 12 чэрвеня пачаў работу перасоўны палатачны турысцка-краязнаўчы лагер.

    Андрэй Васільевіч Нядзелька спыніўся таксама на рабоце ў летні час устаноў дадатковай адукацыі. У летні перыяд у раёне працуюць 279 аб’яднанняў па інтарэсах для дзяцей і падлеткаў, у якіх будуць займацца 3 980 юных случчан. Шматлікія цікавыя і карысныя мерапрыемствы, акцыі для дзяцей і падлеткаў праходзяць у Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці, Слуцкай СДЮШАР, эколага-біялагічным цэнтры навучэнцаў, цэнтры тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнцкай моладзі, цэнтры турызму, іншых установах дадатковай адукацыі, установах культуры, спорту, у пакоях па месцы жыхарства. У Слуцкай СДЮШАР, цэнтры дзіцячай творчасці дзеці змогуць адпачыць у лагерах з дзённым знаходжаннем. Падчас летніх канікул юныя случчане прымуць удзел у конкурсах і фестывалях не толькі ў Беларусі, але і Польшчы, Славакіі, Эстоніі і  ў іншых краінах.

    Як адзначыў Андрэй Васільевіч, ёсць і некаторыя праблемныя пытанні, аднак яны вырашаюцца, у цэлым створаны неабходныя ўмовы для забеспячэння належнай арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення юных случчан.

    Удзельнікі сесіі наведалі СШ №13, дзіцячыя стацыянарныя лагеры адпачынку «Зенітчык», «Пралеска», пазнаёміліся з умовамі, арганізацыяй занятасці, адпачынку дзяцей. Дырэктар сярэдняй школы №13 Валянціна Вячаславаўна Ралько расказала гасцям пра работу з дзеткамі з асаблівасцямі развіцця, умовамі, створанымі ў школе для такіх дзетак, арганізацыяй  адпачынку, занятасці вучняў школы ў летні час, у тым ліку ў школьным лагеры дзённага знаходжання. Вучні СШ №13 да глыбіні душы кранулі гасцей яркімі нумарамі невялікай канцэртнай праграмы. У лагеры «Зенітчык» на спартыўнай пляцоўцы праходзіла рухавая гульня: дзеці былі захоплены, звонка смяяліся. Як расказала начальнік лагера Юлія Анатольеўна Савановіч, у лагеры цяпер адпачываюць 94 дзіцяці, для іх праводзяцца розныя мерапрыемствы, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, экскурсіі. Арганізавана пяціразовае харчаванне. Як мы пераканаліся, на тэрыторыі лагера, у спальных пакоях, іншых памяшканнях – узорны парадак. Добрае ўражанне пакінула і наведванне лагера «Пралеска» (начальнік Аксана Аляксандраўна Гапановіч). Масу станоўчых эмоцый выклікала наведванне дзіцячага санаторыя «Случ», размешчанага на тэрыторыі Слуцкага раёна, аднаго з лепшых дзіцячых санаторыяў рэспублікі па ўзроўні камфартабельнасці, разнастайнасці медыцынскіх паслуг. З дзейнасцю ўстановы пазнаёміў намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белаграздраўніца» Віктар Аляксеевіч Панамароў.

    Пра добраўпарадкаванне

    У ліку асноўных пытанняў сесіі – аб ходзе выканання рашэння Слуцкага раённага Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2016 года №116 аб сумеснай рабоце выканаўча-распарадчых і прадстаўнічых органаў улады, КУП «Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка» і гаспадарчых аб’ектаў па рашэнні пытанняў добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый. Аб гэтай рабоце праінфармаваў намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Дзмітрый Віктаравіч Бандарэвіч. З мэтай паляпшэння ўборкі, утрымання тэрыторый у Слуцку адпаведным рашэннем Слуцкага райвыканкама ў гэтым годзе яны замацаваны за прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. У мінулым годзе і сёлета ў Слуцкім раёне праведзена 6 суботнікаў – зароблена 165 тысяч рублёў, за сродкі, заробленыя падчас раённых суботнікаў, у гарадскім парку культуры і адпачынку пабудаваны фантан, рэканструяваны будынак аддзела ЗАГС, праводзіцца рэканструкцыя будынка Слуцкага краязнаўчага музея. Асноўны аб’ём работы па добраўпарадкаванні ў раёне  выконвае Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка. Слуцкім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, землеўпарадкавальнай службай рэгулярна праводзяцца праверкі па ўтрыманні тэрыторый, земляў Случчыны. За выяўленыя парушэнні па ўтрыманні тэрыторый санітарнай службай у гэтым годзе на юрыдычных і фізічных асоб накладзены 84 штрафы на суму 5 405 рублёў. Землеўпарадкавальнай службай райвыканкама ў другім паўгоддзі 2016 года і сёлета выяўлена 500 парушэнняў зямельнага заканадаўства, прыняты адпаведныя меры. За неасваенне зямельных участкаў, прадастаўленых для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, забраны 9 зямельных участкаў, усе яны пераразмеркаваны ва ўстаноўленым парадку. Актывізавана работа па барацьбе з баршчавіком Сасноўскага, у мінулым годзе ўдалося зменшыць яго плошчу ў раёне на 0,4 га, сёлета – на 0,25 га. Слуцкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў другім паўгоддзі  2016 года і за пяць месяцаў гэтага года за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 41 юрыдычная і фізічная асобы на суму 4 815 рублёў. Дзмітрый Віктаравіч Бандарэвіч спыніўся на некаторых іншых аспектах добраўпарадчай работы ў раёне.

    Дэпутаты абмеркавалі таксама пытанні: аб замацаванні тэрыторый; аб прысваенні наймення вуліцы і шэраг іншых. З улікам унесеных заўваг і прапаноў па пытаннях сесіі прыняты адпаведныя рашэнні.

    Автор: Наталля СЕЛЯЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)