25 чэрвеня ў Беларусі адзначалі Дзень моладзі. У Слуцку ў гарадскім парку культуры і адпачынку напярэдадні прайшоў шэраг прымеркаваных да свята мерапрыемстваў.
Надвор’е не парадавала, але і не перашкодзіла наведвальнікам парку пазнаёміцца з тэматычнымі пляцоўкамі Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і іншымі. Умеліцы Квасыніцкага цэнтра рамёстваў прадставілі новую калекцыю вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на выстаўцы работ аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, як і заўсёды, прапаноўвалі прыгожыя і карысныя для дома дробязі.
На літаратурным перакрыжаванні «УКантакце з кнігай» увазе чытачоў прапанавалі навінкі літаратуры для цікавага летняга чытання, таксама можна было зрабіць фотаздымак у вобразе літаратурных герояў. Канцэртныя нумары юных артыстаў гарадскога Палаца моладзі дадалі ў дажджлівы дзень нотак пазітыву.
Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва кранулі душу выкананнем песні з сурдаперакладам.
Аматараў фестывалю фарбаў Холі дождж не напалохаў: моладзь весялілася, танцавала, расфарбоўвалася, рабіла сэлфі.
Вечарам у сельскіх установах культуры прайшлі тэматычныя вечары.
Комментарии (0)