13 Октября, 2024 Воскресенье

ААТ "Святая Воля" – на Рэспубліканскай дошцы Гонару

  • 07 июля 2017 Общество Беларуская 0

    29 чэрвеня ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскай дошкі гонару пераможцаў за 2016 год. На яе занесены 68 пераможцаў, якія дасягнулі найлепшых паказчыкаў па выніках работы за мінулы год сярод абласцей і горада Мінска, раёнаў і арганізацый усіх форм уласнасці. Сярод іх 45 вызначаны пераможцамі за дасягненні найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і 23 – за высокія паказчыкі па эканоміі рэсурсаў. ААТ “Святая Воля” стала пераможцам у дасягненні найлепшых паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў і ўпершыню занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару.

    Занясенне на Рэспубліканскую дошку гонару – гэта грамадскае прызнанне працы калектыва сельгаспрадпрыемства, які ўносіць важкі ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё і дабрабыт краіны. І тое, што ААТ “Святая Воля” стала пераможцам на рэспубліканскім узроўні – не выпадковасць, а вынік мэтанакіраванай, зладжанай работы калектыва. ААТ “Святая Воля” – гэта гаспадарка, якая найбольш дынамічна развіваецца не толькі ў раёне, і ў вобласці яна ў ліку перадавых. З рук Прэзідэнта краіны  атрымліваў Уладзімір Любушак Ганаровы дыплом і грашовую прэмію за перамогу ў нарыхтоўцы травяністых кармоў, а механізатар яго гаспадаркі атрымаў ключы ад “Волгі”, Прэзідэнт краіны наведаў на Івацэвіччыне менавіта ААТ “Святая Воля” падчас адкрыцця новага бульбасховішча… За гады кіраўніцтва Уладзіміра Любушака ў гаспадарцы пабудавана пад сотню дамоў сядзібнага тыпу. Да іх падведзены прыродны газ, вадаправод…

    І ў мінулым годзе была ўзята высокая планка. На карову надоена па 7706 кілаграмаў малака, што на 325 кілаграмаў больш, чым у 2015 годзе. Прычым гатункам “экстра” і “вышэйшы” рэалізавана 92,5 працэнта, а за пяць месяцаў сёлетняга года гэтая лічба ўзрасла да 98 працэнтаў. Вырашчана 0,7 тыс. тон буйной рагатай жывёлы, што склала 109,6 працэнта да ўзроўню папярэдняга года. Ураджайнасць – 43,4 цэнтнера з гектара, намалочана 5,7 тыс. тон збожжавых і зернебабовых культур, адпаведна рост склаў 6,1 працэнта. Кармоў, прычым кармоў якасных, нарыхтавана ў разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы – 53,9 ц.к.адз. Тэмп росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі – 110,9 працэнта. Расце выручка ад рэалізацыі прадукцыі і павялічваецца сярэднямесячная зарплата – 716,9 рубля за мінулы год.

    За лічбамі – напружаная работа ўсіх звенняў: ад дырэктара да даглядчыка і слесара. Але што вызначае гэтую гаспадарку з ліку іншых, дык гэта чалавечы фактар. Чалавечнасць тут ва ўсім. І ў адносінах да людзей, і ў людзей – да зямлі і жывёлы. Рабіць як для сябе – такі падыход у каманды аднадумцаў ААТ “Святая Воля”.

    Асновай добрых паказчыкаў з’яўляецца гаспадарскі падыход і планамерная работа па мадэрнізацыі вытворчасці і эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Да прыкладу, толькі летась праводзілася рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы ў в. Вялікая Гаць.

    Уведзена адно памяшканне на 200 галоў, дзе дэманціраваны транспарцёры па гноевыдаленні, жывёла пастаўлена на бяспрывязнае ўтрыманне на глыбокай падсцілцы. На малочнатаварнай ферме ў в. Вялікая Гаць уведзены ў эксплуатацыю цялятнік для ўтрымання нованароджаных цялят да двух месяцаў, памяшканне абсталявана індывідуальнымі клеткамі. Таксама ўведзена ў эксплуатацыю сховішча для захавання грубых кармоў. На малочнатаварнай ферме “Святая Воля” адрамантаваны знешнія сеткі электразабеспячэння, заменены свяцільні, прычым, сіламі электратэхнічнай службы гаспадаркі. І на малочнатаварнай ферме “Турная” свяцільні заменены на энергазберагальныя, заменены і транспарцёры па гноевыдаленні. Аб шырокамаштабным добраўпарадкаванні мехдвара, якое дазволіла стаць пераможцам абласнога агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў, раёнка ўжо пісала. Адно нагадаю, што ўсе работы выкананы гаспадарчым спосабам за ўласныя сродкі гаспадаркі. Устаноўлены прыборы ўліку за расходам паліва на 52 адзінкі сельскагаспадарчай тэхнікі.

    У выніку выкананне мерапрыемстваў па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, павелічэнні выкарыстання мясцовых відаў паліва і другасных рэсурсаў дазволілі гаспадарцы сэканоміць 47,5 тоны ўмоўнага паліва. Выкананне паказчыка па энергазберажэнні склала мінус 13,8 працэнта, пры заданні – мінус 5 працэнтаў.

    – Ці ёсць яшчэ рэзерв для далейшага росту? – пацікавілася ў кіраўніка ААТ “Святая Воля” Уладзіміра Любушака пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Рэспубліканскай дошкі Гонару.

    – Ёсць. Па лізінгу мы закупілі: пагрузчык “Амкадор”, МАЗ з прычэпам, тры трактары МТЗ і іншае абсталяванне, а таксама атрымалі дазвол на закупку імпартнага бульбаўборачнага камбайна за ўласныя сродкі. Хацелася б яшчэ пабудаваць даільны комплекс такі, як у Вялікай Гаці, у Святой Волі, ды і ферму на Турной падцягнуць, каб палепшыць там умовы працы людзей. Ёсць і іншыя задумкі і праекты.

    Упэўнена, яны будуць ажыццяўляцца з падыходам гаспадара, які разумее, што размову з зямлёй і людзьмі трэба весці з любоўю.

    Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.

    Автор: Валянціна БОБРЫКІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)