«Выганашчанская фартэцыя-3»: жанчыны на вайне
«Та страна, что могла быть раем, стала логовищем огня», – гэтыя вершы рускага паэта Мікалая Гумілёва, якія былі ім напісаны падчас ягонай службы ў царскай арміі, дарэчы, калі ён у гады 1-й сусветнай вайны ваяваў менавіта тут, пад Целяханамі, міжволі ўзгадаваліся ў гэты дзень… Але пакінем пакуль паэта-мужчыну Гумілёва: у бягучым годзе ваенна-гістарычны фестываль “Выганашчанская фартэцыя”, што адбыўся 8 ліпеня, меў своеасаблівы ідэйны малюнак. На авансцэну вайны выйшлі… жанчыны. Дзіўна і нязвыкла было бачыць жанчын у ваеннай амуніцыі, якія з вінтоўкамі і рэвальверамі падчас ваенна-гістарычнай рэканструкцыі падзей вайны 1917 года беглі ў атаку на нямецкія пазіцыі...
Так, роўна 100 гадоў назад, 8 ліпеня 1917 года, на тэрыторыі Беларусі ўпершыню ўступіў у бой з германцамі ўдарны жаночы батальён, якім камандавала старшы унтэр-афіцэр Марыя Бачкарова. Некалькі разоў батальён уздымаўся ў атаку, пакуль не выбіў немцаў з іх пазіцый. Дарэчы, ствараліся такія воінскія фарміраванні жанчын з мэтай узняць патрыятычны настрой у арміі і каб уласным прыкладам пасароміць салдат-мужчын, якія адмаўляліся ваяваць. Але, канешне, адносіны да жаночых батальёнаў былі ў большасці скептычныя, тым больш, калі ўлічыць, што ішоў 1917 год… Няпросты час у жыцці краіны. Дастаткова сказаць, што за гэты год на тэрыторыі вялікай Расійскай імперыі чатыры разы змянілася ўлада, над арміяй чатыры разы змяняліся сцягі.
…Цікаўлюся ў Алены Варабей, кіраўніка дабрачыннага фонда “Фартыфікацыі Брэста”, якая падчас рэканструкцыі баявых дзеянняў будзе выконваць ролю Марыі Бачкаровай, а ці не з’яўляюцца іх жаночыя вобразы спробай правесці штучную гераізацыю жанчыны на вайне? Ці так патрэбна сённяшняя “мілітарызацыя” Выганашчаў?
– Выбух і свіст кулі каля скроні здольны працвярэзіць любую гарачую галаву. Мы не спрабуем правесці гераізацыю жанчыны на вайне, а імкнёмся максімальна дакладна паказаць гледачам, што гэта такое – вайна! І чым больш будзе прысутных, тым хутчэй яны зразумеюць, што гэта – страшна. Рэканструктары вайны – самыя мірныя людзі, мы быццам зноў пражываем жыццё тых, хто стаў на абарону Айчыны і многіх з каго, на жаль, ужо забылі…
Пра тое, што падзеі 1-й сусветнай вайны – “белая пляма” ў гісторыі нашай краіны і нашага раёна, гаварыў падчас адкрыцця мерапрыемства намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Велікаселец. А між тым, гэтая вайна моцна зачапіла беларусаў, у тым ліку – жыхароў Івацэвіччыны. Амаль усім ім прыйшлося эвакуіравацца, пасяліўшыся ад Смаленска да Сібіры. Многія дадому не вярнуліся, а хто вярнуўся, дык застаўся без жылля, без маёмасці.
– Многія нашы землякі былі закліканы служыць у рускую імператарскую армію і загінулі на франтах, а непасрэдна лінія фронту праходзіла праз наш раён каля 2,5 года. На тэрыторыі Івацэвіцкага раёна знаходзяцца могілкі рускіх і нямецкіх салдатаў, зроблена многае, каб мы памяталі, што можа прывесці да вайны і якія ахвяры краіне і простаму чалавеку нясе вайна. І сённяшняе мерапрыемства – адна з такіх важных акцый…
Аляксандр Велікаселец падзякаваў за правядзенне свята Целяханскаму сельвыканкаму, філіялу “Целяханскі” ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”, Целяханскаму лясгасу, сельскагаспадарчым прадпрыемствам “Целяханы-агра”, “Горталь”, Выганашчанскай базавай школе, ЛПГ “Выганаўская”, дабрачыннаму фонду “Фартыфікацыі Брэста”, кіраўніцтву гандлёвых сетак “Еўраопт” і “МаrtINN”, валанцёрам і клубам рэканструктараў з Брэста і Мінска… Тут, у Выганашчах, у гэты дзень прайшла памінальная ліція па загінуўшых абаронцах Айчыны, выступілі калектывы мастацкай самадзейнасці Івацэвіччыны, працавала выстаўка гісторыка-краязнаўчага музея.
І вось пачатак ваенна-гістарычнай рэканструкцыі падзей 1-й сусветнай; кожны з гасцей фестывалю мог як на далоні бачыць эпізоды вайны лета 1917-га года: тут і пазіцыйныя баі, і няўдалыя спробы рускай арміі прарваць германскі фронт, акопны быт, вядзенне франтавой разведкі, выкарыстанне атрутных рэчываў германцамі і, канешне, адважная атака ўдарнага жаночага батальёна… Гэтыя падзеі і многія іншыя цікавыя факты для прысутных каментаваў наш зямляк Віктар Дзямянчык, намеснік дырэктара ДНУ “Палескі аграрна-экалагічны інстытут НАН Беларусі”. Віктар Трафімавіч звярнуў увагу на некаторыя аспекты 1-й сусветнай, магчыма, не вельмі добра вядомыя шырокай грамадскасці. Напрыклад, што адной з прычын разлажэння рускай арміі ў 1917-м годзе стала яе “шматпартыйнасць”, якую ўкаранялі бальшавікі; даходзіла да смешнага: загады камандзіра амаль нічога не значылі, бо салдаты – былі створаны Саветы салдацкіх дэпутатаў – галасавалі: ісці ў атаку ці лепш пасядзець у акопах? Часам ваеннаслужачыя не вытрымлівалі такой “дэмакратыі”, станавіліся перабежчыкамі. Нават афіцэры. У той жа час у рускай арміі быў моцны і манархічны настрой, ваявалі самааддана; салдацкае братэрства, пра якое ў апошні час так многа гаворыцца, не вельмі ўхвалялася. Так, калі салдаты рускай арміі накіроўваліся “пабратацца” да немцаў, то іх нярэдка абстрэльвала свая ж артылерыя, звярнуў увагу Віктар Дзямянчык.
Але, у цэлым, 1917 год быў годам, калі ваюючыя бакі ўжо зразумелі поўную бессэнсоўнасць гэтай вайны, асабліва не імкнуліся атакаваць пазіцыі праціўніка. Тым болей, што “вірус” сумнавядомай “акопнай вайны” ахапіў усе франты на Захадзе і Усходзе. Моцна ўмацаваныя абарончыя лініі, доты, бетонныя траншэі… Адзін варожы кулямёт мог спыніць наступленне цэлага палка. Вайна ў 1917-м годзе, так бы мовіць, зайшла ў тупік ва ўсіх кірунках; у Расіі і Германіі наспявалі рэвалюцыі, арміі станавіліся забытымі, салдаты галадалі...
…Прайшло 100 гадоў, новым пакаленням сёння цяжка зразумець, дзеля чаго, якія прынцыпы прымусілі тысячы тысяч людзей – мужчын і жанчын – з гармат, кулямётаў і вінтовак забіваць “ворагаў” – тысячы тысяч на Захадзе або на Усходзе. Прайшоўшы праз гарніла войнаў і рэвалюцый, народы Еўропы, так бы мовіць, ачысцілі свой светапогляд… Вось толькі забываць тых, хто, каб “працвярэзіць” народы, аддаў свае жыцці, мы не маем права. Каб жахлівыя радкі Мікалая Гумілёва, з якіх мы пачалі гэты артыкул: “Та страна, что могла быть раем, стала логовищем огня…” – заставаліся напамінкам і кірункам, каб Беларусь наша стала раем і ніколі – “логовищем огня”.
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
Комментарии (0)