27 Апреля, 2024 Суббота

Карэспандэнт пад выглядам работніка "Белэнерга" змог трапiць ў кватэры даверлівых мiнчан

  • 17 августа 2017 Общество Русский 0

    Вясной гэтага года ў «Белэнерга» сталі паступаць першыя паведамленні з Віцебска і Полацка пра тое, што, маўляў, іх супрацоўнікі навязваюць праверку і наступную замену электрычных лічыльнікаў. Але ў арганізацыі грамадзян папярэдзілі: такіх планавых пакватэрных праверак іх работнікі не праводзяць. Ужо ў  пачатку жніўня няхітрыя прадпрымальныя асобы засвяціліся ў Гомелі і Мінску: напрыклад, яны завіталі да мінскай пенсіянеркі, хуценька аформілі паперы — яна нават не паспела апамятацца, як засталася з выстаўленым рахункам у 220 рублёў.

     — «Белэнерга», каб пазбегнуць пашырэння маштабаў ашуканскай сеткі, на сваім афіцыйным сайце паведамiла пра такія выпадкі махлярства, — расказаў Аляксандр Малькоў, начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела ДВА «Белэнерга».

    Карэспандэнт «Р» высвятляў, ці лёгка ўвесці ў зман нашых спажыўцоў: ён прадстаўляўся гаспадарам кватэр супрацоўнікам «Белэнерга» і прапаноўваў ім замяніць лічыльнікі.

    Дом на Захарава. Каб пазбегнуць непрыемнасцей, мяне суправаджае ўчастковы інспектар міліцыі лейтэнант Яўген Хоміч. Варта адразу адзначыць, што апрануты я цалкам у цывільнае адзенне, без спецвопраткі, пасведчання пры мне няма, а гэта, між іншым, абавязковыя атрыбуты супрацоўніка «Белэнерга». За плячыма ў мяне сумка, у руках — нататнік для паважнасці.

    Званю ў першыя дзверы. Адчыняе з густам апранутая пажылая жанчына. Прадстаўляюся супрацоўнікам «Белэнерга». Пенсіянерка адразу ж з парога запрашае зайсці ў кватэру і прапануе пачаставаць гарбатай — ад такой гасціннасці я спачатку трохі губляюся. Праходзім у залу. У кватэры мы не адны, але астатнія члены сям’і чымсьці занятыя на кухні, нават не ўнікаюць, што за госць з'явіўся.

    Гаспадыня ўважліва мяне выслухоўвае і, калі я настойваю на замене лічыльніка, ахвотна згаджаецца. Сумненняў у маёй кампетэнтнасці ў яе чамусьці няма. Больш не ў сілах уводзіць у зман лагодную бабульку, «здымаю маску» і клікаю Яўгена, які чакае на лесвічнай клетцы. Ён знаёмы з бабуляй:

    — Аляўціна Васільеўна, ну нельга ж быць такой даверлівай, — звяртаецца да гаспадыні лейтэнант.

    — У мяне адчынены дзверы для ўсіх, — апраўдваецца тая. — Вось у савецкі час людзі больш адзін аднаму давяралі.

    Цікаўлюся ўзростам пенсіянеркі — 92 гады, адразу і не скажаш! Жадаем Аляўціне Васільеўне моцнага здароўя і заклікаем быць больш пільнай.

    Паднімаемся на наступны паверх. Званю, на парозе кватэры з’яўляецца сонны малады чалавек. Выдаю як з кулямёта завучаную легенду. Хлопец пад маім ціскам нават не паспявае ўставіць слова. Я працягваю імправізаваць: прыкмеціў, што ў доме лічыльнікі ўстаноўлены нядаўна, на падставе гэтага завязваю дыялог:

    — Бачу, новыя лічыльнікі.

    — Так, ім год.

    — А суседзі скардзяцца, што яны барахляць.

    Тут малады чалавек нечакана падхоплівае:

    — Ведаю пра гэта, скардзіліся.

    — Мне неабходна забраць лічыльнік на праверку, замест яго іншы паставім на час.

    Хлопец не мае нічога супраць, гатовы падпісаць, дзе трэба, абы хутчэй ад мяне пазбавіцца…

    У наступнай кватэры мяне сустракае жанчына сярэдніх гадоў, у зале гучна працуе тэлевізар, на кухні сквірчыць мяса. Пачынаю дыялог, да якога падключаецца і гаспадар кватэры. Сямейная пара больш азадачана тым, каб паставілі спраўныя лічыльнікі, а што іх збіраецца ставіць «засланы казачок», упарта не заўважае. Запэўніваю суразмоўцаў: «Зараз дэманціруем лічыльнік, а паказанні занясём у пашпарт, але бланкаў, праўда, з сабой няма». І толькі пасля гэтага мужчына пытаецца пра маё пасведчанне.

    Падчас эксперымента я натыкнуўся толькі на адну кватэру, дзе мяне адразу паставілі на месца. Жанчына вяла дыялог з-за прычыненых дзвярэй, за якiмi падаваў голас, як высветлілася, бультэр'ер. Яна з парога заявіла: «Нас ніхто не папярэджваў, лічыльнік у вольным доступе, ідзіце глядзіце». Махляр адразу б зразумеў, што тут яму лавіць няма чаго. А яна пасля растлумачыла:

    — Выпрацаваўся імунітэт — часта даймаюць «фiльтршчыкі» ды «аконшчыкi».

    Наш эксперымент паказаў, што мінчане без цяжкасцей адкрываюць доступ у сваё жыллё незнаёмцам. Зразумела, што пры такім раскладзе махлярам – раздолле. Чым яны і карыстаюцца.


    КАМПЕТЭНТНА

    Афiцыйны прадстаўнiк ГУУС Мiнгарвыканкама Кацярына Вяршыцкая: 


    — Махлярства — гэта складаная катэгорыя злачынстваў, таму што даказваць тут неабходна не дзеянне, а намер. Таму грамадзянам, каб засцерагчы сябе, варта заўсёды правяраць дакументы людзей, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі розных дзяржарганізацый, і тым больш прыватных кампаній. У выпадку калі такі супрацоўнік падаўся вам падазроным, варта паведаміць пра яго ў міліцыю — будзе праведзена праверка.

     

    Автор: Илья КРАСОВСКИЙРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)